
Беларускія легіянеры ў польскай футбольнай Экстракласе ў гэтым туры на дваіх забілі тры галы.
«ГКС Катавіцы» гуляў у гасцях з люблінскім «Маторам» у матчы 12-га тура чэмпіянату Польшчы і перамог з лікам 5:2. Беларускі форвард шлёнскай каманды Ілля Шкурын выйшаў на поле на 64 хвіліне гульні і вызначыўся двума забітымі мячы на 73-й і 82-й хвілінах.
У бягучым сезоне 26-гадовы Шкурын правёў пяць матчаў за «ГКС» і вызначыўся адным голам.
Раней нападнік выступаў за варшаўскую «Легію», дзе правёў дзевяць матчаў ва ўсіх турнірах гэтага сезона, у якіх забіў адзін мяч.
А таксама ўчора «Пяст» у Глівіцах прымаў гданьскую «Лехію». Беларускі форвард «Пяста» Герман Баркоўскі выйшаў у старце і на 50-й хвіліне матча вызначыўся голам, зрабіўшы лік 1:1. Агулам ж яго каманда саступіла на апошняй хвіліне гульні з лікам 1:2.
Нагадаем, у матчы 11-га тура са шчэцінскай «Пагоняю» (1:2) беларус таксама забіў, адзначыўшыся дэбютным голам за клуб.
У бягучым сезоне беларус правёў за «Пяст» 10 матчаў ва ўсіх турнірах і забіў два мячы.
Беластоцкая «Ягелонія» на сваім полі з буйным лікам 4:0 разграміла «Арку» з Гдыні. Галамі адзначыліся Серхіё Лазана, Юсуф Сіла і двойчы Афіміка Пулулу.
«Ягелонія» ж з 24 ачкамі і ўзначальвае табліцу Экстракласы. «ГКС» Іллі Шкурына з 11 ачкамі ідзе на 14-м месцы, а «Пяст» Германа Баркоўскага замыкае табліцу з 7 пунктамі, што праўда мае 2 гульні ў запасе.
У Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе быў згуляны 25 тур.
Койданаўскі «Арсенал» саступіў на сваім полі прысталічнай «Іслачы» з лікам 0:1.
Берасцейскае «Дынама» перайграла «Віцебск» – 2:1.
«Смаргонь», якая змагаецца за выжыванне ў чэмпіянаце, чарговы раз на сваім полі здабыла важныя тры пункты. Гэтым разам пад раздачу самай хатняй каманды ніза турнірнай табліцы патрапіў барысаўскі «БАТЭ» і саступіў «мядзьведзям» з лікам 0:1.
Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» прытармазіла мазырскую «Славію» з лікам 3:2. Прычым «Славія» саступала з лікам 0:3 і ёй проста не хапіла часу, каб яго параўняць.
Таксама аступіўся яшчэ адзін лідар чэмпіяната – менскае «Дынама» на Нацыянальным стадыёне згуляла ўнічыю 0:0 з «Гомелем». «Дынама» перапыніла 4-матчавую пераможную серыю. Каманда не прайграе 5 сустрэч запар.
А вось асечкамі пераследнікаў скарыстаўся віцебскі «МЛ», які скінуў з сябе праклён зацяжной серыі з 4 запар паразаў і гэтым разам ужо пад кіраваннем Міхаіла Марціновіча з буйным лікам 4:1 абыграў «Мінск».
Унічыю 2:2 згулялі перадапошняя і апошняя каманды чэмпіяната – «Слуцк» ды «Маладэчна». Пры тым, што случакі на сваім полі ўратаваліся ад паразы толькі на 92-й хвіліне з пенальці.
Гарадзенскі «Нёман», таксама дзякуючы 11-метроваму ўдару, здолеў перамагчы наваполацкі «Нафтан» з мінімальным лікам 1:0.
