Учора, 19 жніўня. трыма матчамі ў Лізе чэмпіёнаў стартаваў раўнд плэй-оф футбольных еўракубкаў за выхад у асноўны групавы раўнд. Сербская «Црвена Звезда» на сваім полі ў Белградзе саступіла кіпрыёцкаму «Пафасу» з лікам 1:2.

Венгерскі «Ферэнцвараш» таксама на сваім полі саступіў азербайджанскаму «Карабаху» з лікам 1:3. Хоць і вёў у гульні да 50 хвіліны. І шатландскі «Рэйнджэрс» у Глазга таксама сінхронна з усім саступіў бельгійскаму «Бруге» з такім самым лікам 1:3. Пры чым саступаў бельгійцам з разгромным 0:3 ужо да 20 хвіліне сустрэчы.
Учора ў Гомеле быў згуляны перанесены матч 1/16 фіналу Кубка Беларусі па футболе. Прадстаўнік першай лігі мясцовы «Лакаматыў» прымаў на сваім полі сталічнае «Дынама» і даў таму сапраўдны бой не па рангу. Каманды з розных дывізіёнаў дзве трэці сустрэчы гралі на роўных. Толькі на 59 хвіліне дынамавец Вакуліч адкрыў лік і на 77-й забіў форвард менчукоў Бахар, які не забіваў галоў з 31 ліпеня 2024 года. Тады яго гол дапамог менскаму «Дынама» перамагчы «Лудагорац» (1:0) у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. На 88 хвіліне «Лакаматыў» адзін гол адквітаў, але ў «чыгуначнікаў» ужо заставалася мала часу, каб перавесці гульню ў овер-тайм і таму ў 1/8 выходзіць «Дынама», дзе згуляе з «Віцебскам».
Таксама вырашальны кубкавы матч учора быў у Кубку Салея – Кубку Беларусі па хакеі.
У Салігорску быў згуляны апошні матч групавой стадыі ў групе А. У вочным супрацьстаянні за выхад у чвэрцьфінал мясцовы «Шахцёр» прымаў «Ліду». «Рыцары» па ходзе сустрэчы два разы вялі ў ліку, але не ўтрымалі перавагу і саступілі па ходзе трэцяга перыяду з агульным лікам 2:4.
Такім чынам чвэрцьфінальныя пары ў Кубку Салея выглядаюць наступным чынам:
«Юнацтва» Менск – «Магілёў»
«Брэст» – «Гомель»
«Віцебск» – «Шахцёр» Салігорск.
«Металург» Жлобін – «Нёман» Гародня.
Першая ракетка свету Янік Сінер не змог дагуляць фінальны матч супраць гішпанца Карласа Алькараса (№2 ATP) на тэнісным турніры ATP 1000 у амерыканскім Цынцынаці.
Пры ліку 0:5 у першым сэце італьянец узяў медыцынскі тайм-аўт, а затым зняўся з матча і не змог абараніць тытул. Тэнісісты правялі на корце 23 хвіліны. Алькарас павёў у асабістых сустрэчах з лікам 9 – 5. Для 22-гадовага Карласа гэта 22-і тытул на ўзроўні ATP у кар’еры і 8-ы на турнірах серыі «Мастэрс». У 2025 годзе ён выйграў 6 тытулаў, з якіх 3 – на ўзроўні ATP 1000 – у італьянскіх Монтэ-Карла і Рыме, і зараз у амерыканскім Цынцынаці.
Другая ракетка ў свеце польская тэнісістка Іга Свёнтак абыграла італьянку Жасмін Пааліні (№8 WTA) у фінале турніру WTA 1000 у тым жа Цынцынаці з лікам 2:0 – 7:5, 6:4.
Для 24-гадовай Ігі гэта 11-ы тытул на ўзроўні турніраў WTA 1000 і ў цэлым першы за 15 месяцаў. Дзякуючы гэтай перамозе яна ўзнялася на другую пазіцыю ў рэйтынгу.
Больш тытулаў, з моманту стварэння гэтай серыі ў 2009 годзе, толькі ў амерыканкі Серэны Уільямс – 13.
А тым часам там жа ў Злучаных Штатах Амерыкі распачаліся адборачныя турніры на заключным з чатырох турніраў Вялікага шлема – US Open. Дзе з 18 па 21 жніўня са 128 спартоўцаў з па-за топ рэйтынгу ў мужчынскім і жаночых разрадах вызначацца па 16 лепшых, якія прымуць удзел у асноўнай сетцы турніру, які пройдзе з 24 жніўня па 7 верасня.
Учора на першай стадыі чвэрцьфіналу 171 ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Ірына Шымановіч перамагла 131 ракетку аўстрыйку Сінья Краўс з лікам 2:1 – 6:3, 2:6, 7:5. Сёння ў паўфінале беларуска сустрэнецца са 166 ракеткай расейкай Аксанай Селехмецьевай, якая перад тым прайшла 175 ракетку аргенцінку Юлію Рыера з лікам 2:1 – 2:6, 6:0, 6:3.
Прызавы фонд US Open, які ў гэтым годзе праводзіцца ў юбілейны 145-ы раз, складае па 37.5 мільёны даляраў у ATP і WTA.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






