Першыя чвэрцьфінальныя паядынкі футбольнай Лігі чэмпіёнаў завяршыліся ўнічыю. У самым пачатку гульні ў Мадрыдзе з «Рэалам» Бернарду Сілва прамым ударам са штрафнога вывеў «Манчэстэр Сіці» наперад. Аднак перавага гасцей была нядоўгай: на 12-й хвіліне мяч рыкашэтам ад іх абаронцы Рубена Дыяша ўляцеў у браму, а яшчэ праз дзве хвіліны Радрыга забіў другі гол – 2:1 на карысць «Рэала».
Адразу пасля перапынку дзейныя пераможцы Лігі чэмпіёнаў зайгралі значна хутчэй, і спачатку Філ Фодэн далёкім ударам зраўняў лік, а потым Ёшка Гвардыёл забіў трэці мяч у браму Андрэя Луніна. Апынуўшыся ў ролі даганяючых, падначаленыя Карла Анчалоці пайшлі ў атаку вялікімі сіламі, і на 79-й хвіліне Федэрыка Вальвердэ эфектным ударам пасля перадачы Вінісіўса зноў зраўняў лік – 3:3.
Лонданскі «Арсенал» у хатнім паядынку з мюнхенскай «Баварыяй» выйшаў наперад на 12-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Букаё Сака. Неўзабаве Серж Гнабры аднавіў раўнавагу, а потым Хары Кейн з пенальці ў другі раз забіў гаспадарам поля. У другой палове сустрэчы »кананіры» здолелі адыграцца дзякуючы голу Леандра Трасарда – 2:2. У гэтых парах паядынкі ў адказ за выхад у паўфінал адбудуцца 17 красавіка.
Сёння вечарам пройдуць яшчэ два чвэрцьфінальныя матчы чэмпіёнскай Лігі. Мадрыдскі «Атлетыка» прыме на сваёй арэне дортмундскую «Барусію», а ў сталіцы Францыі «Пары Сэн-Жэрмэн» сустрэнецца з футбалістамі іспанскай «Барселоны».
Беларускія футбалісткі здабылі другую буйную перамогу ў адборы на чэмпіянат Еўропы
Футбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі святкавалі другую перамогу на старце адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2025 года. У кіпрскай Ахне ў намінальна хатнім паядынку групы С1 беларускія футбалісткі ўпэўнена перайгралі каманду Грузіі 3:0. У канцы першай паловы гульні Анастасія Шлапакова адкрыла лік, а пасля перапынку Ганна Піліпенка і Ганна Казюпа давялі справу да разгрому. У першым туры падначаленыя Юрыя Малеева таксама буйна перамаглі зборную Кіпра – 3:0.
«Вашынгтон» Протаса выйграў у «Дэтройта», асіст Шаранговіча дапамог «Калгары» перамагчы «Сан-Хасэ»
Ноччу прайшлі матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ.
«Вашынгтон» Аляксея Протаса выйграў у «Дэтройта» 2:1. Протас правёў на лёдзе 13 хвілін 47 секунд, нанёс 3 кідкі, заблакаваў 1 стрэл суперніка, здзейсніў 1 сілавы прыём і зарабіў паказчык карыснасці «+1».
«Калгары» Ягора Шаранговіча ў авертайм перамог «Сан-Хасэ» 3:2. Шаранговіч правёў на лёдзе 17 хвілін 56 секунд, набраў 1 (0+1) ачко, нанёс 3 кідкі, правёў 1 сілавы прыём, прайграў 1 укідванне і зарабіў паказчык карыснасці «-1». У сезоне ў Шаранговіча 77 гульняў, 57 (30+27) ачкоў, карыснасць «-24» і 6 хвілін штрафу.
Хакеісты «Металурга» і «Брэста» пачынаюць фінальную серыю
Сёння ў Жлобіне стартуе фінальная серыя плей-оф беларускай хакейнай экстралігі. Да вырашальнай серыі сезона дабраліся дзейныя чэмпіёны краіны з «Металурга», а таксама аўтары самай гучнай сенсацыі апошніх гадоў у беларускім хакеі з «Брэста». Упершыню ў гісторыі экстралігі галоўны трафей разыграюць каманды, якія трапілі ў плэй-оф, будучы пасеянымі па-за топ-5. Па выніках 55 тураў рэгулярнага чэмпіянату жлобінскі клуб заняў шостае месца, адстаўшы ад пераможцы «Шахцёра» на 23 ачкі. «Брэст» фінішаваў у табліцы экстралігі сёмым, саступіўшы «Металургу» 10 балаў.
Арына Сабаленка стала фігурантам элітарнага спісу Forbes «30 under 30»
Беларуская тэнісістка суседнічае са знакамітымі і паспяховымі бізнсэоўцамі, кінаакцёрамі і шоуменамі. У гэты спіс Forbes уключыў 30 персон з усіх краін свету ва ўзросце 30 гадоў. Адзначаецца, што сюды ўвайшлі найбольш заможныя і разам з тым вядомыя людзі, чые імёны на слыху не толькі ў сваёй галіне. У Арыны Сабаленкі ў дадзеным топе 24-я пазіцыя. Такое прызнанне, паводле версіі складальнікаў зорнага пераліку прозвішчаў, яна атрымала за другі тытул турнірах «Вялікага шлема», выйграны ў Аўстраліі ў студзені гэтага года. З тэнісістаў у гэтым рэйтынгу таксама аказаўся італьянец Янік Сінэр. Што да постсавецкай прасторы, то былі адзначаны дасягненні і пазнаванасць украінскай скакухі ў вышыню Яраславы Магучых.
Беларускае Радыё Рацыя






