Гарадзенскі “Нёман” стаў пераможцам перадсезоннага турніру “Белазавец”. У фінальным матчы “Нёман” абыграў жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” з лікам 2:1. Галамі адзначыліся Леанард Гвет і Антон Сучкоў, а гаспадары поля адказалі дакладным ударам з пенальці ў выкананні Паўла Сядзько. Для гарадзенцаў гэта ўжо чацвёрты поспех запар на гэтым турніры.
Лёс плэй-оф Лігі чэмпіёнаў вызначаны: «Ман Сіці» супраць «Рэала»
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, якое падарыла некалькі выбітных супрацьстаянняў. Адным з самых чаканых будзе двубой паміж дзеючым пераможцам турніру «Рэалам» і чэмпіёнам Англіі «Манчэстэр Сіці». Таксама ў 1/8 фіналу «Ювентус» сустрэнецца з ПСВ, «Пары Сэн-Жэрмэн» пазмагаецца з «Брэстам», а «Баварыя» згуляе супраць шатландскага «Селтыка». Першая стадыя плэй-оф адбудзецца 11-12 і 18-19 лютага, а матч за галоўны трафей пройдзе 31 траўня ў Мюнхене.
Сенсацыі не здарылася: фаварыты дамінуюць у экстралізе
Чарговы тур беларускага хакейнага чэмпіянату падарыў фанатам багата шайб і ўпэўненыя перамогі лідараў. У Гародні «Нёман» не пакінуў шанцаў «Магілёву» – 6:4. Госці змаглі ненадоўга вярнуць інтрыгу, але дубль Арцёма Кіслага дапамог гаспадарам захаваць перавагу. «Шахцёр» у Салігорску перамог «Авіятар» з буйным лікам 7:3. Перамога «гарнякоў» была закладзена яшчэ да сярэдзіны матча, калі яны вялі 4:0. Два разы вызначыўся Сяргей Дрозд. На «Чыжоўка-Арэне» менскае «Юнацтва» у сёмым матчы запар пакінула суперніка без ачкоў. На гэты раз пацярпеў «Хімік» – 4:2. А «Гомель» у складанай сустрэчы змог перамагчы «Ліду» 2:1, выратавальны гол у меншасці закінуў Кірыл Межэйнікаў.
Лідар «Дынама» Шыпачоў узначаліць каманду на Матчы зорак КХЛ
Кантынентальная хакейная ліга назвала капітанаў каманд, якія выступяць на святочным Матчы зорак у Навасібірску. Гонар узначаліць зборную дывізіёна Тарасава атрымаў форвард менскага «Дынама» Вадзім Шыпачоў. Для яго гэта ўжо шосты ўдзел у падобным шоу. Сёлетні сезон ён праводзіць вельмі ўпэўнена, набраўшы 38 (7+31) ачкоў у 46 сустрэчах. Акрамя Шыпачова, у галоўным мерапрыемстве сезона возьме ўдзел яшчэ адзін прадстаўнік «зуброў» – нападнік Сэм Энас. Матч зорак стартуе 8 лютага конкурсамі майстэрства і паўфінальнымі гульнямі турніру. Наступным днём адбудзецца фінал.
Данія зноў у фінале чэмпіяната свету па гандболе
Зборная Даніі па гандболе ў чацвёрты раз запар выйшла ў фінал чэмпіянату свету, разграміўшы ў паўфінале сенсацыйных паўфіналістаў — зборную Партугаліі з лікам 40:27. Дацкая каманда, якая ўжо тройчы запар станавілася найлепшай у свеце, выйграла ўсе восем матчаў на гэтым турніры. У фінале, які адбудзецца 2 лютага ў нарвежскім Бэруме, яны сустрэнуцца з харватамі. Тыя, у сваю чаргу, сенсацыйна выбілі з турніру французаў 31:28.
Беларускае Радыё Рацыя