Гарадзенскі «Нёман» працягвае пісаць уласную гісторыю і гісторыю беларускага футбола.
Учора, 14 жніўня, гарадзенцы ў звышдраматычным супрацьстаянні з фарэрскім «Клаксвікам» у матчы ў адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнда здолелі адыграць два галы, перамагчы і ўпершыню ў гісторыі выйсці ў вырашальны раўнд плэй-оф Лігі канферэнцыяў.

Нагадаю, што ў мінулы панядзелак гарадзенцы саступілі на Фарэрскіх выспах «Клаксвіку» з лікам 0:2. Але як глаўкам «Нёмана» Ігар Кавалевіч і абяцаў заўзятарам, учора мы ўбачылі зусім другую каманду.
У намінальна хатнім матчы ў венгерскім Сегедзе да 80 хвіліны матча на табло былі нулі і здавалася, што гарадзенцам ужо не відаць плэй-оф. Але спрацавала замена, зробленая Ігарам Кавалевічам на 72 хвіліне, калі на поле выйшаў кіргізскі легіянер Гулжыгіт Барубаеў. Ён і скарыстаўся памылкай фарэрскага абаронцы і галкіпера і лік у гульні размачыў. 1:0. А праз 4 хвіліны на 84-й усё той жа Барубаеў закінуў мяч у край штрафной на Ягора Зубовіча, пасля чаго той скінуў яго на ўкраінскага легіянера Юрыя Панцю і той ударам з ліні штрафной не без дапамогі рыкашэту аднаўляе парытэт і лік становіцца 2:0 на карысць цяпер ужо «Нёмана».
Дадатковыя два таймы па 15 хвілінаў прайшлі пад дыктоўку гарадзенцаў, ды яшчэ пасля выдалення Мікельсана на 112 хвіліне, калі фарэрцы засталіся ўдзесяцёх. Варта адзначыць зладжаную гульню ўсёй каманды, а асабліва кіргіза Барубаева. Ды брамніка Максіма Бялова, які адгуляў на 0. І выйшаў пераможцам у сапраўднай футбольнай латарэі ў серый пасляматчавых 11-мятровых удараў, дзе ён адгадаў накірункі ўсіх удараў з кропкі, а ў адным-такі прымусіў задзірыстага Ёхансана прабіць міма брамы. У гарадзенцаў жа трапнымі стрэламі вызначыліся ўсе пяць футбалістаў – Ягор Пархоменка, Юрый Клачкоў, Ягор Зубовіч, Максім Краўцоў ды тлустую пераможную кропку ў гульні паставіў, выйшаўшы менавіта пад серыю пенальці, у сваім другім матчы за «Нёман» – албанец Валон Ахмедзі.
І такім чынам – гістарычная перамога «Нёмана» 2:0 у асноўны час, 5:4 па пенальці і наперадзе «жоўта-зялёныя» ўпершыню ў гісторыі пазмагаюцца за выхад у групавы этап Лігі канферэнцыяў з «бел-чырвона-белым» «Райа Вальекана» з гішпанскага Мадрыда.
Іх матчы адбудуцца 21 і 28 жніўня. Спачатку ў Венгрыі, а пасля ў Гішпаніі. Пачатак абедзвух сустрэч а 19 гадзіне па польскім часе і а 20-й па беларускім.
Што ж датычыцца іншых учорашніх матчаў, то іх было 12 у Лізе Еўропы і 29 у Лізе канферэнцыяў.
З цікавых нам выдзелім супрацьстаянне варшаўскай «Легіі» Іллі Шкурына і кімпрыёцкага АЕК з Ларнакі. Тыдзень таму на Кіпры варшавякі прайгралі 1:4. Учора ў Варшаве перамаглі 2:1. Але з-за розніцы галоў «Легія» засталася па-за Лігай Еўропы і згуляе з плэй-оф Лігі канферэнцыяў з шатландскім «Хіберніанам». Беларускі форвард «Легіі» Ілля Шкурын выйшаў на замену на 79 хвіліне і на жаль нічым сваёй камандзе не змог дапамагчы.
А таксама данецкі «Шахтар» пасля нічыёй 0:0 у Грэцыі супраць «Панацінайкаса» ў Кракаве ізноў згуляў з тым 0:0. І тут лёс вырашыўся ў пасляматчавых 11-мятровых ударах. Нажаль не на карысць данчан лік склаўся 3:4. І «Шахтар» таксама згуляе ў плэй-оф Лігі канферэнцыяў са швейцарскім «Сэрветам».
У Лізе канферэнцыяў казахская «Астана» беларуса Макса Эбонга саступіла і на сваім полі таксама швейцарскай «Лазане» з лікам 0:2 і вылецела з Лігі. Беларускі паўабаронца выйшаў у асноўным складзе, атрымаў першае папярэджанне на 51 хвілін і пакінуў поле на 86 хвіліне гульні пасля другога папярэджання і чырвонай карткі.
Кіпрыёцкі «Арыс» з Лімасола беларускага трэнера Арцёма Радзькова саступіў грэцкаму АЕКу з лікам 1:3 у дадатковым часе і 3:5 па суме дзвюх сустрэч і вылецеў з турніру.
А вось славенскі «Цэле» з беларускім асістэнтам трэнера Іванам Маеўскім прайграў швейцарскаму «Лугана» з лікам 2:4. Але тыднем раней перамог яго з лікам 5:0 і таму каманда Маеўскага крочыць далей у плэй-оф, дзе сустрэнецца з чэшскім «Банікам» з Астравы.
Па дзвюх сустрэчах 3-га раўнда «Банік» прайшоў «Аўстрыю» – 4:3 і 1:1.
А таксама «Ракуў» з Чэнстахова перамог крыўдзіцеляў жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» – «Макабі» з Хайфы з лікам 2:0 і крочыць далей на балгарскую «Арду».
Украінскае «Палісся» з Жытоміра саступіла венгерскаму «Паксу» з лікам 1:2, але ўсё ж па суме папярэдняй перамогі 3:0 праходзіць далей на італійскую «Фіярэнтыну».
«Ягелонія» згуляла ў Беластоку ўнічыю 2:2 з дацкім «Сількеборгам». Што праўда прапусціла пасля двух галоў Хесуса Імаза на 87 і 95 хвілінах. Але дзякуючы выязной перамозе 1:0 крочыць далей у плэй-оф на албанскае «Дынама» з Тыраны.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






