
29 лістапада ў шведскім горадзе Эстэрсунд жаночай эстафетай стартаваў першы этап Кубка свету па біятлоне. Найбольш удалай на трасе і стралковых стэндах была каманда Францыі.
Другое месца занялі італьянкі, якія адсталі амаль на 14 секунд, трэцяя пазіцыя ў каманды Чэхіі. Усяго стартавала 19 камандаў. Квартэт Польшчы заняў 10-е месца, зборная Украіны – 15-е.
У мужчынскай аналагічнай эстафеце дамінавалі нарвежцы, пасля двух этапаў іх адрыў быў увогуле вялікім. Другое месца заняла французская каманда, якая фінішавала з 15-секундавым адставаннем. Бронзы дамагліся гаспадары этапа – шведы.
У нядзелю прайшлі дзве змешаныя біятлонныя эстафеты. Спярша быў так званы супермікст у фармаце 6 чалавек па 7 з паловай кіламетры. Выйграла Швецыя, сярэбранымі прызёрамі сталі іншыя скандынавы — нарвежцы. Бронза ў каманды Францыі.
А потым беглі эстафету 4 па 6 кіламетраў. Тут перамаглі французы, за якіх выступалі Эмільен Жаклен, Эрык Перо, Жусцін Брэза-Бушэ і Лу Жанмано. Другімі сталі італьянцы і толькі трэцімі нарвежцы.
У польскай футбольнай экстракласе прайшлі матчы 17 тура. «Пяст» з Глівіцэ, за які выступае беларус Герман Баркоўскі, саступіў дома лодзінскаму «Відзэву» – 0:2. ГКС (Катовіцэ) іншага беларускага форварда Ільі Шкурына прымаў на сваім полі шчэцінскую «Пагоню» і перамог 2:0. Шкурын выйшаў на поле на 65-й хвіліне.
Значна наблізіўся да групы лідараў чэнстахоўскі «Ракуў», які разграміў у Гдыні «Арку» – 4:1.
Беластоцкая «Ягелонія» гасцявала ў Любіне, дзе ў тумане змагалася з мясцовым клубам «Заглембе». «Яга» бальшыню матчу валодала ініцыятывай, але забіць так і не змагла – у выніку 0:0. На вяршыні табліцы працягвае быць «Гурнік» (Забжэ), у якога 30 ачкоў. 28 пунктаў у «Ягелоніі» і на два матчы менш. Трэцяя пакуль плоцкая «Вісла», у якой таксама 28.
А зараз перанясемся за акіян. У Перу на жывапісным стадыёне «Манументаль» у фінале футбольнага Кубка Лібертадорас сустрэліся два бразільскія клубы – «Палмейрас» і «Фламенга». Вікторыю з мінімальным лікам святкавала каманда з Рыо-дэ Жанейра. Адзіны мяч на 67-й хвіліне забіў Даніла. «Фламенга» чацвёрты раз у гісторыі выйграў Кубак Лібертадорас. Рэкардсменам па колькасці перамогаў у гэтым турніры ёсць аргенцінскі клуб «Індэпенд“ентэ» з прыгораду Буэнас-Айрэса – ён трыюмфаваў ажно 7 разоў.
А ў Паўночнай Амерыцы аргенцінец Ліанэль Месі пабіў здавалася б «вечны» рэкорд венгра Феранца Пушкаша па колькасці голавых перадач, які трымаўся амаль 60 гадоў. Здарылася гэта ў матчы «Інтэр Маямі» – «Нью-Ёрк сіці» – 5:1, дзе Мессі зрабіў 405-ы асіст у кар“еры, абышоўшы Пушкаша.
У Нідэрляндах і Германіі працягваецца чэмпіянат свету па гандболе сярод жанчын. У фінальным турніры бяруць удзел ажно 32 мацнейшыя дружыны планеты, падзеленыя на папярэднім этапе на 8 квартэтаў. Зборная Польшчы ў групе F спярша ўпэўнена адолела каманду Кітая – 36:20, а ў нядзелю сустракалася з дружынай Тунісу і ў няпростым змаганні перамагла 29:26. Такім чынам полькі датэрмінова выйшлі ў наступны раўнд першынства.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя





