
Учора прайшлі некаторыя матчы еўрапейскага кваліфікацыйнага адбору на 23-і чэмпіянат свету па футболе, які ў наступным годзе пройдзе на стадыёнах ЗША, Канады і Мексікі.
Сустрэчы прынеслі наступныя вынікі:
Казахстан на сваім полі мінімальна саступіў Уэльсу з лікам 0:1. Грузія прайграла сваім суседзям з Турцыі з лікам 2:3. Літва на апошніх хвілінах гульні ледзь адыгралася ў матчы з Мальтай 1:1. Балгарыя саступіла Гішпаніі з лікам 0:3. Польшча ў Ратэрдаме згуляла ўнічыю 1:1 з Нідэрландамі. Бельгія на выездзе разграміла Ліхтэнштайн з лікам 6:0. Люксембург на сваім полі прайграў Паўночнай Ірландыі з лікам 1:3. Славакія сенсацыйна перамагла чатырохразовага чэмпіёна свету – зборную Германіі з лікам 2:0.
Сёння ж у барацьбу ўступіць і зборная Беларусі. Падапечныя Карласа Алоса свой першы матч згуляюць у Грэцыі. Акрамя гэтага ў нашай групе ёсць каманды Даніі ды Шатландыі.
Учора таксама былі згуляныя некаторыя матчы адборавага групавога этапа на 26-ы чэмпіянат Еўропы па футболе сярод моладзевых зборных, які ў 2027 годзе пройдзе ў Албаніі ды Сербіі.
Вось якія іх вынікі:
Фінляндыя разграміла Сан-Марына з лікам 7:0. Малдова прайграла Ірландыі з лікам 1:2. З такім сама лікам у самым паўночным дэрбі Еўропы зборная Фарэрскіх выспаў перайграла зборную Ісландыі.
У барацьбу за выхад на чэмпіянат Еўропы ўчора ўступіла і моладзевая зборная Беларусі. Падапечныя Віталя Паўлава на нейтральным полі ў грузінскім Горы даволі сенсацыйна згулялі ўнічыю 1:1 са зборнай Бельгіі. Нашы хлопцы адыграліся на 91 хвіліне, дзякуючы голу Цімафея Сіманенкі з «Гомеля», які “паклаў” мяч у сетку з паса Данііла Душэўскага. Такім чынам, моладзевая зборная Беларусі ўпершыню з 2018-га не прайграла матч адбору суперніку з двух верхніх кошыкаў лёсавання.
Наступную гульню нашым хлопцам граць з аднагодкамі з Аўстрыі. А на дадзены момант нашая зборная – лепшая з тых, што ідуць у сваіх групах на другім месцы, каб выйсці на Еўра.
Нагадаю, што ў фінальным турніры прыме ўдзел 16 зборных, складзеных з гульцоў, якія нарадзіліся не раней за 1 студзеня 2004 года.
Па выніках Еўра 2027 вызначацца чатыры зборныя ад Еўропы, якія прымуць удзел у Алімпійскіх гульнях 2028 года ў амерыканскім Лос-Анджэлесе
На чэмпіянаце Еўропы па баскетболу, што праходзіць адразу ў чатырох еўрапейскіх краінах учора былі згуляныя апошнія матчы групавога этапу. Якія прынеслі наступныя вынікі:
Боснія і Герцагавіна – Грузія 84:76. Францыя – Ісландыя – 114:74. Ізраіль – Славенія – 96:106. Італія – Кіпр – 89:54. Гішпнія – Грэцыя – 86:90. Зборная Польшчы усяго адно ачко саступіла Бельгіі – 69:70.
Такім чынам у 1/8 фінала згуляюць наступныя пары:
Літва – Латвія, Турцыя – Швецыя, Германія – Партугалія, Сербія – Фінляндыя, Грэцыя – Ізраіль, Польшча – Боснія і Герцагавіна, Італія – Славенія і Францыя – Грузія.
Учора былі згуляныя апошнія два матчы чэмпіяната свету па валейболе сярод жанчынаў, які праходзіць у Тайландзе.
Бразілія перамагла Францыю з лікам 3:0 (27:25, 33:31, 25:19).
А Турцыя перамагла каманду Злучаных Штатаў Амерыкі з лікам 3:1 (25:14, 22:25, 25:14, 25:23).
За выхад у фінал пазмагаюцца зборныя Японіі і Турцыі ды Італіі і Бразіліі.
На тэнісных турнірах Вялікага Шлема US Open вызначыліся апошнія паўфіналісты.
У мужчынскім разрадзе першая ракетка сусветнага рэйтынгу італьянец Янік Сінэр перайграў свайго суайчынніка – 10-ю ракетку Ларэнца Музетці з лікам 3:0 – 6:1, 6:4, 6:2.
За выхад у фінал Сінэр пазмагаецца з 27-й ракеткай канадыйцам Феліксам Ажэ-Альясімам.
А вось у жаночым разрадзе паўфіналісткай стала японская тэнісістка Наомі Осака (№24 WTA). У чвэрцьфінале яна перамагла 2:0 прадстаўніцу Чэхіі Караліну Мухаву (№13 WTA) – 6:4, 7:6. Осака ўпершыню з 2021 года згуляе ў паўфінале на турніры Grand Slam.
Увогуле, для Наомі гэта пяты паўфінал на турнірах Grand Slam. Яна станавілася чэмпіёнкай US Open у 2018 і 2020 гадах.
Закончым хакеем. Учора быў згуляны першы матч сезона 2025-26 у беларускай Экстралізе.
Менскае «Юнацтва» на сваёй пляцоўцы перайграла ў овер-тайме «Віцебск» з лікам 5:4.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






