BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Нёман” абыграў “Гомель” і скараціў адставанне ў чвэрцьфінальнай серыі

У нядзелю ў гарадзенскім лядовым палацы адбыўся пяты паядынак у серыі першага раунда плэй-оф беларускай экстралігі паміж хакеістамі “Нёмана” і “Гомеля”. Закінутымі шайбамі за гарадзенцаў адзначыліся Арцём Ляўша, Максім Цыбін і Арцём Кіслы. Такім чынам, 3:0 у пятым паядынку і 2:3 у серыі – гэта азначае, што каманды вернуцца ў Гомель, дзе правядуць гульню пад нумарам шэсць. У выпадку перамогі падначаленых Яўгена Летава ў аўторак будзе прызначаны вырашальны сёмы матч, які адбудзецца на пляцоўцы “Нёмана” 21 сакавіка.

“Шахцёр” адолеў футбалістаў “Віцебска” ў апошнім матчы 1-га тура чэмпіянату Беларусі

Салігорскі “Шахцёр” дамогся перамогі ў заключным паядынку стартавага тура 34-га чэмпіянату Беларусі па футболе. Гуляючы ў Салігорску, гаспадары выйшлі наперад у сярэдзіне першага тайма, калі вызначыўся Дзяніс Кавалевіч. На 66-й хвіліне падначаленыя Станіслава Суворава маглі павялічыць сваю перавагу, але капітан каманды Валон Ахмедзі не рэалізаваў пенальці. Да канца сустрэчы вынік не змяніўся – 1:0 на карысць “Шахцёра”. З такім жа лікам завяршыліся яшчэ два матчы: уладальнік срэбра мінулага чэмпіяната жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” выйграла ў дзяржынскага “Арсенала”, а барысаўскі БАТЭ адолеў футбалістаў “Менска”.

Чэмпіёны краіны футбалісты менскага “Дынама” пачалі новае першынства з буйной хатняй вікторыі над “Смаргонню” – 5:0. Срэбраны прызёр гарадзенскі “Нёман” таксама на сваім полі здабыў валявую перамогу над наваполацкім “Нафтанам” – 2:1. У Мазыры мясцовая “Славія” абыграла магілёўскі “Днепр” з лікам 2:0. Яшчэ два паядынкі завяршыліся ўнічыю з аднолькавым лікам 1:1 – “Іслач” (Менскі раён) “Дынама” (Берасце) і “Слуцк” – “Гомель”.

“МЮ” у дадатковы час вырваў перамогу ў “Ліверпуля” ў Кубку Англіі

У 1/4 фіналу Кубка Англіі «Манчэстэр Юнайтэд» вырваў перамогу ў «Ліверпуля». Гульня на стадыёне «Олд Трафард» завяршылася з лікам 4:3 на карысць «Манчэстэр Юнайтэд» у дадатковы час. “Манчэстэр Юнайтэд” выйшаў наперад ужо на 10-й хвіліне. У складзе гаспадароў забіў паўабаронца Скот Мактомінэй. Госці пад заслону тайма не толькі адыграліся, але і павялі. На 44-й хвіліне забіў хаўбек Алексіс Мак Алістэр, а праз тры хвіліны вызначыўся нападнік Махамед Салах. У канцоўцы другой паловы гаспадары параўнялі лік. У іх складзе забіты мяч у свой актыў запісаў вінгер Антоні. Такім чынам, асноўны час сустрэчы завяршыўся ўнічыю – 2:2. У першым дадатковым тайме “Ліверпуль” зноў вырваўся наперад. Гэтаму на 105-й хвіліне паспрыяў паўабаронца Харві Эліат. На 112-й хвіліне Маркус Рашфард параўняў лік. У кампенсаваны да другога экстра-тайму час «Манчэстэр Юнайтэд» вырваў перамогу намаганнямі Амада Дыяла і выйшаў у паўфінал Кубка Англіі.

У матчы 29-га тура іспанскай Прымеры “Атлетыка” ў Мадрыдзе быў разгромлены каталонскай “Барселонай” 0:3. У першым тайме адзначыўся Фелікс, які належыць “Атлетыка”, а ў другім тайме справу да разгрому давялі Роберт Левандоўскі і Фермін Лопес. Пасля 29-га тура “Барселона” набрала 64 ачкі. Каталонская каманда займае другое месца ў турнірнай табліцы. Што тычыцца “Атлетыка”, то з 55 ачкамі мадрыдскі клуб займае пятую пазіцыю.

“Інтэр” і “Напалі” не выявілі пераможцу ў матчы 29-га тура Серыі А – 1:1. На гол Дарміяна ў першым тайме адказаў Жэсус на 81-й хвіліне. Пасля 29 тураў чэмпіянату Італіі “Інтэр” набраў 79 ачкоў і займае першае месца. “Напалі” зарабіў 45 ачкоў і размяшчаецца на сёмым радку.

У матчы 26-га тура французскай Лігі 1 «Манпелье» прайграў «ПСЖ» з разгромным лікам 2:6 – Мбапэ аформіў хет-трык. “ПСЖ” займае першае месца ў турнірнай табліцы Лігі 1. Каманда набрала 59 ачкоў за 26 матчаў. «Манпелье» знаходзіцца на 14-м месцы, зарабіўшы 26 ачкоў.

Сасновіч прайграла ў кваліфікацыі турніру WTA-1000 у Маямі

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч не змагла прабіцца ў асноўную сетку турніру WTA-1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 8 мільёнаў 700 тысяч даляраў. У паядынку першага кваліфікацыйнага раунда беларуска, якая займае 97-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў дзвюх партыях прадстаўніцы Сербіі Аляксандры Круніч, у якой 630-я пазіцыя, – 1:6, 6:7 (4:7).

Ёханэс Бё выйграў мас-старт на этапе Кубка Свету у Канморы

Нарвежскі біятланіст, пяціразовы алімпійскі чэмпіён Ёханэс Бё выйграў мас-старт на заключным этапе Кубка свету ў канадскім Канморы. Спартовец на чатырох агнявых рубяжах дапусціў толькі адзін промах. Другім да фінішу прыйшоў іншы прадстаўнік Нарвегіі, Ёханэс Дале-Шэўдал. Замкнуў тройку лідэраў француз Эмільен Жаклен.

Італьянка Ліза Вітоцы выйграла агульны залік Кубка свету па біятлоне, хоць апошняя гонка ў італьянкі не склалася: з пяццю промахамі на агнявых рубяжах Ліза фінішавала толькі 21-й. Аднак запасу па ачках хапіла, каб утрымаць першую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі. Перамогу ў нядзельным мас-старце святкавала францужанка Лу Жанмона, якая дзякуючы гэтаму поспеху заваявала малы глобус у гэтай дысцыпліне. На другім радку размясцілася Янін Хэціх-Вальц з Германіі, тройку лепшых замкнула яшчэ адна прадстаўніца Францыі Жылон Гігана.

Беларускае Радыё Рацыя