Сёння, 24 кастрычніка, працягнецца вялікі еўракубкавы тыдзень. Будуць згуляныя 16 матчаў трэцяга тура групавога этапу ў другім па значнасці кубку – Лізе Еўропы. «Рома» прыме ў сябе кіеўскае «Дынама», «Фенербахчэ» сустрэнецца з «Манчэстэр Юнайтэд», «Порту» згуляе з «Хофенхаймам», «Карабах» з «Аяксам» і шэраг іншых цікавых сустрэч, якія можна будзе паглядзець сёння ўвечары.
Таксама сёння пройдуць 18 матчаў другога тура групавога этапу ў Лізе канферэнцый. Для беларускага заўзятара тут ёсць шэраг пар камандаў, на якія варта звярнуць увагу. Перад усім гэта матч у Хельсінкі, дзе мясцовы ХІК прыме ў сябе менскае «Дынама». Гэтая гульня пачнецца а 22-й гадзіне па беларускім часе і а 21-й па сярэднееўрапейскім. У 18:45 па польскім часе сёння прагучыць свісток на «Хортан Арэне» ў першым у гісторыі Беластока матчы групавога этапа еўракубкаў, дзе мясцовая «Ягелонія» прыме ў сябе малдаўскі «Петракуб». Таксама сёння славенскі «Цэле» беларускага асістэнта трэнера Івана Маеўскага згуляе з «Істанбулам». Валійскі «Нью-Сэйнтс» прыме «Астану» за якую выступае Макс Эбонг. Цікава будзе адсачыць гульню сербскага «ТСЦ» і варшаўскай «Легіі» ў госці да якой праз два тыдні адправіцца «Дынама» з Менску. «Панацінайкас» – «Чэлсі», «Беціс» – «Капенгаген» і шэраг іншых цікавых матчаў.
А тым часам ФІФА апублікавала абноўлены рэйтынг мужчынскіх нацыянальных зборных. Каманда Беларусі захавала 97-ы радок у рэйтынгу.
96. Тайланд 1231.75
97. Беларусь 1231.1
98. Мазамбік 1229.01
Нагадаем, у кастрычніку падапечныя Карласа Алоса згулялі ўнічыю з Паўночнай Ірландыяй (0:0) і Люксембургам (1:1) у рамках Лігі Нацый УЕФА.
А першая дзясятка зборных свету выглядае такім чынам – Аргентына, Францыя, Гішпанія, Англія, Бразілія, Бельгія, Партугалія, Нідэрланды, Італія і Калумбія.
І, як толькі што стала вядома, матч Лігі Нацый паміж зборнымі Беларусі і Паўночнай Ірландыі 15 лістапада пройдзе ў Белфасце. Выканаўчы дырэктар Паўночна-ірландскай футбольнай асацыяцыі Патрык Нэльсан пацвердзіў, што матч са зборнай Беларусі пройдзе ў сталіцы Паўночнай Ірландыі. «Выдача візаў мужчынскай зборнай Беларусі па футболе для правядзення запланаванага матча Лігі нацый у наступным месяцы была шырока асветлена ў прэсе. Мы патрацілі некалькі тыдняў на пошукі станоўчага вырашэння гэтага пытання. Пасля сур’ёзных кансультацый з зацікаўленымі бакамі ва ўрадзе мы зараз упэўненыя, што гульня зможа адбыцца на Нацыянальным футбольным стадыёне ў Віндзорскім парку ў Белфасце ў пятніцу 15 лістапада», – сказаў Нэльсан.
І навіна з-за акіяну. Сёння ноччу «Вашынгтон» у матчы Нацыянальнай хакейнай лігі перамог «Філадельфію» з лікам 6:3. У складзе пераможцаў чарговы матч правёў Аляксей Протас. Беларускі форвард запісаў у актыў галявую перадачу. У бягучым сезоне ў Протаса 4 балы, гол і тры пасы ў 6 матчах пры паказчыку карыснасці «+1».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






