Пасля фінішу мужчынскага чэмпіянату Беларусі па гандболе названы найлепшыя гульцы. У сімвалічную зборную ўвайшлі: брамнік Дзяніс Забалоцін (“Мяшкоў Брэст”), левы паўсярэдні Дзмітрый Хмялькоў (СКА, Менск), правы паўсярэдні Арцём Рабушка (“Машэка”, Магілёў), лінейны Вячаслаў Шумак (“Мяшкоў Брэст”), левы кутавы Эдуард Яраш (“Мяшкоў Брэст”), правы кутавы Яўген Нікановіч (СКА, Менск), і разыгрываючы Ігар Бяляўскі (СКА, Менск). Найлепшым бамбардзірам стаў Іван Зінейкін (БДУФК-СКА, Менск), які ў 30 матчах закінуў 222 мячы (у сярэднім 7,4 гола за адзін паядынак). Усе лаўрэаты 32-га нацыянальнага чэмпіянату атрымалі прызы ад БФГ. У гэтым сезоне свой 16-ы чэмпіёнскі тытул заваяваў “Мяшкоў Брэст”, які тройчы запар абыграў у залатой серыі менскі СКА. Уладальнікамі бронзавых узнагарод сталі гандбалісты гарадзенскага “Кронана”, якія адолелі ў серыі за трэцяе месца БДУФК-СКА з лікам 3:2.
Расеец Падкарытаў пакінуў «Металург»
26-гадовы расейскі форвард Аляксандр Падкарытаў пакінуў «Металург». Нападнік паспрабуе працаўладкавацца ў Расеі. Правы на нападніка ў экстралізе замацаваныя «Металургам». Падкарытаў згуляў 73 матчы, у якіх набраў 45 (19+26) ачкоў.
Беларускія гімнасткі заваявалі пяць медалёў на міжнародным турніры ў Партугаліі
Беларускія грацыі паспяхова выступілі на прадстаўнічым міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы ў партугальскім Партымаа. У актыве нашай каманды пяць медалёў – два залатыя і тры срэбраныя. Па выніках шматбор’я на другую прыступку п’едэстала ўзнялася Лізавета Зоркіна. У дзясятцы наймацнейшых фінішавалі яшчэ дзве беларускі – Дар’я Ткачова заняла шостае месца, а Аліна Рэчкіна стала восьмай. У заключны дзень спаборніцтваў нашы грацыі дадалі чатыры ўзнагароды ў фіналах асобных відаў. Лізавета Зоркіна перамагла ў практыкаванні з булавамі, а таксама паказала другія вынікі ў праграмах з абручом і мячом. Не засталася без медаля найвышэйшай пробы і Дар’я Ткачова, якая лепш за ўсіх справілася з мячом. Турнір па мастацкай гімнастыцы ў Портымаа – адзін са старэйшых у Еўропе, у бягучым годзе спаборніцтвы прайшлі 31-ы раз.
Маўрынью хоча ў другі раз узначаліць «Манчэстэр Юнайтэд»
Партугальскі трэнер Жазэ Маўрынью хоча вярнуцца ў «Манчэстэр Юнайтэд». Як паведамляе Manchester Evening News, пра гэта ён распавёў свайму найбліжэйшаму атачэнню. Маўрынью з’яўляецца сябрам саўладальніка клуба Джыма Рэткліфа. Але, нягледзячы на гэта, манкуніянцы не жадаюць паўторна прызначаць Жазэ галоўным трэнерам. Нагадаю, Маўрынью ўзначальваў «Манчэстэр Юнайтэд» з ліпеня 2016-га па снежань 2018-га. Ён разам з камандай выйграваў Кубак лігі, Суперкубак Англіі і Лігу Еўропы. У сярэдзіне студзеня яго звольнілі з «Ромы».
Футбалісты “Барусіі” і ПСЖ вызначаць першага фіналіста Лігі чэмпіёнаў
Першы фіналіст футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначыцца сёння ў Парыжы. У паўфінальным матчы ў адказ на поле “Парк дэ Прэнс” чэмпіёны Францыі прымуць дортмундскую “Барусію”. На мінулым тыдні ў Германіі гаспадары выйгралі з мінімальнай перавагай – на 36-й хвіліне гульні Ніклас Фюлькруг прынёс перамогу “Барусіі” – 1:0. У іншай паўфінальнай пары ўсё вырашыцца заўтра на арэне “Санцьяга Бернабеу” ў іспанскай сталіцы, дзе мадрыдскі “Рэал” сустрэнецца з мюнхенскай “Баварыяй”. Іх першы паядынак на полі нямецкага клуба завяршыўся баявой нічыёй – 2:2.
Беларускае Радыё Рацыя