BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча не змагла выйсці на мундыяль

мундыяль

31 сакавіка вызначыліся апошнія ўдзельнікі сёлетняга Чэмпіяната свету па футболе ад еўрапейскага кантыненту.

Каманда Польшчы, на жаль, саступіла на выездзе Швецыі з лікам 2:3.
Палякі два разы раўнялі лік на табло, але на 88 хвіліне пераможную кропку паставіў шведскі нападнік лонданскага «Арсенала» – Віктар Дзьёкерыш.

Косава на сваім полі саступіла Турцыі з лікам 0:1.
Форвард стамбульскага «Фенербахчэ» Керэм Актюркаглу трапным стрэлам вывеў сваю зборную каманду на мундыяль упершыню за 24 гады.

І яшчэ ў дзьвюх сустрэчах пераможца вызначыўся ў серыі пасляматчавых пенальці.
Спачатку Чэхія з Даніяй згулялі 1:1 у асноўны час. Пасля ў дадатковым абмяняліся галамі 2:2.
А ў серыі пенальці крайне няўдала свае падыходы да кропкі выканалі скандынавы.
Лік па пенальці 3:1 і Чэхія праз 20 гадоў вяртаецца на мундыяль.

Боснія і Герцагавіна з Італіяй згулялі ў асноўны і дадатковы час 1:1. А ў серыі 11-метровых італьянцы, як і датчане, свае спробы выканалі крайне неахайна і ў трэці раз запар пакінулі сваю краіну без чэмпіяната свету. Баснійцаў жа трапным ударам з кропкі ў другі раз на мундыяль вывеў гулец з характэрным прозвішчам Байрактаравіч.

У Лізе нацый УЕФА ўчора таксама былі згуляныя пераходныя матчы ў адказ.
Зборная Люксембурга і другі раз, з лікам 3:0 перайграла Мальту.
А Латвія зноў з лікам 1:0 перамагла Гібралтар.
Такім чынам Люксембург і Латвія захавалі месцы ў Лізе С.
А Мальта і Гібралтар застаюцца ў Лізе D.

Учора ў матчы кваліфікацыі Еўра U-21 зборная Беларусі згуляла з камандай Аўстрыі.
Сустрэча прайшла у аўстрыйскім Рыд-Інкрайсе на стадыёне «Кайне Зорген Арэна».
Нашыя хлопцы да апошняй хвіліны трымалі інтрыгу ў матчы і саступілі з лікам 1:2, прапусціўшы вырашальны гол ажно толькі на 94 хвіліне, ад паўабаронцы «Зальцбурга» Яніка Шустэра. У нас жа на 88 хвіліне адзначыўся голам форвард партугальскага «Порту Б» Трафім Мельнічэнка.
Беларусь з 4 ачкамі ў групе І займае апошні пяты радок і страціла ўсе шанцы на праход далей.

Учора прайшоў матч другога раўнда кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2026 паміж зборнымі Беларусі і Нідэрландаў да 17 гадоў у Лізе Б.
Сустрэча адбылася ў турэцкай Анталлі. І там нашыя юнакі саступілі галандцам з лікам 1:2.
Голам адзначыўся Максім Карповіч.
Такім чынам, наша каманда набрала 3 пункты ў групе 7, заняла 2 месца і сыходзіць з барацьбы за права згуляць на Еўра.
Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць хатнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Таварыскі матч футбольнай зборнай Беларусі супраць Арменіі (2:1) стаў 300-м у гісторыі нацыянальнай каманды, прычым 90-м пераможным.

У папярэдніх юбілейных сустрэчах беларусы таксама бралі верх над супернікамі. Так, у 100-м дамашнім матчы 16 жніўня 2006 года каманда перамагла Андору (3:0), а ў 200-м 31 траўня 2016 года ў гасцях была мацнейшай за зборную Ірландыі.

Акрамя таго Беларусь дамаглася 50-й перамогі ў таварыскіх матчах.
Баланс гэтай катэгорыі ў беларусаў станоўчы: зборная мае 50 перамог, 36 разоў згуляла ўнічыю і пацярпела 41 паразу, пры гэтым каманда забіла 176 мячоў і прапусціла 158.
У афіцыйных матчах у зборнай 40 перамог, 40 нічыіх і 93 паразы, розніца мячоў – 160 забітых і 275 прапушчаных.
Нагадаем, што Віктар Ганчарэнка стаў другім трэнерам у гісторыі, які стартаваў з дзвюх перамог у зборнай Беларусі.

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Калгары» разгромна прайграў «Каларада» з лікам 2:9.
27-гадовы беларускі нападнік «Калгары» Ягор Шаранговіч выйшаў на левым фланзе трэцяга звяна разам з Раянам Строўмам і Віктарам Олафсанам.
На 52-й хвіліне Шаранговіч вызначыўся выніковай перадачай, калі другую шайбу закінуў Строўм.
Беларус правёў на лёдзе 16 хвілін 12 секунд, набраў 1 выніковае ачко (0+1) і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
У бягучым сезоне НХЛ Шаранговіч прыняў удзел у 70 матчах, у якіх набраў 28 (14+14) ачкоў. Яго паказчык карыснасці складае «-20».
«Пітсбург» разграміў «Айлендэрс» з лікам 8:3.
Абаронца «Пітсбурга» Ілля Салаўёў застаўся ў запасе. Беларус прапусціў ужо шосты матч запар. Апошні раз ён выходзіў на лёд у матчы супраць «Караліны» 19 сакавіка, дзе вызначыўся асістам.
У бягучым сезоне НХЛ Салаўёў правёў 27 матчаў, у якіх набраў 8 (1+7) ачкоў і мае паказчык карыснасці «+2».
«Ванкувер» Мікіты Талапілы саступіў «Вегасу» з лікам 2:4.
Беларус застаўся бэкапам.

У паўфінале беларускай хакейнай Экстралігі менскае «Юнацтва» ў другім матчы з лікам 4:2 перамагло жлобінскі «Металург». Такім чынам лік у серыі да чатырох перамог стаў 2:0 на карысць сталічнай каманды.

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка згуляе на турніры WTA-1000 у Мадрыдзе.
Спаборніцтвы ў жаночай адзіночнай сетцы пройдуць з 21 красавіка па 3 траўня.
Сабаленка з’яўляецца дзеючай пераможцай турніру. У фінале мінулага года яна абгуляла амерыканку Коры Гаўф.

Акрамя таго Арына абышла прадстаўніцу Польшчы Ігу Свёнтак (№4 WTA) па працягласці знаходжання на першым месцы рэйтынгу WTA.
27-гадовая спартоўка ўзнялася на трэці радок у топе працягласці серый знаходжання на лідзіруючай пазіцыі топа ў бягучым 100-годдзі.
Агулам яна знаходзіцца на першым радку ўжо 84 тыдні.
У топ-5 таксама ўваходзяць:
Серэна Уільямс – 186 тыдняў
Эшлі Барці – 114 тыдняў
Арына Сабаленка – 76 тыдняў
Іга Свёнтак – 75 тыдняў
Марціна Хінгіс – 73 тыдні

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя