
Шосты паядынак у серыі першага раўнда плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж “Берасцем” і “Віцебскам” прайшоў на поўдні краіны. Хакеісты “Берасця” выходзілі на хатнюю пляцоўку, саступаючы ў серыі 2:3. Параза заканчвала б для паўднёўцаў сезон. У чатырох з пяці папярэдніх матчаў серыі “зубры” прапускалі найменш тры шайбы, але менавіта ў ключавы на дадзены момант гульні гаспадары прадэманстравалі лепшыя якасці ў абароне. “Віцебск” за 60 хвілін так і не здолеў узламаць ахоўныя парадкі суперніка, у той час як берасцейцы яшчэ ў першым перыядзе забяспечылі сабе адрыў у два галы – вызначыліся Яўген Кунцэвіч і Віктар Боўбель. Лічбы 2:0 пратрымаліся на табло да фінальнай сірэны. Такім чынам, зыход супрацьстаяння “Віцебску” і “Берасця” вырашыць сёмы матч, які адбудзецца ў віцебскім лядовым палацы ў пятніцу.
Квартальнаў хоча застацца ў менскім “Дынама”
Галоўны трэнер менскага “Дынама” Дзмітрый Квартальнаў хацеў бы застацца на сваёй пасадзе ў наступным сезоне, пра гэта ён заявіў падчас прэс-канферэнцыі, перадае Sputnik. Клуб трэнер узначаліў у красавіку мінулага года і ў бягучым сезоне здолеў вывесці “Дынама” у першы раўнд плэй-оф, на этапе якога спартоўцы і завяршылі выступы. “Вядома, хацеў бы застацца ў Менску, тут вельмі шмат плюсаў. Не павінны таптацца на адным месцы, гэта раз’юшвае. Мы павінны ісці наперад”, – сказаў ён. Настаўнік упэўнены, што ў наступным сезоне “зубры” будуць мацнейшымі. Генеральны дырэктар ХК “Дынама-Менск” Арцём Каркоцкі паведаміў, што кантракт у Квартальнава разлічаны на тры гады – 2+1. “Таму яшчэ не рабілі дасканалы аналіз, не падводзілі нейкіх вынікаў. Збяромся, абавязкова зробім гэта і будзем рухацца далей”, – удакладніў ён.
Антырэкордная серыя не спыняецца: “Менск” прайграў 33-ці матч запар
Баскетбалісты “Менска” у чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ прайгралі 33-ці матч запар. На гэты раз менчукі саступілі ў Ніжнім Ноўгарадзе мясцоваму клубу — 61:74. Беларускі клуб прайграў усе матчы на першым этапе. Пасля яго заканчэння на другім этапе гуляе сярод слабейшых клубаў, але і з імі справіцца не можа. 24 сакавіка “Менск” прымае маскоўскую “Руну”.
Беларускія футбалісты саступілі чэхам у кваліфікацыі юнацкага ЧЕ
Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-17) у Босніі і Герцагавіне прайгралі на старце элітнага этапу адборачнага турніру першынства Еўропы. У матчы 8-й кваліфікацыйнай групы беларусы саступілі чэхам з лікам 0:1, прапусціўшы мяч у самым канцы сустрэчы. Свой наступны паядынак падначаленыя Дзмітрыя Караткевіча правядуць 23 сакавіка з камандай Польшчы, якая разграміла баснійцаў з лікам 4:1.
“Баварыя” не збіраецца запрашаць Клоппа на пасаду галоўнага трэнера
Спартовы дырэктар мюнхенскага футбольнага клуба “Баварыя” Макс Эберл заявіў, што каманда не будзе запрашаць Юргена Клопа, які пакідае англійскі “Ліверпуль”, на пасаду галоўнага трэнера, перадае Sport Bild. Цяпер “Баварыю” трэніруе Томас Тухель. Пры ім клуб з Мюнхена рызыкуе ўпершыню з сезона-2012/13 не выйграць Бундэслігу. За восем тураў да заканчэння чэмпіянату краіны каманда на дзесяць ачкоў адстае ад леверкузенскага “Баера”. Клоп узначальвае “Ліверпуль” з восені 2015 года. Пад яго кіраўніцтвам клуб выйграў чэмпіянат Англіі, Кубак Англіі, Кубак англійскай лігі, Лігу чэмпіёнаў, клубны чэмпіянат свету і Суперкубак УЕФА.
Беларускае Радыё Рацыя






