BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Першыя паўфіналісты футбольнага Еўра-2024 вызначацца ў Германіі

На футбольным чэмпіянаце Еўропы ў Германіі сёння стануць вядомы першыя ўдзельнікі паўфіналаў. Цэнтральным паядынкам стане сустрэча ў Штутгарце, дзе гаспадары турніру нямецкія футбалісты сустрэнуцца са зборнай Іспаніі (пачатак гульні ў 19.00 паводле беларускага часу).

Фота: idman.biz

Сустрэчу двух фаварытаў Еўра будзе судзіць брыгада англійскіх арбітраў, якую ўзначаліць Энтані Тэйлар. На цяперашнім турніры іспанцы ідуць без страт, каманда Германіі таксама не ведае паразаў. У мінулыя гады зборныя Іспаніі і Германіі па тры разы станавіліся чэмпіёнамі Еўропы. Пераможца іх супрацьстаяння згуляе ў паўфінале з лепшай камандай пары Партугалія – Францыя. Гэтыя зборныя сустрэнуцца ў Гамбургу (пачатак у 22.00).

Яшчэ два чвэрцьфіналы адбудуцца заўтра: у Дзюсельдорфе віцэ-чэмпіёны кантыненту англічане будуць супернічаць з камандай Швейцарыі, а ў Берліне сустрэнуцца футбалісты Нідэрландаў і Турцыі.

УЕФА афіцыйны дыскваліфікавала Дэмірала

УЕФА афіцыйна аб’явіў, што абаронца зборнай Турцыі Мерых Дэмірал дыскваліфікаваны на два матчы за скандальны жэст у матчы 1/8 фіналу чэмпіянату Еўропы з нацыянальнай камандай Аўстрыі. Такім чынам, Дэмірал прапусціць чвэрцьфінальны матч Еўра-2024. А калі Турцыя выйдзе ў паўфінал, дык Дэмірал не згуляе і там. Нагадаем, інцыдэнт адбыўся падчас матча 1/8 фіналу Еўра-2024 паміж зборнымі Аўстрыі і Турцыі (1:2). У гэтай гульні Дэмірал аформіў дубль. Пры святкаванні гола футбаліст выкарыстоўваў жэст турэцкіх нацыяналістаў.

Калачоў і Радыкоўскі прапусцяць на гульню больш

У Доме футбола адбылося паседжанне КДК і па этычных пытаннях. Па яго выніках абаронца «Іслачы» Ілля Калачоў, які атрымаў прамую чырвоную картку (за ўдар суперніка галавой) у матчы 14-га тура з «Дняпром», быў дыскваліфікаваны на тры гульні. Не адну, а дзве гульні прапусціць нападнік дзяржынскага “Арсенала” Дзмітрый Радзікоўскі, выдалены ў паядынку 14-га тура з “Нафтанам” за агрэсіўныя дзеянні супраць Аляксандра Кучынскага.

Беларускія футбалісткі даведаліся суперніц у кваліфікацыі жаночай Лігі чэмпіёнаў

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне новага сезона жаночай Лігі чэмпіёнаў, у якім прымуць удзел два беларускія клубы. Чэмпіёнкі краіны футбалісткі сталічнага “Дынама-БДУФК” у паўфінале першага кваліфікацыйнага раунда 4 верасня сустрэнуцца з ірландскім клубам “Пімаунт Юнайтэд”. Супернікам срэбранага прызёра чэмпіянату Беларусі ФК “Мінск” 4 верасня будзе ісландскі “Брэйдайблік”. Месцы правядзення сустрэч стартавага раунда вызначацца пазней.

Хмялькоў пераходзіць са СКА у «Зеніт»

Дзмітрый Хмялькоў пакідае менскі СКА. Левы паўсярэдні «армейцаў» будзе выступаць за піцерскі «Зеніт». За «чырвона-сініх» Зміцер правёў 191 гульню і вызначыўся 531 голам. Станавіўся ўладальнікам Кубка Рэспублікі Беларусь, сярэбраным прызёрам чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, срэбраным і бронзавым прызёрам SEHA — Gazprom League.

“Дзякуй за гульню, Дзіма! Удачы ў будучыні і да сустрэчы! – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СКА.

Беларускае Радыё Рацыя