У матчы ў адказ за месца ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі-2024 “Віцебск” узяў верх над “Энергетыкам”-БДУ з лікам 1:0.

Адзіны гол з пенальці забіў Руслан Тэвераў на 7-й хвіліне. Першы матч гэтых супернікаў завяршыўся ўнічыю 0:0, таму па суме гульняў пуцёўку ў “вышку” заваяваў “Віцебск”. “Студэнты”, у сваю чаргу, апускаюцца ў першую лігу.
«Ювентус» мінімальна перайграў «Напалі» і ўзначаліў Серыю А
У матчы 15-га тура чэмпіянату Італіі, у якім “Ювентус” прымаў “Напалі” паядынак завяршыўся мінімальнай перамогай гаспадароў. Адзіны гол забіў абаронца турынскага клуба Федэрыка Гаці. Пасля гэтай перамогі “Ювентус” узначаліў турнірную табліцу Серыі А, набраўшы 36 ачкоў. У «Інтэра» 35 балаў і матч у запасе. У «Напалі» 5-ы радок і 24 пункты.
Раналду стаў першым палявым гульцом, які правёў 1200 матчаў у кар’еры.
Нападнік “Аль-Насра” і зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду стаў першым палявым гульцом, які правёў 1200 матчаў у кар’еры, паведамляецца на сайце Міжнароднай федэрацыі футбольнай гісторыі і статыстыкі (IFFHS). Юбілейнай для форварда стала гульня з “Аль-Рыядам” (4:1) у 16-м туры чэмпіянату Саудаўскай Аравіі. У матчы партугалец адзначыўся голам і выніковай перадачай.
Раналду правёў 31 матч за “Спортынг”, 346 – за “Манчэстэр Юнайтэд”, 438 – за “Рэал”, 134 – за “Ювентус”, 46 – за “Аль-Наср” і 205 – за зборную Партугаліі. У гісторыі футбола 1200 матчаў таксама згулялі тры брамнікі — Ражэрыа Сені (1225), Пітэр Шылтан (1217) і Фабіа (1200).
Сярод палявых гульцоў бліжэй за ўсіх да Раналда размясціўся экс-абаронца «Рэала» і зборнай Бразіліі Раберта Карлас — 1090 матчаў.
Ягор Шаранговіч з форвардаў “Калгары” больш за ўсіх прабыў на лёдзе і зрабіў выніковую перадачу
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ “Калгары” дома ўзяў верх над “Каралінай” з лікам 3:2, адыграўшыся з 0:2. Беларус у меншасці зрабіў галявую перадачу перад трэцяй шайбай “Калгары”, якая ў выніку стала пераможнай для канадскага клуба. Шаранговіч правёў на лёдзе 21 хвіліну 24 секунды — найлепшы айстайм сярод форвардаў “Калгары” і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці “+1”.
Беларускі абаронца “Калгары” Ілья Салаўёў правёў сустрэчу ў трэцяй пары абаронцаў, згуляў 10 хвілін 20 секунд, здзейсніў адзін сілавы прыём і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці “0”.
Ёханэс Бё выйграў першую гонку ў сезоне
У рамках другога этапа Кубка свету па біятлоне першую асабістую гонку ў сезоне выйграў дзейны ўладальнік Вялікага Хрустальнага глобуса Ёханэс Бё. Нарвежац стартаваў у гонцы пераследу з 11-й пазіцыі, дапусціў усяго адзін промах і ўпэўнена апярэдзіў усіх канкурэнтаў.
Другім на фінішы быў нарвежац Ёханэс Дале, трэцім — пераможца спрынту Тар’е Бё. У жанчын выйграла шведка Эльвіра Эберг у гонцы пераследу на 10 км. Другое месца заняла прадстаўніца Швейцарыі Лена Хекі-Грос, на трэцяй пазіцыі фінішавала нарвежка Інгрыд Тандрэвалд.
Усяго стартавалі 59 удзельніц.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: football.by






