Польская «Вісла» на сваёй пляцоўцы ў Плоцку ўпэўнена перамагла французскі «Нант» — 28:25. Беларускі гандбаліст Кірыл Самойла на поле не выходзіў з-за траўмы. Пераможца гэтай пары сустрэнецца ў 1/4 фіналу з лісабонскім «Спортынгам».

Таксама з мінімальнай перавагай у гасцях святкаваў поспех «Пары Сэн-Жэрмен», які перайграў венгерскі «Пік» — 31:30. А вось польскі «Кельцэ», нягледзячы на чатыры выніковыя кідкі беларуса Арцёма Каралька, саступіў нямецкаму «Берліну» — 27:33. На рахунку Каралька ўжо 41 гол у гэтым сезоне Лігі чэмпіёнаў.
Ілля Протас феерыць на старце плэй-оф у Канадзе
Юны хакеіст з Віцебска Ілля Протас выдаў цудоўны матч у стартавай гульні плэй-оф Хакейнай лігі Антарыа. Яго «Віндзор» разграміў «Су-Сент-Мары» з лікам 7:2, а сам беларус адзначыўся чатырма выніковыми перадачами і стаў другой зоркай сустрэчы. У «гладкім» сезоне Протас быў другім сярод бамбардзіраў лігі і атрымаў званне найлепшага гульца сакавіка. Наступны матч серыі — ужо 30 сакавіка.
Футбол вяртаецца: другі тур стартуе ў Мазыры і Барысаве
Пасля паўзы на матчы зборных у Беларусі аднаўляецца чэмпіянат краіны па футболе. У Мазыры мясцовая «Славія» прымае дэбютанта сезону – «Маладзечна». У першым туры мазыране згулялі ўнічыю з «Іслаччу», а госці саступілі «Нёману» 0:3. У Барысаве БАТЭ, які стартаваў з перамогі над «Віцебскам», згуляе з той жа «Іслаччу». Асноўная частка матчаў другога тура пройдзе 29 і 30 сакавіка.
«Барселона» не пакінула шанцаў «Асасуне»
Каталонскі гранд упэўнена разабраўся з «Асасунай» у 27-м туры чэмпіянату Іспаніі — 3:0. Лік адкрыў Феран Торэс ужо на 11-й хвіліне. Далей Дані Ольма з другой спробы рэалізаваў пенальці, а пад канец сустрэчы Роберт Левандоўскі паставіў тлустую кропку. Пасля перамогі «Барса» застаецца на вяршыні табліцы з 63 баламі, а «Асасуна» займае 14-е месца.
НБА плануе выйсці на еўрапейскі паркет
У НБА гучаць амбіцыйныя планы — кіраўніцтва лігі разглядае магчымасць запуску паўнавартаснага турніру ў Еўропе. Ініцыятыва прадугледжвае стварэнне новай баскетбольнай лігі з удзелам 10 клубаў, частка з якіх можа прадстаўляць вядучыя каманды Еўралігі. Праект, які абмяркоўваецца разам з ФІБА, можа стаць пераломным момантам у развіцці клубнага баскетбола на кантыненце. Пры гэтым НБА будзе валодаць паловай лігі, астатняя частка пяройдзе інвестарам. Гаворка ўжо ідзе пра магчымыя франшызы ў Парыжы і Лондане — іх кошт можа дасягнуць $500 млн. Галасаванне сярод уладальнікаў клубаў па гэтым пытанні чакаецца ўжо на гэтым тыдні.
Беларускае Радыё Рацыя






