У другім туры чэмпіяната Беларусі па футболе гарадзенскі «Нёман» адолеў на выездзе футбалістаў «Гомеля» з лікам 3:2. На 15-й хвіліне Яўген Барсукоў вывеў гаспадароў наперад, а праз 10 хвілін Павел Савіцкі з пенальці аднавіў раўнавагу. Пасля перапынку разгуляліся афрыканскія легіянеры – спачатку вызначыўся навабранец гасцей камерунскі форвард Леанард Гвет, а потым габонскі нападнік гамяльчан Джуніёр Эфаге зноў зрабіў лік роўным – 2:2. Аднак нічыя гасцей не задавальняла і на 76-й хвіліне сустрэчы Максім Краўцоў забіў пераможны гол. Падчас першай сустрэчы гэтага першынства з наваполацкім «Нафтанам» каманда Ігара Кавалевіча таксама саступала, але таксама ў выніку здабыла валявую вікторыю 2:1. Чэмпіён краіны сталічнае «Дынама» не здолела абыграць у гасцях ФК «Мінск» – нічыя 0:0.
Хакеісты «Шахцёра» зраўнялі лік у паўфінале плэй-оф
У нядзелю на поўдні краіны адбыўся чацвёрты паядынак паўфіналу плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж «Брэстам» і «Шахцёрам». Да гэтага матчу нечаканымі лідэрамі ў серыі падышлі паўднёўцы. У нядзельнай сустрэчы каманды доўгі час абыходзіліся без закінутых шайб, першае ўзяцце брамкі здарылася толькі на 32-й хвіліне сустрэчы: голам адзначыўся нападнік «Шахцёра» Уладзіслаў Куліеў. У заключным перыядзе спачатку перавагу «гарнякоў» з перадачы Куліева падвоіў найлепшы бамбардзір рэгулярнага чэмпіянату Міхаіл Шалагін, але даволі хутка берасцейцы намаганнямі Сяргея Маляўкі адставанне скарацілі. Зрэшты, усяго праз пяць хвілін салігарчане яшчэ раз умацавалі перавагу за кошт дакладнага кідка Дзяніса Масалёва – 3:1. Незадоўга да сірэны трэнерскі штаб «зуброў» замяніў галкіпера на шостага палявога гульца, чым скарыстаўся Дзяніс Яркін, які закінуў у пустую брамку. Але на гэтым падзеі не скончыліся. Літаральна ў наступным жа нападзе «Брэста» поспех святкаваў Валерый Жыгалаў, і ўсё ж апошняе слова «гарнякі» вырашылі пакінуць за сабой: яшчэ адну шайбу ў пустую брамку адправіў Вячаслаў Андрушчанка. Такім чынам, 5:2 на карысць «Шахцёра», які зраўняў лічбы ў серыі да чатырох перамог 2:2. Наступная гульня паміж камандамі пройдзе ў Салігорску ў аўторак.
«МІНСК» саступіў «Уралмашу» ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты «МІНСКА» не здолелі ўтрымаць перамогу над «Уралмашам» у гасцявым паядынку Адзінай лігі ВТБ. Пасля першай у сезоне вікторыі, здабытай над «Астаной», менчукі і ў Екацярынбурзе былі блізкія да поспеху. Доўгі час госці лідыравалі, але на апошніх секундах асноўнага часу новыя падначаленыя Расціслава Вергуна здолелі зраўняць лік – 72:72. У авертайме больш вопытныя гаспадары былі больш паспяховымі, выйграўшы з перавагай у шэсць балаў – 85:79. Самым выніковым у складзе гасцей стаў Ёван Шліванчанін, у актыве якога 27 ачкоў.
Беларускія дзюдаісты не здолелі дамачыся перамог на турніры Вялікага шлема ў Турцыі
У турэцкай Анталіі блізкі да завяршэння пяты ў гэтым сезоне турнір серыі Вялікага шлема па дзюдо з удзелам беларускіх спартоўцаў. Спаборніцтвы ў Турцыі сабралі больш за 600 дзюдаістаў з 94 краін, на турнір прыбылі і шасцёра прадстаўнікоў беларускай каманды. На жаль, ніводнаму з іх не ўдалося пераадолець бар’ер стартавага раўнда. У мужчын у катэгорыі да 60 кг Арцём Коласаў прайграў партугальцу Радрыга Лопешу, у вазе да 66 кг шлях Конраду Шоке заступіў Луукас Саха з Фінляндыі, а ў катэгорыі да 90 кг Аляксандр Сідорык не справіўся з азербайджанцам Вугарам Талыбавым. Сярод жанчын у вазе да 52 кг Ксенія Даніловіч саступіла амерыканцы Анжаліцы Дэльгада, у катэгорыі да 63 кг Яна Макрэцкая не здолела адолець іспанку Арыэлу Санчэс Бенітэс, а ў вазе да 78 кг Дарʼя Канцавая завяршыла выступы пасля паразы ад Аліны Бем з Германіі.
У Тайландзе стартаваў Кубак свету па цяжкай атлетыцы з удзелам беларусаў
У тайландскім Пхукеце стартаваў Кубак свету па цяжкай атлетыцы 2024 года, удзел у якім прымуць пяцёра беларускіх штангістаў. Спаборніцтвы сабралі больш за 450 атлетаў са 109 краін, якія вызначаць наймацнейшых у дваццаці вагавых катэгорыях (па 10 у мужчын і жанчын). Нашу мужчынскую нацыянальную каманду ў Тайландзе прадставяць Пётр Асаёнак, Яўген Ціханцоў, Сяргей Шаранкоў і Эдуард Зязюлін, з дзяўчат заяўлена толькі Сюзана Валадзько.
Сінэр выйграў турнір ATP у Маямі і падняўся на другое месца ў сусветным рэйтынгу
Італьянскі тэнісіст Янік Сінер стаў пераможцам турніру АТР-1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 8 мільёнаў 900 тысяч даляраў. У вырашальным паядынку італьянец лёгка абыграў у двух сэтах балгарына Рыгора Дзімітрава – 6:3, 6:1. Пасля гэтага поспеху Янік Сінэр падняўся з трэцяй на другую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу. Наперадзе па-ранейшаму серб Новак Джокавіч. Найлепшы з беларускіх тэнісістаў Ілья Івашка займае 239-е месца.
Беларускае Радыё Рацыя