
У першым паўфінальным матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў лонданскі «Арсенал» прымаў на сваім полі “Пары Сэн-Жэрмэн” з Францыі. Ужо ў самым дэбюце госці абрынулі на галаву «кананіраў» цэбар халоднай вады – пасам Хвічы Кварацхеліі ўдала скарыстаўся Усман Дэмбеле – 0:1. Цягам першай паловы французскі чэмпіён выглядаў больш пераканаўча. Адразу пасля антракту арсенальцы параўнялі лік, аднак VAR зафіксаваў афсайд і гол анулявалі. Сустрэча праходзіла на высокіх хуткасцях, але больш забітых мячоў гледачы не пабачылі. Так што цяпер усё вырашыцца ў Парыжы.
Тым часам стала вядома, што цяперашні галоўны трэнер леверкузенскага «Байера» Хабі Алонса блізкі да падпісання кантракту з мадрыдскім «Рэалам». Сваё дзейснае пагадненне з нямецкім клубам іспанскі спецыяліст праўдападобна скончыць датэрмінова. Раней нямецкі трэнер Юрген Клоп выказваў жаданне ўзначаліць «Рэал». А цяпер ён можа стаць на чале нямецкай нацыянальнай зборнай.
ЗША і Канада дамінуюць на юнацкім чэмпіянаце свету па хакеі
На чэмпіянаце свету па хакеі сярод гульцоў да 18 гадоў у заключным паядынку групавога этапа дружына ЗША адолела каманду Германіі – 5:3. Такім чынам амерыканцы ўпэўнена занялі першае месца ў групе B. У квінтэце ж А гэтак жа пераканаўча дамінавала зборная Канады, якая таксама выйграла ўсе свае матчы. Сёння, 30 траўня, пройдуць чвэрцьфінальныя паядынкі. У іх сустрэнуцца: Славакія – Германія, Швецыя – Фінляндыя, Канада – Чэхія і ЗША – Латвія. Апошняя сустрэча адбудзецца ўжо ўначы па еўрапейскім часе.
Чэмпіянат свету па снукеры: усё сама цікавае напепрадзе
На чэмпіянаце свету па снукеры надышла пара чвэрцьфіналаў. Учора гуляліся першыя сустрэчы на гэтай стадыі. Яны вядуцца да 13 выйграных фрэймаў. Пасля першай сваёй сесіі сяміразовы чэмпіён планеты Роні О’Саліван, які ажно 27-ы раз бярэ ўдзел у спаборы мацнейшых, перамагае маладога кітайскага майстра Сі Цзяхуэя – 6:2, у паралельным матчы з лікам 5:3 наперадзе іншы ангелец Джад Трамп, які пакуль даводзіць сваю перавагу над бельгійцам Люком Брэсэлем. Іншыя пары згулялі ўжо па дзве сесіі. Кітаец Чжао Сіньтун фактычна адной нагой у паўфінале – ён выйграе ў брытанца Крыса Уэйкліна 12:4. А вось змаганне паміж шатляндцам Джонам Хігінскам і валійцам Маркам Уільямсам надзвычай зацятае – пакуль у матчы парытэт – 8:8.
Баскетбольны «Фенербахчэ» выйшаў у паўфінал Еўралігі
Працягваецца плэй-оф – стадыя чвэрцьфіналаў у баскетбольнай Еўралізе. У аўторак прайшлі два матчы. «Парыж» прымаў на сваім паркеце турэцкі «Фенербахчэ» і саступіў у авертайме 88:98. Лік у серыі стаў 3-0 і «Фенер» выйшаў у паўфінал.
Мадрыдскі «Рэал» дома змагаўся з грэцкім «Алімпіякасам» з горада Пірэй і перамог 80:72. У гэтай пары наперадзе аднак пакуль балканцы – 2-1.
На жаночым чэмпіянаце Беларусі па баскетболе ідзе паўфінальная стадыя. Гарадзенская «Алімпія» у Менску адолела 61:56 каманду «Мінск» і скараціла розніцу ў серыі – 1-2. Наступная сустрэча пройдзе таксама ў сталіцы – 1 траўня.
Азаранака і Сабаленка перамагаюць у Мадрыдзе
На тэнісным турніры ў Мадрыдзе пасля наладкі электрычнасці ў аўторак праходзілі сустрэчы 1/16-й фінала ў мужчынскім і жаночым адзіночным разрадах, а таксама чвэрцьфіналы параў. Беларуска Вікторыя Азаранка ў дуэце з амерыканкай Эшлін Кругер узялі верх над прадстаўніцамі ЗША Коры Гаўф і Робін Мантгомеры за два сэты. Лік па партыях 7:6 (7:5), 6:3. Спабор доўжыўся 1 гадзіну 28 хвілін.
У канкурэнцыі жанчын полька Іга Свёнтэк не без праблемаў адолела расейку Дзіяну Шнайдэр – 6:0, 6:7 (3:7 на тай-брэйку), 6:4. Беларуска Арына Сабаленка давяла сваю перавагу над амерыканкай Пэйтан Стырнс – 6:2, 6:4. Таксама за два сэты ўкраінка Эліна Світоліна разабралася з Марыяй Сакары з Грэцыі – 6:3, 6:4. Далей Сабаленка сустрэнецца з украінкай Мартай Касцюк, якая перамагла расейку Анастасію Патапаву – 6:3, 6:2. А Свёнтэк скрыжуе ракеткі з амерыканкай Мэдзісан Кіз.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






