
Учора былі згуляныя 18 матчаў 6 тура ў футбольнай Лізе Еўропы.
З цікавых вынікаў тут можна выдзеліць супервыніковую нічыю 3:3 у сустрэчы балгарскага «Лудагорца» ды грэцкага «ПАОК».
А таксама фантастычную сустрэчу ў Бухарэсце з драматычнай развязкай румынскага «Сцяўа» ды нідэрландскага «Феенорда». Тут спачатку румыны павялі ў ліку, пасля падапечныя Робіна ван Персі вырваліся наперад і да 87 хвіліны вялі з лікам 2:3. Але спачатку бухарэсцы лік на табло параўнялі і на 95 хвіліне гульні, скарыстаўшыся памылкай абаронцы ратэрдамцаў, вырвалі перамогу з лікам 4:3.
Турнір сыходзіць не перапынак да 22 студзеня наступнага года.
У Лізе Канферэнцыяў таксама былі згуляныя 18 матчаў, але толькі 5 тура.
Італьянская «Фіярэнтына» перайграла кіеўскае «Дынама» з лікам 2:1.
У сваю чаргу данецкі «Шахтар» на Мальце перамог мясцовы «Хамрун Спартанс» з лікам 2:0.
Для гэтага данбасцам спатрэбіліся ўсяго тры хвіліны – з 61-й па 64-ю.
Варшаўская «Легія» ў Арменіі пацярпела бязвольную паразу ад мясцовага «Ноа» з лікам 1:2.
Пазнаньскі «Лех» згуляў унічыю 1:1 з нямецкім «Майнцам».
«Ракаў» у Чэнстахове з лікам 1:0 перайграў баснійскі «Зрыньскі».
Гібралтарскі «Лінкальн» здабыў валявую перамогу з лікам 2:1 над чэшскай «Сігмай» з Аламоўца.
Славенскі «Цэле» беларускага спецыяліста Івана Маеўскага і форварда Віталя Лісаковіча ў Харватыі саступіў «Рыецы» з лікам 0:3. Магчыма і таму, што Віталь, на полі ўчора ўвечары так і не з’явіўся.
Ну і «Ягелонія» у Беластоку прымала гішпанскі «Рая Вальякана» і саступіла з лікам 1:2.
Адзіны гол у браму сваіх суайчыннікаў забіў акурат лідар атак беластачанаў – Хесус Імаз.
А вось ноччу перад гульнёю група з прыкладна 50 фанатаў «Ягелоніі», заблакаваўшы рух на трасе S8 у раёне горада Остраў-Мазавецкі двума легкавымі аўтамабілямі, арганізавала атаку на два аўтобусы, якія перавозілі заўзятараў «Раё Вальекана» з Варшавы ў Беласток.
Нападнікі ў масках, выкарыстоўваючы малаткі і тэлескапічныя дубінкі, уварваліся ў транспартныя сродкі. У выніку атакі пацярпелі дзесяць чалавек: дзевяць гішпанцаў і адзін паляк. Трое пацярпелых грамадзян Гішпаніі былі шпіталізаваныя ў найбліжэйшыя медыцынскія ўстановы з траўмамі рознай ступені цяжкасці.
Нагадаем, у жніўні «Раё Вальекана» гуляў з гарадзенскім «Нёманам» у плэй-оф адбору Лігі Канферэнцыяў. Пасля матча ў Гішпаніі былі атакаваныя беларускія заўзятары «Нёмана», якія прыехалі з Польшчы і выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі. На пяцярых беларусаў тады напалі каля 20 чалавек.
Напярэдадні 5 клубаў пасля 6-га тура Лігі чэмпіёнаў забяспечылі сабе выхад у плэй-оф.
Ангельскія «Арсенал» і «Ман Сіці», нямецкая «Баварыя», дзеючы ўладальнік кубка французскі «ПСЖ» ды італьянская «Аталанта» гарантавалі сабе як мінімум выхад у 1/16 фіналу турніру.
Сёння адбудзецца лёсаванне 1/16 фіналу юнацкай ЛЧ, у якой вызначацца будучыя супернікі менскага «Дынама».
У спіс магчымых супернікаў уваходзяць: гішпанскія «Атлетыка» і «Барселона», ангельскія «Тотэнхэм», «Манчэстэр Сіці» і «Ліверпуль», французскі «ПСЖ», італьянскі «Інтэр», нямецкая «Барусія» Дортмунд, партугальскі «Спортынг» і нідэрландскі «Аякс».
Пачатак лёсавання ў 17:30 па менскім часе.
Нагадаем, што ў трэцім раўндзе «Дынама» Менск абыграла аднаклубнікаў з Тбілісі ў серыі пенальці.
46-гадовы беларускі футбольны спецыяліст Сяргей Кузняцоў узначаліў літоўскі «Таўрас».
Па выніках сезону клуб заняў трэцяе месца ў другім дывізіёне і не прабіўся ў наймацнейшы літоўскі дывізіён, дзе ён не гуляў з 2014 года.
Нагадаем, Кузняцоў узначальваў каманду літоўскага клуба «Дайнава» з 2022 года. Пад яго кіраўніцтвам каманда выйшла ў першы дэвізіён Літвы. У сезоне 2024 года каманда заняла 4-е месца. У маі 2025 года спецыяліст пакінуў пасаду галоўнага трэнера.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Чыкага Блэкхокс» сустракаўся з «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» і перамог з лікам 3:0.
20-гадовы беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў правёў на лёдзе 20 хвілін 22 секунды гульнявога часу, здзейсніў адзін кідок па варотах, зрабіў 2 блокшоты, здзейсніў 1 сілавы прыём і 2 страты, а таксама завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
У гэтым сезоне Леўшуноў правёў 29 матчаў, набраў 14 (1+13) ачкоў, мае паказчык «−4» і 20 штрафных хвілін.
«Чыкага» пасля перамогі набрала 32 ачкі ў 30 гульнях і паднялося на сёмае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі.
«Калгары» сустракаўся з «Дэтройтам» і саступіў з лікам 3:4.
27-гадовы беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 14 хвілін 55 секунд, не набраў дзейсных балаў, зрабіў 4 кідкі (1 з іх міма варот), выканаў 1 перахоп, дапусціў 1 страту, выйграў 2 з 4 укідванняў, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «0».
У сезоне Шаранговіч правёў 28 матчаў, набраў 11 (6+5) ачкоў і мае паказчык карыснасці «−6».
«Хершы» ў матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ сустракаўся з «Правідэнсам» і саступіў з лікам 1:3.
Беларускі форвард Ілля Протас закінуў шайбу ў большасці. Яна стала адзінай для «Хершы» ў гэтай гульні.
Ілля зарабіў паказчык карыснасці +1 і быў прызнаны трэцяй зоркай матча.
Беларускі баксёр Аляксей Алфёраў выйшаў у фінал чэмпіянату свету па боксе па версіі IBA.
У паўфінальным баі ў вагавой катэгорыі да 86 кг беларускі баксёр вырашыў усё ўжо ў першым раўндзе, накаўтаваўшы свайго апанента з Арменіі Рафаэля Аганесяна.
Фінальны паядынак Алфёраў правядзе заўтра. Яго супернікам за чэмпіёнскі тытул будзе – Шарабудзін Атаеў з Расеі.
Нагадаем, у 2021 годзе Алфёраў ужо станавіўся срэбным прызёрам чэмпіянату свету, а год таму дайшоў да фіналу чэмпіянату Еўропы.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






