
Анамальным выдаецца 12 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. Так ва ўсіх пяці матчах, вікторыю святкавалі госці. У суботу фаварыты пацвердзілі свой статус. Чэмпіёны краіны – менскія дынамаўцы на выездзе мінімальна адолелі “Слуцк” – 1:0. А вось жодзінскае “Тарпеда” і гарадзенскі “Нёман” учынілі сваім апанентам сапраўдныя разгромы.
Белазаўцы ўшчэнт “разбілі” ФК “Мінск” – 5:1. З такім жа лікам гарадзенцы святкавалі вікторыю ў Барысаве над мясцовым БАТЭ. Лік эфектным ударам галавой пасля падавання корнеру адкрыў Іван Садаўнічы. Праўда неўзабаве тэхнічную памылку пасля ўдару Аляксандра Ануфрыева дапусціў брамнік нёманцаў Максім Бялоў – 1:1. Гэтая раўнавага трымалася роўна хвіліну, бо ўжо пры чарговай атацы гасцей удалым на дабіванні быў Павел Савіцкі. Яшчэ ў першым тайме Антон Сучкоў эфектным далёкім стрэлам замацаваў перавагу “Нёмана”.
У другім тайме гарадзенцы забілі яшчэ двойчы – вызначыліся Юры Панця і Канстанцін Кучынскі, пасля чаго гульня страціла інтыгу канчаткова – 5:1 на карысць каманды Ігара Кавалевіча. Характэрна, што гэта была толькі другая вікторыя гарадзенцаў у Барысаве ў матчах чэмпіянатаў Беларусі. А БАТЭ бясслаўна сустрэў свой юбілей – 800-ы матч у вышэйшай лізе. Яшчэ зусім нядаўна бясспрэчны флагман беларускага футболу цяпер глядзіцца зусім блякла.
Сёння пройдуць яшчэ тры матчы 12-га туру.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя