BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча рыхтуецца да старта ў кваліфікацыі ЧС у футболе

Польская зборная па футболе распачынае кваліфікацыю на Чэмпіянат свету 2026 года з матчаў супраць Літвы і Мальты. Абодва супернікі значна ніжэй у сусветным рэйтынгу, таму палякі лічацца фаварытамі. Тым не менш, у мінулым Польшча ўжо сутыкалася з непрыемнымі сюрпрызамі ад слабых каманд. У 2023 годзе палякі нечакана прайгралі Малдове 2:3 і згулялі ўнічыю 1:1 у матчы ў адказ. Галоўны трэнер Міхал Пробеж сутыкнуўся з праблемамі ў складзе — у першых матчах не змогуць згуляць Пётр Зелінскі і Нікола Залеўскі. Матч паміж нацыянальнымі зборнымі Польшчы і Літвы ў рамках адборавага турніру да чэмпіянату свету адбудзецца ў пятніцу, 21 сакавіка, на стадыёне PGE Narodowy ў Варшаве. Пачатак сустрэчы запланаваны на 20:45.

“Дынама-Маладзечна” ў паўфінале, “Брэст” зраўняў лік у серыі супраць “Віцебска”

Хакейны клуб “Дынама-Маладзечна” стаў другім паўфіналістам плэй-оф беларускай экстралігі, перамогшы гарадзенскі “Нёман” у шостым матчы серыі. Дзве траціны гульні каманды не маглі адкрыць лік, але на пачатку заключнага перыяду форвард “Нёмана” Захар Малашкевіч закінуў першую шайбу. “Дынама” здолела пераламіць ход матчу на апошніх хвілінах – на 56-й хвіліне лік зраўняў Павел Дзянісаў, а пераможную шайбу закінуў Іван Аношка. Такім чынам, 2:1 у матчы і 4:2 у серыі – “Дынама-Маладзечна” ўпершыню за пяць гадоў дабралася да паўфіналу.

Тым часам “Брэст” захаваў шанцы на выхад у паўфінал, перамогшы “Віцебск” у шостым матчы – 3:1. Першы гол быў забіты толькі на пачатку трэцяга перыяду – абаронца “Віцебска” Арцём Смірноў адкрыў лік на 43-й хвіліне. Але праз чатыры хвіліны Магамед Гімбатаў аднавіў раўнавагу, а пасля аформіў дубль, вывеўшы “Брэст” наперад. Канчатковы вынік зафіксаваў Фёдар Качан. Цяпер лік у серыі – 3:3, і вырашальны матч адбудзецца ў Віцебску 21 сакавіка. У іншым чвэрцьфінальным супрацьстаянні паміж “Гомелем” і “Металургам” таксама чакаецца сёмы матч.

Азаранка ўпэўнена стартавала на турніры ў Маямі

Вікторыя Азаранка паспяхова пачала выступы на прэстыжным турніры WTA-1000 у Маямі. Беларуская тэнісістка ўпэўнена перамагла ўкраінку Ангеліну Калініну — 6:3, 6:1. Паядынак працягваўся крыху больш за гадзіну. У наступным раўндзе Азаранка сустранецца з чэшкай Каралінай Мухавай, якая займае 14-е месца ў сусветным рэйтынгу. Азаранка ўжо тройчы выйгравала гэты турнір — у 2009, 2011 і 2016 гадах. Першая ракетка свету Арына Сабаленка пачне барацьбу з другога раўнда. Яе суперніцай стане балгарка Вікторыя Томава, якая напярэдадні перамагла амерыканку Кэці Макнэлі. Прэміяльны фонд турніру складае $8,9 млн, а пераможца атрымае $1,2 млн і 1000 ачкоў у рэйтынг.

«Імпульс-БДУІР» працягвае серыю паразаў у чэмпіянаце Беларусі па баскетболе

Баскетбалісты «Імпульс-БДУІР» зноў саступілі — гэта ўжо 27-я параза запар у цяперашнім сезоне. У чарговым матчы сталічная каманда прайграла «МІНСКУ» з разгромным лікам 96:60. У турнірнай табліцы «Гродна-93» утрымлівае першае месца з 47 ачкамі, за ім ідуць «Барысфен» (45 ачкоў) і «МІНСК» (44 ачкі). У пятніцу «Імпульс-БДУІР» згуляе супраць «Барысфена», а 22 сакавіка «Гродна-93» сустрэнецца з «МІНСКАМ».

У жаночым чэмпіянаце «Гарызонт» упэўнена перамог «МІНСК» — 92:46, застаючыся лідарам з 51 ачком. У наступным туры «Гарызонт» і «МІНСК» правядуць сустрэчу, якая можа стаць вырашальнай у барацьбе за першае месца.