Матчы ў Гародні і Магілёве адкрылі гульнявую праграму панядзелка ў другім па значнасці турніры ў беларускім хакеі – Кубку Руслана Салея. У гарадзенскім лядовым палацы адбылося заходняе дэрбі “Нёмана” і “Ліды”. Фінальны лік – 4:1 на карысць гарадзенцаў. Такім чынам, “Нёман” скончыў групавы этап Кубка Салея з трыма перамогамі і трыма паразамі, набраўшы 8 ачкоў. На гэты момант падначаленыя Яўгена Летава займаюць трэцяе месца ў пуле “А”, якое дае магчымасць разлічваць на выхад у плэй-оф турніру. На патрэбнай пазіцыі гарадзенскі клуб застанецца ў выпадку паразы “Авіятара” ад “Шахцёра”. Для “Ліды” Кубак Салея скончаны, каманда набрала ўсяго два балы ў шасці матчах і стала апошняй. Паралельна ў Магілёве мясцовы калектыў сышоўся з “Хімікам” і прайгралі навапалачанам 3:4. Дзякуючы гэтаму поспеху “Хімік” узняўся ў тройку найлепшых каманд пула “В” за тур да заканчэння папярэдняга этапа. “Магілёў”, які з адзіным ачком за пяць гульняў замыкае табліцу групы, датэрмінова вылецеў з розыгрышу Кубка.
Хакеісты менскага “Дынама” саступілі “Авангарду” ў таварыскім матчы
Хакеісты менскага “Дынама” правялі другі таварыскі матч напярэдадні новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава на пляцоўцы сталічнай “Алімпік Арэны” прымалі омскі “Авангард”. У складзе “Дынама” з капітанскай нашыўкай дэбютаваў зорны навічок каманды расеец Вадзім Шыпачоў. Стартавы перыяд скончыўся ўнічыю 1:1 – супернікі выйшлі наперад у самым пачатку сустрэчы, але на 13-й хвіліне Віталь Пінчук з перадачы Сяргея Кузняцова аднавіў парытэт. У другім перыядзе закінутых шайбаў гледачы не ўбачылі. Роўны лік захоўваўся большую частку трэцяга перыяду, але за тры хвіліны да сірэны “Авангард” закінуў пераможную шайбу. Па завяршэнні трэцяга перыяду каманды па папярэдняй дамоўленасці правялі авертайм і серыю пасляматчавых кідкоў. Пяціхвілінны адрэзак у фармаце 3х3 выйгралі амічы, а ў серыі булітаў дакладней былі мінчане 1:0, адзіны дакладны кідок нанёс Гарбуноў.
Сасновіч не прайшла ў асноўную сетку турніру WTA-1000 у Цынцынаці
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч не здолела выйсці ў асноўную сетку турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У другім кваліфікацыйным раўндзе Сасновіч, якая займае 98-е месца ў сусветным рэйтынгу, прайграла ў дзвюх партыях прадстаўніцы Францыі Варвары Грачовай, у якой 65-я пазіцыя, – 4:6, 3:6.
Вядучыя гандбольныя клубы Беларусі пачалі падрыхтоўку да новага сезона
Гандбалісты вядучых беларускіх клубаў пачалі падрыхтоўку да новага сезона. Чэмпіён Беларусі “Мяшкоў Брэст” падчас трэніровачнага збору ў Сербіі правёў два спарынгі. У першым з іх падначаленыя Эдуарда Какшарава разграмілі “Калубару” з Лазараваца – 42:23, самым выніковым у беларусаў стаў Максім Баранаў, у актыве якога 9 мячоў. Затым берасцейцы ва ўпартай барацьбе саступілі ўладальніку Кубка Сербіі бялградскаму “Партызану” – 28:30. Цяпер “мяшкоўцы” рыхтуюцца да старту розыгрышу Кубка Белгазпрамбанка, які пройдзе ў Берасці 15-17 жніўня. 7 верасня “Мяшкоў Брэст” паспрачаецца на сваёй арэне за Суперкубак Беларусі з віцэ-чэмпіёнам краіны менскім СКА. Менчукі ў першым перадсезонным кантрольным матчы прымалі ў сталічным Доме гандбола чэмпіёнаў Расеі гандбалістаў маскоўскага ЦСКА і саступілі з розніцай у сем мячоў – 29:36.
“Барселона” упершыню за 12 гадоў прайграла ў Кубку Гампера
“Барселона”, саступіўшы французскаму “Манака” з лікам 0:3, не змагла выйграць Кубак Жаана Гампера ўпершыню з 2012 года. Акрамя таго, каталонская каманда саступіла Кубак Гампера з розніцай у 3+ галы ў чацвёрты раз у гісторыі. Апошні раз быў у гульні з “Валенсіяй” у 1994 годзе. Трафей быў названы ў гонар легендарнага прэзідэнта – заснавальніка “Барселоны” Жаана Гампера.
Беларускае Радыё Рацыя






