BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Лізе канферэнцый “Ягелонія” перамагла, “Нёман” прайграў

Учора завершыліся першыя матчы раўнда плэй-оф у футбольных еўракубках.
24 матчы было згуляна ў Лізе канферэнцыяў. На жаль, гарадзенскі «Нёман» саступіў у намінальна «хатнім» паядынку ў венгерскім Сегедзе гішпанскаму «Рая Вальекана» з мінімальным лікам 0:1. Гарадзенцы добра трымаліся ў абароне, але разам з тым стварылі некалькі вострых момантаў каля брамы мадрыдцаў, прапусціўшы адзіны мяч толькі на 77 хвіліне гульні. На апошняй хвіліне гульні капітан гарадзенцаў Іван Садаўнічы пасля падачы кутняга меў выдатны шанец лік параўняць, але на яго ўдар галавою ў бліжні ніжні вугал здолеў зрэагаваць брамнік «Вальекана». Варта адзначыць упэўненую гульню “на стужачцы” лідзяніна Максім Бялова. Па праве, каб не ён, то выніковы лік быў бы куды менш аптымістычны перад гішпанскай гульнёй у адказ у наступны чацвер. Для адвакацыі «Нёмана» варта было б адзначыць, што «Рая Вальекана» зараз ідзе другім у гішпанскай Ла Лізе, а клубны бюджэт мае 15-кроць большы, чым ў гарадзенцаў.

Таксама ў Лізе канферэнцыяў адзначым перамогу славенскага «Цэле», дзе трэнерам беларус Іван Маеўскі, над чэшскім «Банікам» з Астравы з лікам 1:0. Жытомірскае «Палісся» на нейтральным полі ў славацкім Прэшаве саступіла італьянскай «Фіярэнціне» з буйным лікам 0:3. Данецкі «Шахтар» таксама на нейтральнай паляне ў Кракаве згуляў унічыю 1:1 са швайцарскім «Сэрветам». «Ракуў» у Чэнстахове мінімальна перайграў балгарскую «Арду» з лікам 1:0. А вось «Ягелонія» ў Беластоку не пакінула шанцаў албанскаму «Дынама» з Тыраны, налёгка перайграўшы гасцей з буйным лікам 3:0. Галамі адзначыліся – Хесус Імаз, Афіміка Пулулу і Норберт Вайтушэк.

Варшаўская «Легія» у Шатландыі перайграла «Хіберніян» з лікам 2:1. Што праўда беларускі форвард варшавякаў Ілля Шкурын не змог вылецець з камандай у Эдынбург па прычыне сканчэння беларускага пашпарта. Брытанскія ўлады ставяць беларусам шматразовыя візы на розны тэрмін, але для гэтага патрэбен дзейны пашпарт. У Іллі Шкурына ёсць польскі праязны дакумент для паездак па Еўразвязе, але для Шатландыі патрэбна яшчэ брытанская віза. Шкурын проста не паспеў у такія сціслыя тэрміны атрымаць візу ў праязны дакумент. У ліпені Ілля таксама прапусціў матч у Казахстане з «Актобэ» з-за рызыкі затрымання там. Ён адкрыта крытыкуе Лукашэнку і ў 2020 годзе заявіў, што не паедзе ў зборную, пакуль дыктатар пры ўладзе.

У Лізе Еўропы былі згуляныя 12 матчаў стадыі плэй-оф. Познаньскі «Лех» на сваім полі прайграў бельгійскаму «Генку» з разгромным лікам 1:5. Кіеўскае «Дынама» саступіла ізраільскаму «Макабі» з Тэль-Авіва з лікам 1:3. Што праўда да выдалення на 50 хвіліне украінца Аўчарэнкі, лік у гульні быў роўны 1:1. Адзначым, што ў кожным выпадку гэтыя каманды сабе ўжо забяспечылі еўравосень.

Беларуская лёгкаатлетка, якая выступае зараз у складе зборнай Польшчы, Марыя Жодзік выйграла этап “Дыяментавай лігі” ў скачках у вышыню. На спаборніцтвах, якія праходзяць у швайцарскай Лазане, Жодзік змагла ўзяць вышыню ў 1 метр 91 сантыметр. У 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў супраць гвалту, а ў 2022-м асудзіла напад Расеі на Украіну. У тым жа годзе лёгкаатлетка пераехала ў Польшчу і цяпер жыве ў Беластоку, дзе выступае за мясцовы легкаатлетычны клуб. Неўзабаве Жодзік атрымала грамадзянства і права прадстаўляць Польшчу на міжнародных спаборніцтвах, а ў 2024-м годзе ездзіла ад Польшчы на Алімпійскія гульні ў Парыжы.

І ў працяг тэмы вольных спартоўцаў. Лучніца Карына Казлоўская выступіць на чэмпіянаце свету за зборную Польшчы. Былая беларуская лучніца Карына Казлоўская, якая ў 2022 годзе пакінула краіну з палітычных прычын, цяпер выступае за зборную Польшчы. Спартсменка атрымала польскае грамадзянства і ўжо рыхтуецца да галоўных стартаў сезону — чэмпіянату Польшчы ў канцы жніўня і чэмпіянату свету ў верасні ў Паўднёвай Карэі. Пра гэта яна паведаміла ў сваім інстаграме. Карына Казлоўская — шматразовая чэмпіёнка Беларусі, у складзе зборнай яна заняла 4-е месца на Алімпіядзе ў Токіа. У 2020 годзе яна падпісала адкрыты ліст за сумленныя выбары, а пасля пачатку шырокамасштабнай вайны ва Украіне вырашыла з’ехаць у Польшчу і выступаць за гэтую краіну.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя