BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Неверагодны “ураджай” футбольнай Лігі чэмпіёнаў

У аўторак прайшлі 9 матчаў 3-га тура футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Першымі на поле выйшлі алматынскі «Кайрат», у складзе якога выступаюць два беларускія легіянеры, і кіпрскі «Пафас» з аднайменнага горада. Ужо з 4-й хвіліны з-за выдалення гульца гасцей казахстанскі клуб гуляў у бальшыні. Матч быў насычаны момантамі, але галоў так і не было зафіксавана – 0:0. Аляксандр Мартыновіч правёў цэлы паядынак, а Валер Грамыка быў заменены ў самай канцоўцы. «Кайрат» жа набраў першае ачко ў Лізе чэмпіёнаў.

У паралельнай сустрэчы «Барселона» без праблемаў разабралася з грэцкім «Алімпіякасам» – 6:1. Ужо ў першым тайме Фермін Лопес вызначыўся голавым дублем. Пасля перапынку госці адзін мяч адыгралі з пенальці, але далей забівала толькі «Барса»: Ламін Ямаль з 11-мятровага, двойчы Маркус Рэшфард, ну а Лопес аформіў хет-трык.

Познія вячэрнія матчы прынеслі наступныя вынікі: Міланскі «Інтэр» у Брусэлі адолеў бельгійскі «Юніён Сэнт-Жылуа» – 4:0. З такім жа лікам лонданскі «Арсенал» нечакана разграміў, здавалася б, баяздольны мадрыдскі «Атлетыка». Два мячы на рахунку шведскага форварда Віктара Дзьёкерэша.

Дортмундская «Барусія» на класе забрала тры ачкі ў Капенгагене, узяўшы верх над аднайменным мясцовым клубам – 4:2.

Найбольш насычаным на падзеі выдалася спатканне ў Леверкузене, дзе мясцовы «Байер» прымаў «Пары Сэн-Жэрмен»: два пенальці, два выдаленні і ажно 9 галоў. У выніку ПСЖ разграміў гаспадароў поля 7:2. У парыжан забіваў, хто хацеў, але дублем вызначыўся толькі Дэсір Дуэ.

У нідэрляндскім Эйндховене ПСВ па-сапраўднаму парадаваў сваіх заўзятараў, прынізіўшы чэмпіёна Італіі «Напалі» – 6:2. Пры тым гэта была валявая вікторыя, а неапалітанцы з-за выдалення дагульвалі матч у меншасці.

Іспанскі «Вільярэал» не знайшоў важкіх аргумантаў супраць ангельскага «Манчэстэр сіці» – 0:2. Яшчэ адзін брытанскі клуб «Ньюкасл» не меў праблем дома ў спаборы з лісабонскай «Бенфікай» – 3:0. Героямі спаткання сталі Энтані Гордан (гол і асіст) і Харві Барнс (два забітыя мячы).

Вечар выдаўся надзвычай ураджайным – ажно 43 галы ў 9 матчах – па 4,8 мяча ў сярэднім – неверагодна!

У розыгрышы баскетбольнага кантынентальнага Еўракубка пачаўся 4-ы тур. Звернем увагу на каманды з нашага сумежжа. Клайпедскі «Няптунас» прымаў на сваім паркеце нямецкі «Гамбург» і перамог 97:88. Гэта першая вікторыя нашых суседзяў літоўцаў у гэтым турніры.

На нейтральнай пляцоўцы ў сербскім Бялградзе сустрэліся ізраільскі «Хапаэль» з Ерусаліму і шлёнскі «Вроцлаў» з Польшчы. Перамаглі ерусалімцы – 86:69. У польскага клуба пасля гэтага дзве перамогі і дзве паразы.

А ў Менску прайшло лёсаванне «Фінала чатырох» 29-га розыгрыша Кубку Беларусі па баскетболе.

У паўфіналах жаночага турніру 22 лістапада пераможцы мінулага кубкавага турніру баскетбалісткі “Гарызонта” сустрэнуцца з “Мінскам”, а гарадзенская “Алімпія” згуляе з моладзевай камандай “Мінску”. Лепшыя ў паўфінальных сустрэчах 23 лістапада паспрачаюцца за галоўны трафей, а тыя, хто прайграе, вызначаць уладальніка бронзы.

У спаборы мужчынскіх каманд 29 лістапада дзейны ўладальнік Кубка краіны “Гродна-93” згуляе з баскетбалістамі “Мінска”, а магілёўскі “Барысфен” пазмагаецца з пераможцам матчаў паміж віцебскім “Рубонам” і берасцейскай “Вікторыяй”. Медальныя паядынкі мужчынскага Кубка адбудуцца 30 лістапада.

У амерыканскім Вестмонце завяршыўся другі этап Кубка свету па плаванні на кароткай вадзе з удзелам беларускіх спартоўцаў.

Айчынных плыўцоў у ЗША прадставілі Настасся Шкурдай і Ілья Шымановіч. Шкурдай выступіла ў фінале на дыстанцыі 200 метраў на спіне. Беларуска ў выніку заняла шостае месца. Перамогу з сусветным рэкордам святкавала Кейлі Макіаўн з Аўстраліі (1:57:87). Усяго ўдзел у гэтым відзе праграмы ўзялі 36 дзяўчат.

У вырашальным заплыве на дыстанцыі 200 метраў брасам Шымановіч фінішаваў восьмым з часам 2 хвіліны, 06,38 секунд. Лепшы вынік сярод 37 плыўцоў паказаў галандзец Каспар Корба (2:01,68). Раней Ілья заваяваў золата на стомятроўцы і срэбра на 50 метрах брасам. Пасля двух амерыканскіх этапаў у актыве беларуса 4 медалі (1-2-1).

Трэці і заключны этап Кубка свету па плаванні на кароткай вадзе 2025 года пройдзе ў канадскім Таронта з 23 па 25 кастрычніка.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя