Футбалісты гарадзенскага “Нёмана” не змаглі адолець наваполацкі “Нафтан” у перанесеным матчы 16-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў Наваполацку прайшла з перавагай гасцей, але абыграць каманду Ігара Крывушэнкі ім не ўдалося. Ужо на 10-й хвіліне гульні гаспадары засталіся ў меншасці пасля выдалення Аляксандра Кучынскага, аднак гарадзенскія футбалісты так і не змаглі забіць хаця б адзін гол – нічыя 0:0.
Тым не менш падначаленыя Ігара Кавалевіча захавалі лідарства, набраўшы 47 ачкоў у 22 праведзеных паядынках. Другімі ідуць футбалісты менскага “Дынама”, у якіх 44 балы пасля 19 матчаў, трэцяе месца займае жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” – 43 ачкі пасля 21 гульні.
Шостая перамога – «Ягелонія» абыграла «Матор».
У матчы 4-га тура PKO BP Ekstraklasa беластоцкая «Ягелонія» у гасцях абыграла «Матор Люблін» з лікам 2:0. Госці забілі галы ў пачатку першага і другога тайма.
Матч для чэмпіёнаў Польшчы пачаўся выдатна. Іван Бркіч дапусціў памылку на чацвёртай хвіліне сустрэчы. Харвацкі галкіпер пад ціскам Дыябі-Фадыга страціў мяч, які трапіў да Крыстафера Хансэна. Паўабаронца хутка адыграў на Тараса Раманчука, а капітан упэўненым ударам вывеў каманду наперад.
Другая частка сустрэчы пачалася гэтак жа, як і першая – з гола ў браму гаспадароў. Пасля чарговай памылкі абароны «Матора» Хансэн атрымаў мяч і моцным ударам падвоіў перавагу «Ягелоніі».
Перамога дазволіла камандзе трэнера Адрыяна Семенца падняцца ў першую тройку турнірнай табліцы.
“Барселона” дзякуючы голу Левандоўскага святкавала сёмую запар перамогу
“Барселона” на хатняй арэне перамагла “Хетафе” ў матчы 7-га тура чэмпіянату Іспаніі — 1:0. Адзіны мяч забіў польскі форвард Роберт Левандоўскі на 19-й хвіліне. “Барса” выйграла ўсе сем матчаў на старце чэмпіянату і лідыруе ў табліцы з 21 ачком, апярэджваючы мадрыдскі “Рэал” на чатыры балы.
Сталічнае “Юнацтва” выйграла пяты матч запар у экстралізе
Матчамі ў Менску, Лідзе і Наваполацку працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. На “Чыжоўка-Арэне” сышліся каманды з розных палюсоў турнірнай табліцы – “Юнацтва” і “Магілёў”. У складзе мінчан чарговы раз у гэтым сезоне адзначыўся Аляксандр Кулагін – расійскі нападнік аформіў дубль і ўнёс вырашальны ўклад у перамогу сваёй каманды з лікам 3:2. Дзякуючы серыі з пяці перамог “Юнацтва” зраўнялася з лідыруючым у экстралізе “Дынама-Маладзечна”, які згуляў на адзін матч менш.
Паралельна на поўначы краіны “Хімік” прайграў “Славуцічу” – 3:4, які узняўся на трэцяе месца ў табліцы. Таксама першую перамогу ў чэмпіянаце Беларусі ледзь не святкаваў “Авіятар”. Прадстаўнікі Баранавіч доўгі час вялі ў матчы супраць “Ліды”, але “рыцары” здолелі перавесці сустрэчу ў авертайм, дзе і забралі два ачкі – 3:2. Аўтарам вырашальнай шайбы ў гаспадароў стаў абаронца Павел Варона.
Паўлюкавец заваяваў серабро маладзёжнага ЧС па цяжкай атлетыцы
Беларускі штангіст Ігнацій Паўлюкавец прынёс беларускай камандзе першыя медалі чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы сярод атлетаў не старэйшых за 20 гадоў. Турнір праходзіць у іспанскім Леоне. Паўлюкавец стаў прызёрам спаборніцтваў у вагавай катэгорыі да 96 кг. У першым практыкаванні беларус стартаваў з удалых спробаў на 160 і 164 кг, але потым не справіўся з вагой 166 кг. Па выніках рыўка Ігнацій стаў уладальнікам малой срэбранай узнагароды.
У штуршку Паўлюкавец паслядоўна справіўся са штангай у 188, 193 і 196 кг – гэты вынік апынуўся другім сярод 16 штангістаў і прынёс беларусу яшчэ адно малое срэбра. Па суме за абодва практыкаванні Ігнацій набраў 360 кг і таксама падняўся на другую прыступку п’едэстала.
Беларускае Радыё Рацыя