BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Драматычная развязка спабора “Слована” і “Кайрата”

Учора, 12 жніўня, распачаліся гульні ў адказ трэцяга раўнда футбольных еўракубкаў.
Былі згуляныя 10 матчаў у Лізе чэмпіёнаў.

Азербайджанскі «Карабах Агдам» з буйным лікам 5:1 перайграў паўночна-македонскую «Шкендыю». Такім чынам македонцы пераходзяць у плэй-оф Лігі Еўропы. А каўказцы згуляюць за выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў з венгерскім «Ферэнцвараш», які ўчора перамог з лікам 3:0 крыўдзіцеля менскага «Дынама» балгарскі «Лудагорац». Ён у сваю чаргу ў Лізе Еўропы патрапляе на вышэйзгаданую «Шкендыю».

Дацкі «Капенгаген» разграміў шведскі «Мальмё» з лікам 5:0 і выйшаў у плэй-оф на швейцарскі «Базэль». А «Мальмё» пазмагаецца за выхад у групавы этап Лігі Еўропы з чэшскай «Сігмай».

Чэшская ж «Вікторыя» ў Пльзені перамагла шатландскі «Рэйнджэрс» з лікам 2:1, але гэтага было недастаткова пасля паразы 2:4 і таму далей ідуць шатландцы, якія пазмагаюцца ў Лізе чэмпіёнаў з бельгійскім «Бруге». Які ўчора перайграў аўстрыйскі «Рэд Бул» з лікам 3:2.
Турэцкі «Фенербахчэ» на сваім полі з хакейным лікам 5:2 адолеў нідэрландскі «Феенорд» і за кошт лепшай розніцы мячоў пасля паразы ў Ротэрдаме з лікам 1:2 прайшоў далей на партугальскую «Бенфіку», якая і другі раз перамагла французскую «Ніцу» з лікам 2:0.

Кіеўскае «Дынама» на жаль і другі раз саступіла кіпрыёцкаму «Пафасу». Гэтым разам з лікам 0:2. І пераходзіць у Лігу Еўропы. А «Пафас» пазмагаецца далей за выхад у групу Лігі чэмпіёнаў з сербскай «Црвенай Звездай». Якая ў сваю чаргу згуляла ўнічыю 1:1 з чэмпіёнам Польшчы – «Лехам», але за кошт перамогі ў Познані з лікам 3:1, крочыць далей. А «Лех» пазмагаецца за выхад у групавы этап Лігі Еўропы з бельгійскім «Генкам».  

Асобна выдзелім супрацьстаянне казахскага «Кайрата» ды славацкага «Слована». Адзначу адразу, што ўчора гэта быў адзіны матч, для вырашэння лёсу якога спатрэбіўся і дадатковы час і пасляматчавыя пенальці. Але галоўнае, што беларусы працягваюць змагацца ў Лізе чэмпіёнаў. Форвард Валер Грамыка і абаронца, ды яшчэ і капітан «Кайрата» Аляксандр Мартыновіч адгулялі ўсе 120 хвілінаў і паўдзельнічалі ў серыі пенальці. Тыдзень таму ў Алматы з лікам 1:0 перамог «Кайрат». Учора з такім самым лікам у Браціславе перамог «Слован». Але ў серыі вырашальных пенальці спачатку Валер Грамыка не здолеў перайграць брамніка славакаў. Аляксандр Мартыновіч свой пенальці забіў. Затым на дапамогу Грамыку прыйшоў брамнік казахаў Заруцкі і адбіў пенальці, а пасля і армянскі легіянер «Слована» Цігран Барсегян наогул прамазаў міма брамы. І такім чынам выручыў не толькі Валера Грамыку, але і дазволіў «Кайрату» ўпершыню ў гісторыі пазмагацца за выхад у групавы этап Лігі чемпіёнаў, дзе ён сустрэнецца з шатландскім «Селтыкам» 19 і 26 жніўня. А ў выпадку паразы таксама ўпершыню згуляць у групе Лігі Еўропы.

Што ж тычыцца індывідуальных паказнікаў беларускага форварда казахаў Валера Грамыкі, то нягледзячы на незабіты пенальці і жоўтую картку, ён меў некалькі выдатных момантаў цягам гульні, каб вызначыца і атрымаў найвышэйшую адзнаку ў камандзе.

А вось браціслаўскі «Слован» згуляе ў Лізе Еўропы са швейцарскім клубам «Янг Бойз».

Адзін матч учора адбыўся ў трэцім раўндзе Лігі Еўропы. Ірландскі «Шэлбурн» на сваім полі саступіў 1:3 харвацкай «Рыецы». І хоць тыдзень таму перамаглі ірландцы з лікам 2:1, менавіта розніца ў адзін мяч дазволіла харватам працягнуць змаганне ў раўндзе плэй-оф Лігі Еўропы, а «Шэлбурн» пераходзіць у Лігу канферэнцыяў.

Моладзевая зборная Беларусі па футболе правядзе першыя дзве сустрэчы адборавага этапу Еўра-2027 у грузінскім Горы. Там пройдуць намінальна хатнія гульні супраць Бельгіі і Аўстрыі 4 і 8 верасня адпаведна. Нагадаем, каманда Віталя Паўлава трапіла ў групу I, дзе пазмагаецца з Аўстрыяй, Бельгіяй, Даніяй і Уэльсам.

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка знаходзіцца на першым радку ў рэйтынгу WTA ужо 43-ты тыдзень запар і 51-ы – у агульнай суме. Такім чынам, Сабаленка паўтарыла дасягненне суайчынніцы Вікторыі Азаранкі, якая ў першай палове 2010-х таксама лідзіравала ў сусветным рэйтынгу сумарна 51 тыдзень.

Дадамо, што, незалежна ад зыходу Cincinnati Open-2025 і US Open, Сабаленка ўсё роўна застанецца першай ракеткай свету і перасягне паказчык Азаранкі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя