Экс-барэц Аляксандр Мядзведзь памёр на 87 годзе жыцця. За гады спартовай кар’еры Мядзведзь тры разы заваёўваў золата Алімпійскіх гульняў. Таксама ў яго 7 залатых медалёў чэмпіянатаў свету, ён з’яўляўся 9-разовым пераможцам першынства СССР. Мядзведзь прызнаваўся найлепшым спартоўцам Беларусі XX стагоддзя, найлепшым барцом XX стагоддзя, найлепшым барцом вольнага стылю ў гісторыі сусветнага спорту, быў уключаны ў Залу спартовай славы барацьбы. У канцы 2020-га Мядзведзь увайшоў у лік першых падпісантаў ліста за рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Бокій і Салей выйшлі ў фінал Паралімпіяды на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем
Беларускі спартовец Ігар Бокій выйшаў у чарговы фінал на XVII Паралімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. У ранішняй праграме панядзелка самы тытулаваны беларускі паралімпіец быў прадстаўлены ў другім адборавым заплыве на паўсотні метраў вольным стылем. Бокій паказаў час 23,60 секунды і прайшоў у фінал з найлепшым часам. Медалі ў гэтай дысцыпліне будуць разыграны ўвечары, Ігар будзе змагацца за званне 20-разовага чэмпіёна Гульняў. Яшчэ адзін беларус Дзмітрый Салей заняў у агульнай табліцы сёмае месца і таксама прабіўся ў фінал.
“Ліверпуль” разграміў “Манчэстэр Юнайтэд” у матчы 3-га тура АПЛ
У матчы 3-га тура англійскай Прэм’ер-лігі сустракаліся “Манчэстэр Юнайтэд” і “Ліверпуль”. “Ліверпуль” разграміў суперніка з лікам 3:0. На сёмай хвіліне забіў абаронца «Ліверпуля» Трэнт Аляксандэр-Арнольд, аднак яго гол быў адменены. На 35-й хвіліне вызначыўся нападнік «Ліверпуля» Луіс Дыяс з перадачы Махамеда Салаха. На 42-й хвіліне Дыяс аформіў дубль таксама з паса Салаха. На 56-й хвіліне вызначыўся голам ужо сам Салах. “Ліверпуль” пасля гэтай перамогі набраў дзевяць ачкоў і падняўся на другі радок. “Манчэстэр Юнайтэд” займае 14-е месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі. Каманда набрала тры ачкі за тры матчы. На першым месцы знаходзіцца “Манчэстэр Сіці”, у якога дзевяць ачкоў у трох гульнях.
У матчы чацвёртага тура чэмпіянату Іспаніі мадрыдскі “Рэал” перамог “Беціс” з лікам 2:0. Абодва мячы забіў французскі форвард Кіліян Мбапэ, другі з іх з пенальці. «Баварыя» дзякуючы галам Кейна і Мюлера перамагла «Фрайбург» у матчы 2-га тура Бундэслігі 2:0 і займае другое месца ў турнірнай табліцы. «Баер» саступіў «РБ Лейпцыг» 2:3. Падначаленыя Хабі Алонса выйгравалі 2:0 па ходу гульні. Гэта першая параза «Баера» ў чэмпіянаце Германіі з 27 траўня 2023 года, калі ў заключным туры сезона каманда прайграла «Бохуму» 0:3. Серыя без паразаў «Баера» ў Бундэслізе налічвала 35 матчаў. У матчы 3-га тура чэмпіянату Італіі, у якім сустракаліся турынскі “Ювентус” і “Рома” зафіксавана нічыя – 0:0. Падчас матчу арбітр паказаў чатыры жоўтыя карткі. “Ювентус” займае другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Італіі. Каманда набрала сем ачкоў за тры матчы. “Рома” набрала два ачкі і знаходзіцца на 16-м месцы.
Кітаянка Сінвэнь Жан будзе суперніцай Сабаленкі ў 1/4 фіналу чэмпіянату ЗША па тэнісе
У жаночым адзіночным разрадзе адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе вызначыліся дзве чвэрцьфінальныя пары. У матчы за выхад у паўфінал суперніцай другой ракеткі планеты беларускі Арыны Сабаленкі будзе сёмы нумар сусветнага рэйтынгу кітайская тэнісістка Сінвэнь Жон. Сабаленка ў 1/8 фіналу ўпэўнена перайграла 35-ю ракетку планеты бельгійку Элізэ Мёртэнс – 6:2, 6:4. Яшчэ ў адным чвэрцьфінале іспанка Паўла Бадоса сустрэнецца з прадстаўніцай ЗША Эмай Навара, якая выбіла з барацьбы чэмпіёнку US Open-2023 амерыканку Коры Гаўф.
Ляўша пакінуў «Брэст»
31-гадовы беларускі форвард Арцём Ляўша пакінуў «Брэст». За «зуброў» гулец прыняў удзел у трох турнірах: Кубак Дубко – 2 матчы, 1 (1+0) бал. Кубак Салея – 5, 1 (1+0). Кубак Дружбы – 3, 1 (0+1). Раней форвард выступаў за «Хімік», «Юнацтва», «Шахцёр» і гарадзенскі «Нёман».
Беларускае Радыё Рацыя