BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Нёман” прыме менскае “Дынама” ў цэнтральным паядынку футбольнага чэмпіянату Беларусі

Праграма 28-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі завершыцца сустрэчай двух галоўных фаварытаў. Сёння ў Гародні ў цэнтральным паядынку ўсяго першынства сустрэнуцца лідар турніру менскае “Дынама” і “Нёман”, які ідзе другім (пачатак гульні ў 19.00 па беларускім часе).

Фота: fcneman.by

Гарадзенская каманда не ведае паразаў на працягу сямі матчаў, пяць выйграла і двойчы згуляла ўнічыю, а дзеючыя чэмпіёны выйгралі сем папярэдніх паядынкаў нацыянальнага першынства. Каманда Ігара Кавалевіча таксама настройваецца толькі на перамогу, бо ў выпадку паразы шанцы “Нёмана” на золата стануць мінімальнымі. У матчы першага круга ў Менску дынамаўцы перамаглі “Нёман” з мінімальнай перавагай – 2:1.

Савіцкі і Дземчанка выкліканыя ў зборную Беларусі на лістападаўскія матчы Лігі нацый УЕФА

У складзе футбольнай зборнай Беларусі перад лістападаўскімі матчамі Лігі нацый адбыліся змяненні. Як расказаў галоўны трэнер беларускай дружыны Карлас Алос, з-за траўм камандзе не змогуць дапамагчы Максім Кірэеў з бельгійскага “Льерса” і Мікіта Корзун з казахстанскага “Ялімая”. Замест іх у трэніровачны лагер выкліканы Павел Савіцкі з гарадзенскага “Нёмана” і менскі дынамавец Мікіта Дземчанка. Сёння каманда збіраецца ў Менску, а потым адправіцца ў Белфаст, дзе 15 лістапада згуляе са зборнай Паўночнай Ірландыі.

Фрыц і Сінэр з перамог пачалі выніковы турнір Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў у Турыне

У італьянскім Турыне адбыліся стартавыя сустрэчы падагульняючага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP). У першым паядынку групавога этапа 6-ы нумар сусветнага рэйтынгу амерыканец Тэйлар Фрыц перамог  у дзвюх партыях чацвёртую ракетку планеты расейскага тэнісіста Данііла Мядзведзева – 6:4, 6:3. Затым фіналіст папярэдняга выніковага турніру першая ракетка планеты італьянец Янік Сінэр таксама ў двух сэтах упэўнена перайграў аўстралійца Алекса Дэ Мінаўра – 6:3, 6:4.

Беларускія шашысты заваявалі 18 узнагарод на моладзевым чэмпіянаце свету

Беларускія шашысты заваявалі васемнаццаць медалёў на моладзевым чэмпіянаце свету па шашках-64, які завяршыўся ў турэцкай Аланіі. Апошнія камплекты ўзнагарод былі разыграны ў класічнай праграме – па яе выніках скарбонка беларускай каманды папоўнілася сямю медалямі. Чэмпіёнамі свету сталі Вікторыя Нікалаева (да 20 гадоў), Яўгенія Швед (да 17 гадоў) і Павел Бокій (да 14 гадоў).

Беларускае Радыё Рацыя