
На пярэднім плане Іван Садаўнічы (“Нёман”)
Учора двума матчамі пачаўся 4-ы тур чэмпіяната Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. «Віцебск» з «Іслаччу» у сваёй сустрэчы выдалі сапраўдную галевую феерыю, забіўшы на дваіх 6 галоў з нічыйным вынікам 3:3. А вось гарадзенскі «Нёман» на сваім полі перамог «Слуцк» з лікам 2:1. Тут можна адзначыць хіба што гол гарадзенскага футбаліста Івана Садаўнічага ў рэдкім стылі – ударам пяткаю праз сябе, так званы «удар скарпіёна». Пасля гэтай вікторыі “Нёман” вярнуўся ў групу лідараў – ён мае зараз 6 ачкоў пасля трох сустрэч.
Таксама учора быў згуляны адзін матч у трэцім туры ў розыгрышы Першай лігі беларускага чэмпіяната. Там «Ліда» на выездзе перамагла каманду «Мінск-2» з лікам 3:2. І тым самым на пару з «Слонімам» узначаліла турнірную табліцу.
Сёння барысаўскі БАТЭ адзначае сваё 29-годдзе і з гэтай нагоды каманда выйдзе на поле Гарадскога стадыёна ў Барысаве ў матчы чэмпіяната Беларусі супраць «Гомеля» ў рэтра-форме. Варта адзначыць, што «Гомель» таксама вырашыў у гэтым матчы выйсці на поле ў сваёй рэтра-форме, з лагатыпам колішняга «Гомсельмаша». Менавіта так каманда з Палесся некалі і называлася.
У хакейнай беларускай Экстралізе прайшла другая сустрэча за чэмпіёнства паміж менскім «Юнацтвам» ды «Віцебскам». І гэтым разам верх узялі менчукі з лікам 3:1. Тым самым параўняўшы лік асабістых сустрэч 1:1. Наступныя дзьве гульні пройдуць на берагах Дзьвіны.
Баксёр Дзмітрый Асанаў з Маладэчна ўпершыню ў кар’еры правёў 10-раўндавы бой і заваяваў чэмпіёнскі тытул.
28-гадовы беларускі баксёр-прафесіянал заваяваў чэмпіёнскі пояс WBC Continental Americas у лёгкай вазе. Ён стаў мацнейшым за 31-гадовага бельгійца Франчэска Патэра. Паядынак паміж імі адбыўся ў Манрэалі ў Канадзе і быў галоўнай падзеяй вечара. Для Асанава гэта быў 10-ы бой сярод прафесіяналаў, прычым ва ўсіх 9 папярэдніх ён быў пераможцам. Патэра ў 36-ы раз выйшаў на рынг (статыстыка перамог і паразаў у таго складала 30 на 5).
Сустрэча прайшла ў 10-раўндавым фармаце. Для саперніка гэта было не ў навінку, тады як Асанаў упершыню быў удзельнікам настолькі працяглай сутычкі. Тым не менш, суддзі аднагалосна аддалі перавагу беларусу — 100:90, 100:90, 98:92.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя