У Жодзіне адбыўся другі матч міжсезоннага турніру «Белазавец». Гарадзенскі «Нёман», срэбраны прызёр мінулага чэмпіянату, перамог сталічны «Мінск».

Лік быў адкрыты ўжо на 9-й хвіліне, калі Краўцоў дакладным ударам забіў жодзінцам суперніка. А пад канец сустрэчы перамогу замацаваў Мазурыч, які на 78-й хвіліне паставіў кропку ў гульні – 2:0. Цяпер лёс трафея вызначыцца 31 студзеня, калі «Нёман» сустрэнецца з «Тарпеда-БелАЗ». Гарадзенцаў задаволіць нават нічыя, каб зноў стаць пераможцамі зімовага турніру.
Берасцейскае «Дынама» працягвае трансферную кампанію
Берасцейскае «Дынама» працягвае актыўную працу на трансферным рынку. Каманду ўзмацніў яшчэ адзін футбаліст салігорскага «Шахцёра». 21-гадовы паўабаронца Іван Зянькоў перайшоў у склад «бела-сініх». У мінулым сезоне ён правёў 27 матчаў у вышэйшай лізе і зарэкамендаваў сябе як перспектыўны гулец. Зянькоў стаў ужо трэцім футбалістам, які гэтай зімой перабраўся з Салігорска ў Берасце. Да яго ў каманду прыйшлі Дзмітрый Кавалевіч і Дзяніс Гружэўскі.
Герман Баркоўскі працягне кар’еру ў Польшчы
22-гадовы форвард берасцейскага «Дынама» Герман Баркоўскі падпісаў кантракт з польскім клубам «Пушча» з Непаломіцэ. Пагадненне разлічана да 30 чэрвеня з магчымасцю падаўжэння. У мінулым сезоне Баркоўскі стаў найлепшым гульцом беларускай вышэйшай лігі па сістэме «гол+пас». Ён забіў 10 галоў і аддаў 16 галявых перадач. Яго паспяховая гульня прынесла запрашэнне ў нацыянальную зборную Беларусі.
Заключны тур агульнага этапу Лігі чэмпіёнаў – хто рызыкуе застацца без плэй-оф?
Сёння адбудзецца апошні тур агульнага этапу Лігі чэмпіёнаў у новым фармаце. Нагадаю, як працуе сістэма:
– 8 найлепшых каманд выходзяць у 1/8 фіналу
– Клубы з 9-га па 24-е месца згуляюць стыкавыя матчы за права выйсці ў плэй-оф
– Турнір працягнецца па звыклай схеме выбывання
Адразу два гранды – «Манчэстэр Сіці» і «ПСЖ» – рызыкуюць не трапіць у плэй-оф. «Гараджане» гуляюць сёння супраць «Бруге», а парыжане супраць «Штутгарта».
У 1/8 фіналу ўжо выйшлі «Ліверпуль» і «Барселона». У стыкавых матчах за месца ў плэй-оф пазмагаюцца «Арсенал», «Атлетыка», «Інтэр», «Мілан», «Ювентус» ды іншыя клубы.
Аляксей Протас – лідар НХЛ па карыснасці
Беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас стаў лідарам Нацыянальнай хакейнай лігі па паказчыку карыснасці. У матчы супраць «Калгары» яго каманда перамагла 3:1, а Протас не толькі адзначыўся чарговай шайбай, але і павялічыў сваю карыснасць да +29. Зараз ён дзеліць першае месца з Брэйдэнам Макнэбам з «Вегаса» і Кірылам Марчанкам з «Каламбуса».
Яшчэ тры расейскія клубы разглядаюць удзел у беларускай экстралізе
Хакейны клуб «Бранск» можа далучыцца да беларускай экстралігі. Кіраўніцтва клуба чакае завяршэння сезона, каб афіцыйна падаць дакументы. Таксама зацікаўлены ў пераходзе каманды з суседніх расейскіх рэгіёнаў – «Калуга» і «Ліпецк». Нагадаем, што ў гэтым сезоне ўпершыню ў гісторыі ў экстралізе гуляе расейскі клуб «Славуціч» са Смаленска. Пасля 42 матчаў ён займае 8-е месца ў табліцы і мае шанцы на ўдзел у плэй-оф.
У Менску пройдзе Сусветны жаночы хакейны матч
15 лютага на «Мінск-Арэне» адбудзецца Сусветны жаночы хакейны матч у межах міжнароднага праекта IIHF Global Girls’ Game.
Удзел у гэтым свяце жаночага хакея змогуць прыняць усе ахвочыя дзяўчаты, запоўніўшы заяўку на сайце Федэрацыі хакея Беларусі да 1 лютага. Летась у Гародні ў падобнай гульні паўдзельнічалі 109 хакеістак з 20 гарадоў Беларусі. Сёлета арганізатары рыхтуюць яшчэ больш насычаную праграму.
Беларускае Радыё Рацыя





