BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Першы рэкорд алімпіяды ў сталіцы Францыі

Спартовы дырэктар МАК Кіт Маконэл паведаміў, што на Алімпійскія гульні ў Парыжы ўжо прададзена больш 8 мільёнаў 800 тысяч білетаў. Гэта найбольшая колькасць для спартовага форума за ўсю гісторыю Францыі.

Гэтая лічба таксама перавышае рэкорд алімпійскіх гульняў у Атланце, якія дагэтуль утрымлівалі найбольшы паказнік – 8,3 мільёнаў квіткоў.

Алімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня па 11 жніўня.

 У польскай экстракласе дамінуюць легіянеры

Першы тур новага футбольнага чэмпіянату Польшчы выразна паказаў, што ў бальшыні клубаў на галоўных ролях знаходзяцца легіянеры. Так перамогу 2:0 беластоцкай «Ягелоніі» ў стартавым хатнім матчы супраць «Пушчы» (Непаломіцэ) прынеслі партугалец Нене і Махамед Ламін Дзіябі, які мае французскае грамадзянства. Іншыя тура матчы завяршыліся так: «Шлёнск» (Вроцлаў) – «Лехія» (Гданьск) – 1:1, «Катавіцы» – «Радомяк» – 1:2 (два забітыя мячы запісаў на свой рахунак партугалец Леанарда Роша), «Погань» (Шчэцін) – «Карона» (Кельцы) 3:0 (дублем тут адзначыўся грэк Эфціміс Кулурыс), «Легія» (Варшава) – «Заглембе» (Любін) – 2:0, «Краковія» – «Пяст» (Глівіцы) – 1:1 (лік адкрыў іспанец Хорхе Фелікс, а ачко для гаспадароў уратаваў у самай канцоўцы галандзец Мік ван Бюрэн), «Лех» (Познань) – «Гурнік» (Забжэ) – 2:0. І тут не абыйшлося без легіянераў – у першым тайме з пенальці лік адкрыў прадстаўнік Швецыі Мікаэль Ісхак, а ў другім славенец Дзіна Хоціч яго падвоіў. Нарэшце люблінскі «Матор» прайграў дома «Ракуву» з Чэнстаховы – 0:2. Першы мяч забіў малады харват Антэ Црнац, другі Давід Драхаль.

 Гарадзенскі «Нёман» абвесціў заяўку ў Лігу канферэнцый

Гарадзенскі «Нёман» абнародаваў заяўку каманды на матчы другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі канферэнцый супраць румынскага «ЧФР Клуж». У заяўку трапілі 24 футбалісты: 3 галкіперы, 9 абаронцаў, 9 хаўбекаў і 3 форварды. Першая сустрэча двухматчавага суперніцтва пройдзе ў Румыніі 25 ліпеня, матч пачнецца ў 20.30 менскага часу. На сустрэчу гарадзенская каманда выехала 21 ліпеня з раніцы. Напомнім, што з беларускіх клубаў працягвае ўдзел у еўракубках яшчэ менскае «Дынама», а жодзінскае «Тарпеда» і менская «Іслач» «вылецелі» адразу пасля першага раўнду, прычым «Іслач» саступіла клубу з Сан-Марына.

Рафаэль Надаль згуляў у фінале ў Бостадзе

Некалькі фіналаў тэнісных турніраў на грунце з серыі ATP прайшлі ў нядзелю 21 ліпеня. Рафаэль Надаль упершыню за апошнія два гады здолеў выйсці ў фінал – у шведскім горадзе Бостад у вырашальным матчы ён саступіў партугальцу Нуну Боржэшу ў двух сэтах: 3:6, 2:6.

У фінале спабору ў швацарскім горадзе Гштаад італьянец Матэа Берэціні за дзве партыі вельмі ўпэўнена давёў сваю перавагу над французам Кентэнам Галі – 6:3, 6:1. Яшчэ адзін фінал, таксама на грунце, быў згуляны ў нямецкім Гамбургу. Там француз Артур Філс у цяжкім змагаганні толькі на тай-брэйку адолеў прадстаўніка Германіі Аляксандра Зверава – 6:3, 3:6, 7:6 (7:1).

Беларуска Аляксандра Сасновіч была вельмі блізкая да таго, каб выйграць жаночы турнір у адзіночным разрадзе на корце Будапешта. Аднак у фінальным матчы яна саступіла Дзіяне Шнайдэр з Расеі – 4:6, 4:6.

Беларускае Радыё Рацыя