Учора, 22 лютага, у апошні дзень Алімпійскіх гульняў у Італіі былі разыграныя 5 апошніх камплектаў узнагарод.

У фрыстайле ў жаночым хафпайпе перамогу здабыла кітаянка Гу Айлін. Для Гу гэта трэці медаль на гэтых Гульнях – да гэтага ў яе былі срэбныя ўзнагароды ў слоупстайле і біг-эйры. Айлін стала самай тытулаванай фрыстайлісткай у гісторыі – у яе 6 узнагарод. Да гэтага па колькасці алімпійскіх медалёў яна дзяліла першае месца з канадскім фрыстайлістам Мікаэлем Кінгсберы.
Спаборніцтвы па фрыстайле з’явіліся ў праграме Алімпійскіх гульняў у 1992 годзе.
1. Гу Айлін (Кітай) – 94,75
2. Лі Фанхуэй (Кітай) – 93,00
3. Зоі Аткін (Вялікабрытанія) – 92,5
У жаночым лыжнам мас-старце класічным стылем на 50 км перамогу здабыла прадстаўніца Швецыі Эба Андэрсан. Гэта першае золата Алімпіяды ў яе кар’еры. На гэтых Гульнях яна да гэтага заваёўвала 3 срэбныя ўзнагароды.
1. Эба Андэрсан (Швецыя) – 2.16.28,2
2. Хэйдзі Венг (Нарвегія) – 2.15,3
3. Надзя Келін (Швайцарыя) – 6.41,5
Расейская лыжніца Дар’я Няпраева была дыскваліфікавана па выніках гэтага марафону. Няпраева прыйшла да фінішу 11-й, але па ходзе гонкі пераблытала боксы падчас піт-стопа. Расейка заехала ў 12-ы слот, хаця мела 14-ы стартавы нумар, і памылкова забрала інвентар нямецкай гоншчыцы Катарыны Хеніг. Вердыкт пра дыскваліфікацыю журы вынесла ўжо пасля завяршэння спаборніцтваў.
У мужчынскім бабслеі пераможцамі ў чацвёрках сталі прадстаўнікі Германіі Ёханэс Лохнэр, Торстэн Маргіс, Ёрн Венцэль і Георг Флейшхаўэр. Срэбра заваявалі іх суайчыннікі Фрырдзіх Франчэска, Матыяс Зомер, Аляксандр Шюлер і Фелікс Штраўб.
1. Ёханэс Лохнер, Торстэн Маргіс, Ёрн Венцэль, Георг Флейшхаўэр (Германія) – 3.37,57
2. Фрырдзіх Франчэска, Матыяс Зомер, Аляксандр Шюлер, Фелікс Штраўб (Германія) – 0,57
3. Міхаэль Фогт, Андрэас Хаас, Амаду Давід Ндыяе, Марыа Эберхард (Швайцарыя) – 1,07
Торстэн Маргіс увайшоў у гісторыю як першы пяціразовы пераможца Алімпійскіх гульняў у бабслеі.
Свае першыя чатыры ўзнагароды вышэйшай пробы Маргіс здабыў у тандэме з пілотам Франчэска Фрыдрыхам – ён перамагаў у двойках і чацьвёрках на Гульнях у Пхенчхане-2018 і Пекіне-2022. Перад пачаткам сезона-2024/25 Торстэн перайшоў у каманду Лохнера.
Зборная Германіі стала лідарам медальнага заліку ў бабслеі на гэтай Алімпіядзе, здабыўшы найбольшую колькасць узнагарод у гісторыі спаборніцтваў. На рахунку нямецкіх спартоўцаў восем медалёў – тры залатыя, чатыры срэбныя і адзін бронзавы. Такім чынам яны перасягнулі ўласны паказчык 2022 года, калі зборная заваявала сем медалёў. Тры залатыя медалі таксама паўтараюць рэкорд Алімпійскіх гульняў у бабслеі. Нямецкая зборная дасягала такога выніку ў 2006, 2018 і 2022 гадах.
На гэтай Алімпіядзе разыгралі чатыры камплекты ўзнагарод: па два сярод мужчын і жанчын.
Медальны залік бабслея на Алімпіядзе-2026:
1. Германія – 3 золата + 4 срэбра + 1 бронза = 8 узнагарод;
2. ЗША – 1 + 0 + 2 = 3;
3. Швайцарыя – 0 + 0 + 1 = 1.
Учора было разыгранае золата сярод жаночых каманд у кёрлінгу. Зборная Швецыі абыграла Швайцарыю з лікам 6:5. Швецыя чацвёрты раз здабыла золата Алімпіяды ў жаночым кёрлінгу.
Раней зборная Канады перамагла ЗША з лікам 10:7 і атрымала бронзу.
І нарэшце ў фінале хакейнага турніру сярод мужчын ЗША перамаглі Канаду ў авертайме з лікам 2:1. Шайбы: 0:1 – Болдзі (Мэцьюс, Х’юз, 06:00), 1:1 – Макар (Тэйвз, 38:16), 1:2 – Х’юз (Веранскі, 61:41).
Канадцы – 9-кратныя алімпійскія чэмпіёны па хакеі. Зборная ЗША здабыла золата ў трэці раз.
А напярэдадні Фінляндыя разграміла Славакію з лікам 6:1 ў матчы за бронзу.
