У другім матчы серыі першага раунда плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі “Нёманам” прымаў “Гомель”. Першую гульню гарадзенцы правалілі, таму напярэдадні “Нёман” быў вельмі сканцэнтраваны ў абароне і практычна не памыляўся. Ключом да выніковага поспеху стала рэалізацыя большасці ў першым перыядзе. Форвард “рысяў” Ягор Анісімаў быў выдалены да канца гульні, і гаспадары пяць хвілін гулялі ў фармаце “5 на 4”. За гэты адрэзак у гарадзенцаў вызначыліся Арцём Осіпаў і Ігар Казячы. У сярэдзіне другой трэці Казячы аформіў дубль, на гэты раз у роўных складах. За ўвесь матч паўднёўцы так і не здолелі засмуціць брамніка “Нёмана” Міхаіла Карнаухова, а гульцы гаспадароў лёду Павел Ажгірэй і Захар Малашкевіч незадоўга да сірэны замацавалі поспех сваёй каманды дакладнымі кідкамі па пустой брамцы. 5:0 – хакеісты “Нёмана” параўнялі лічбы ў серыі да чатырох перамог 1:1. Раней “Шахцёр” разграміў “Хімік” 6:1 і падвоіў перавагу ў супрацьстаянні. Далей каманды пераедуць у Наваполацк, дзе згуляюць паміж сабой 13 і 15 сакавіка.

Баскетбалісткі “МІНСКА” выйгралі 22-і матч запар
Баскетбалісткі “МІНСКА” працягнулі пераможную серыю ў гульнях жаночага чэмпіянату Беларусі. Каманда Андрэя Ваўлева выйграла 22-і паядынак запар, разграміўшы на сваёй пляцоўцы баскетбалістак “Гомельскіх рысяў” з розніцай у 68 ачкоў – 100:32. Таксама чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі “Гарызонта” упэўнена перайгралі на хатняй арэне гарадзенскую “Вікторыю” – 90:39. У Гародні віцэ-чэмпіён Беларусі “Алімпія” была мацнейшай за рэзервістак БК “МІНСК” – 83:46. У актыве “МІНСКА” стала 42 ачкі, у “Алімпіі” 41 бал, “Гарызонт” набраў 40 ачкоў.
Футбольныя зборныя Беларусі і Расеі згуляюць у чэрвені ў Мінску
Футбалісты нацыянальных зборных Беларусі і Расеі правядуць у чэрвені таварыскі матч у Менску. Пра гэта паведаміў журналістам прэзідэнт Расейскага футбольнага саюза Аляксандр Дзюкаў, перадае ТАСС. Матч плануецца правесці ў чэрвені ў Менску на стадыёне “Дынама”. Канкрэтная дата гэтай сустрэчы стане вядома пазней.
Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру WTA-1000 у Індыян-Уэлсе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў чацвёрты круг турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам 9 мільёнаў 200 тысяч даляраў. Мінулай ноччу другая ракетка планеты перамагла ў 1/16 фіналу брытанскую тэнісістку Эму Радукану, якая займае 250-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:3, 7:5. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 35 хвілін.
Беларускае Радыё Рацыя