
Учора былі згуляныя 8 матчаў другога раўнда у Лізе Еўропы і ажно 43 у Лізе канферэнцый.
У другім па ранжыры еўракубку выдзялім матчы з удзелам беларусаў. У матчы харвацкага «Баніка» з Астравы і варшаўскай «Легіі» беларускі форвард варшавякаў Ілля Шкурын выйшаў у асноўным складзе, нічым выніковым не адзначыўся і быў заменены на 62 хвіліне. А ягоны зменшчык Нсамэ акурат адзначыўся голам, калі ў канцы матча параўняў лік і зрабіў яго канчатковым 2:2.
Славенскі «Цэле», у якім асістэнтам галоўнага трэнера – беларускі спецыяліст Іван Маеўскі, на сваім полі згуляў унічыю 1:1 з кіпрыётскім АЕКам з Ларнакі.
З іншых цікавых вынікаў адзначым перамогу данецкага «Шахтара» ў Стамбуле над мясцовым «Бешыкташам» з лікам 4:2.
Пяройдзем да Лігі канферэнцый. Найперш пра удзел у ёй беларускіх камандаў.
Фантастычную гульню выдаў учора гарадзенскі «Нёман» супраць славацкага «Кошыцы» на іх полі. Спачатку гарадзенцы прапусцілі два хуткія мячы на 8 і 16 хвілінах. Відаць, што нашыя гульцы адвыклі ў Беларусі ад перапоўненых стадыёнаў і актыўнай падтрымкі, а на 12 000 «Кошыцкай арэне» быў амаль аншлаг.
Але пасля перапынку на поле выйшаў зусім другі «Нёман». І на класе і маральна-валявых якасцях вырваў у гаспадароў перамогу з лікам 3:2. Спачатку на 55 хвіліне ударам галавою з навесу Антона Сучкова адзін гол адквітаў Павел Савіцкі. Пасля ён жа праз 11 хвілінаў, на 66-й прыняў на лініі штрафной мяч на грудзі, працягнуў яго і хвосткім ударам пад бэльку лік параўняў – 2:2. На 79 хвіліне форвард «Нёмана» Максім Краўцоў пры выхадзе свм на сам з галкіперам зарабіў фол і сам жа рэалізаваў 11-мятровы ўдар. Лік ужо 3:2 на карысць «Нёмана». Але і гэта не канец. На апошняй дададзенай арбітрам 94-й хвіліне гульні капітан каманды Іван Садаўнічы паваліў суперніка. Але Максім Бялоў ужо на падаючым сцяжку выратаваў і свайго капітана і каманду, і спачатку адбіў 11-мятровы ўдар, які ляцеў у правы ніжні ад яго вугал, а пасля зафіксаваў мяч намёртва. Адзначым, што гэта першы адбіты пенальці для гадаванца лідскага футбола ў матчах вышэйшага роўню.
Яшчэ можна адзначыць падачу вуглавога ўдара ад украінскага легіянера «Нёмана» Юрыя Панця, калі мяч з кута ледзь не заляцеў у браму, аблізаўшы перакладзіну варот.
Такім чынам «Нёман» стаў першым клубам з Беларусі, які выйграў еўракубкавы матч, у якім саступаў два мячы.
Таксама варта адзначыць, што на дадзеным этапе турніра 31-гадовы гарадзенец Павел Савіцкі з 4 мячамі ў трох гульнях ідзе на першым месцы ў спісе бамбардзіраў Лігі Канферэнцый.
Не можна не зацеміць, што верагодна адным з ключавых фактараў такой фантастычнай перамогі гарадзенцаў стала нацыянальная сімволіка – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», якія вывесіла група гарадзенскіх заўзятараў на стадыёне ў Кошыцах. Бо менавіта ўсе тры галы былі забітыя ў браму за якой вісеў беларускі сцяг. І які, дзякуючы прамой трансляцыі па дзяржаўным тэлебачанні, цягам 90 хвілінаў гульні маглі бачыць ўсе беларусы.
Прадаваў вынікам і гульнёю другі наш прадстаўнік у Лізе канферэнцый – жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ». У сустрэчы з грозным супернікам – ізраільскім «Макабі» з Хайфы жодзінцам ніхто не даваў аніякіх шанцаў на станоўчы вынік. Але падапечныя Дзьмітрыя Молаша, як і «Нёман» таксама паказалі характар. На ўмоўна «хатнім» стадыёне (што праўда з прычын небяспекі ў Ізраілі гульня ў адказ будзе таксама праходзіць у Венгрыі) «аўтазаводцы» адразу прапусцілі мяч у распранальню на апошняй хвіліне першага тайма. Але і адквіталі гол, як кажуць – на выхадзе з распранальні. На 48 хвіліне капітан каманды Кірыл Прэмудраў забіў фантастычным ударам з 25 метраў свой «капітанскі» гол. З такім лікам 1:1 гульня і скончылася.
З іншага боку нічога добрага не можна сказаць пра менскае «Дынама». Якое ва ўмоўна «хатнім» матчы саступіла даволі простаму суперніку – албанскай «Эгнаціі» з лікам 0:2. Пры гэтым не паказаўшы ні выразнай гульні ні характару. А вось для албанскай каманды гэта першая перамога з перавагай на два мячы ў еўракубках. Да гэтага каманда правяла 8 матчаў, у якіх здабыла тры перамогі – усе на адзін мяч.
Гіпатэтычныя супернікі беларускіх клубаў згулялі так. У гарадзенскага «Нёмана» – сербскія «Раднічкі» і фарэрскі «Клаксвік» згулялі 0:0.
У жодзінскага «Тарпеда» – польскі «Ракуў» перамог славацкую «Жыліну» з лікам 3:0.
А ў менскага «Дынама» – славенская «Алімпія Любляна» перамагла днём раней з лікам 4:2 андорскі «Інтэр Эскальдэс».
Што ж тычыцца іншых матчаў з беларускім удзелам, то казахская «Астана» Макса Эбонга і малдаўскі «Зімбру» Алега Кубарава, Дзяніса Казлоўскага, Мікалая Золатава і Цімафея Шаркоўскага згулялі ўнічыю (1:1). Золатаў адгуляў матч цалкам, Шаркоўскі выйшаў у старце і быў заменены на 77-й хвіліне, Казлоўскі выйшаў на поле на 46-й хвіліне, Эбонг не патрапіў у заяўку.
Кіпрыёцкі «Арыс» Арцёма Радзькова адолеў венгерскую «Акадэмію Пушкаша» (3:2).
Казахскі «Актабэ» Вячаслава Ляўчука і Мікіты Корзуна абыграў пражскую «Спарту» (2:1). Корзун правёў на полі ўсю гульню.
А віленскі «Жальгірыс» Юрыя Кендыша згуляў унічыю з паўночна-ірландскім «Лінфілдам» (0:0). Беларус адгуляў матч цалкам і на 51-й хвіліне атрымаў жоўтую картку.
Таксама адзначым выяздную перамогу з лікам 2:1 беластоцкай «Ягелоніі» над камандай «Нові Пазар» з аднайменнага мусульманскага рэгіёна Сербіі. Вырашальны мяч забіў Афіміку Пулулу, які выйшаў на замену.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