Для амерыканскіх хакеістаў гэта першы залаты медаль Алімпіяды з 1980 года. Таксама камандзе дасталася золата ў 1960 годзе. Срэбра Алімпіяды ЗША атрымлівалі 8 разоў – у 1920, 1924, 1932, 1952, 1956, 1972, 2002, 2010 гадах. Бронзу – у 1936-м. Джэк Х’юз стаў аўтарам пераможнай шайбы. Нападаючы зборнай Канады Конар Макдэвід стаў найлепшым гульцом алімпійскага хакейнага турніру. Ён набраў 13 ачкоў па сістэме гол+пас (2 галы, 11 асістаў), што з’яўляецца рэкордам для Алімпіяд з гульцамі НХЛ у складзе. Маклін Селебрыні стаў найлепшым снайперам з 5 галамі. У агульнай складанасці на яго рахунку 5+5 па сістэме гол+пас.
Па выніках Алімпіяды нарвежцы здабылі 41 медаль, сярод якіх 18 залатых, 12 срэбных і 11 бронзавых, і чацьвёрты раз запар выйгралі алімпійскі медальны залік.
Польшча заваявала тры срэбры і адну бронзу і размясцілася на 21 радку.
Беларусы ўпершыню ў суверэннай гісторыі ўзнагарод не атрымалі.
Медальны залік XXV зімовых Алімпійскіх гульняў:
1. Нарвегія – 41 (18 + 12 + 11)
2. ЗША – 33 (12 + 12 + 9)
3. Нідэрланды – 20 (10 + 7 + 3)
4. Італія – 30 (10 + 6 + 14)
5. Германія – 26 (8 + 10 + 8)
6. Францыя – 23 (8 + 9 + 6)
7. Швецыя – 18 (8 + 6 + 4)
8. Швайцарыя – 23 (6 + 9 + 8)
9. Аўстрыя –18 (5 + 8 + 5)
10. Японія – 24 (5 + 7 + 12)
Беларусы – 0
Наступная Зімовая Алімпіяда пройдзе ў французскіх Альпах. Гульні пройдуць з 8 да 24 лютага 2030 года. Францыя чацвёрты раз правядзе зімовую Алімпіяду. Гульні-1924 праходзілі ў Шамоні-Мон-Блан, у 1968 – у Грэноблі і ў 1992 – у Альбервілі.
«Сан-Дыега» на выездзе абыграў «Ракфард» з лікам 5:4 у матчы АХЛ. 21-гадовы беларускі нападаючы пераможцаў Ягор Сідараў граў на левым фланзе чацвёртага звяна. У бягучым сезоне ўраджэнец Віцебска правёў 47 матчаў, у якіх набраў 25 (13+12) ачкоў, зарабіў 32 хвіліны штрафнога часу пры паказчыку карыснасці «-8». 22-гадовы беларускі абаронца прайграўшых Дзмітрый Кузьмін гуляў у трэцяй пары абароны. На 46-й хвіліне сустрэчы ён вызначыўся асістам, набраўшы 1 (0+1) па выніках сустрэчы дзейсны бал. У бягучым сезоне ён правёў 36 матчаў, набраў 9 (4+5) ачкоў, мае паказчык карыснасці «0» і 11 хвілін штрафнога часу.
У польскай футбольнай Экстракласе на выходных былі згуляныя матчы 22 тура. Глівіцкі «Пяст» Германа Баркоўскага прайграў з лікам 1:2 «Матору» з Любліна. Беларускі форвард выйшаў у асноўным складзе, але быў заменены на 62 хвіліне гульні. Катовіцкі «ГКС» Іллі Шкурына ў Гдыне таксама прайграў з лікам 1:2 «Арцы». Беларускі форвард выйшаў на поле на 73 хвіліне, але таксама не здолеў дапамагчы сваёй камандзе. Беластоцкая «Ягелонія» згуляла ўнічыю 1:1 з радамскім «Радамякам». Голам у складзе беластачан адзначыўся Хесус Імаз, які параўняў лік на 64 хвіліне матча. «Ягелонія» з 37 ачкамі і гульнёй у запасе мае адрыў ад пазнаньскага «Леха» ў два ачкі і лідзіруе ў чэмпіянаце. «ГКС» на 12-м радку, «Пяст» на 14-м.
У Баку прайшлі спаборніцтвы па скачках на батуце ў рамках першага этапа Кубка свету. У індывідуальных скачках сярод мужчын перамог беларускі батутыст Андрэй Буйлаў, апярэдзіўшы бліжэйшага суперніка Максіма Дзідзенку з Расеі амаль на чатыры балы. Пры гэтым двухразовы алімпійскі чэмпіён і падпісант за лукашэнкаўскі рэжым Іван Літвіновіч не змог завяршыць камбінацыю і стаў 7-м. Іншая беларуская батутыстка Яна Лебедзева была найлепшай у кваліфікацыі індывідуальных скачкоў сярод жанчын і заваявала золата. Срэбную медалістку Сельджан Магсудаву з Азербайджана нашая спартоўка апярэдзіла амаль на бал. Яшчэ адна нашая спартоўка Віялета Бардзілоўская заняла сёмае месца сярод васьмі ўдзельніц фіналу.
Іван Літвіновіч і Андрэй Буйлаў здабылі перамогу ў сінхронных скачках. Таксама ў спаборніцтве ўдзельнічалі дуэты з ЗША, Расеі, Азербайджана, Казахстана і Турцыі. Праграму спаборніцтваў у Баку завяршыў фінал у змешаных сінхронных скачках, у якім прынялі ўдзел Іван Літвіновіч і Яна Лебедзева. Яны сталі ўладальнікамі срэбра, саступіўшы брату і сястры Магсуду і Сельджан Магсудавым з Азербайджана. Па выніках першага этапа Кубка свету па скачках на батуце ў Баку беларусы заваявалі чатыры медалі: тры залатыя і адзін срэбны.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