Такім чынам на першым месцы па-ранейшаму ідзе «МЛ» з 55 ачкамі, на другім месцы – менскае «Дынама», якое мае 49 пунктаў і гульню ў запасе і на трэцяй пазіцыі – «Славія» з 47 ачкамі. Гарадзенскі «Нёман» па-ранейшаму на 8 месцы. І замыкаюць табліцу – «Смаргонь», «Слуцк» ды «Маладэчна».
У беларускай хакейнай экстралізе былі згуляныя чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіяната.
«Ліда» спачатку перамагла гарадзенскі «Нёман» з лікам 4:2, а пасля саступіла 0:2.
Баранавіцкі «Авіятар» двойчы перамог «Брэст» – 4:2 і 3:1.
«Магілёў» спачатку прайграў наваполацкаму «Хіміку» з лікам 3:6, а пасля перамог у овертайме – 3:2.
Жлобінскі «Металург» прайграў «Дынама-Маладэчна» з лікам 0:3.
«Юнацтва» ў Менску перайграла салігорскі «Шахцёр» – 3:2.
Аршанскі «Лакаматыў» саступіў «Віцебску» – 1:3.
І «Гомель» у Смаленску перамог «Славуціч» з лікам 3:2.
Узначальваюць турнірную табліцу па-ранейшаму – «Дынама-Маладэчна» і «Ліда», яны маюць па 28 ачкоў.
Прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларускіх гульцоў.
«Вашынгтон» Аляксея Протаса абыграў «Мінесоту» (5:1). Протас правёў на лёдзе 16 хвілін 28 секунд, закінуў шайбу, нанёс тры кідкі па варотах, адзін раз заблакаваў кідок суперніка, дапусціў адну страту шайбы і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
У 5 матчах цяперашняга сезона на рахунку Аляксея Протаса 6 (4+2) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+5». Ён другі бамбардзір каманды.
Таксама па колькасці пераможных галоў Пратас абышоў Уладзіміра Цыплакова і выйшаў на пятае месца сярод беларусаў у гісторыі лігі, параўняўшыся з Сяргеем Касціцыным.
У тройцы лідараў застаюцца Андрэй Касціцын (20), Міхаіл Грабоўскі (18) і Ягор Шаранговіч (14).
Усяго на рахунку Аляксея Пратаса 47 закінутых шайб у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ.
У бягучым сезоне ён вызначыўся чатыры разы – гэта найлепшы вынік сярод гульцоў «Вашынгтона».
«Чыкага» Арцёма Леўшунова па булітах саступіла «Ванкуверу» (2:3). Леўшуноў правёў на лёдзе 13 хвілін 47 секунд, адзначыўся адной галявой перадачай, нанёс адзін кідок па варотах і выканаў адзін сілавы прыём, завяршыўшы матч з паказчыкам карыснасці «-1».
У сезоне ў Леўшунова 2 (0+2) балы ў 5 гульнях, пры паказчыку карыснасці «+4».
«Калгары» Ягора Шаранговіча на гасцявым лёдзе пацярпелі разгромную паразу ад «Вегаса» з лікам 1:6. Беларускі нападнік гуляў на правым флангу трэцяга звяна з Мэтам Караната і Морганам Фростам. У выніку ён правёў на лёдзе 15:00 (з іх 1:07 у большасці), зрабіў 2 кідкі міма, 2 блокі, правёў 1 сілавы прыём і зарабіў паказчык карыснасці «-1».
У бягучым сезоне НХЛ на рахунку Шаранговіча 6 праведзеных матчаў, 1 (0+1) выніковае ачко і паказчык карыснасці «-3». У апошніх чатырох гульнях Ягор сыходзіць з лёду без набраных балаў.
«Каларада» Іллі Салаўёва абыграў «Бостан» (4:1). Беларус правёў на пляцоўцы 15:28 і з іх 0:09 у меншасці, нанёс 1 кідок міма, заблакаваў 2 кідкі, правёў 1 сілавы прыём, здзейсніў 1 перахоп і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






