Зборная Польшчы ледзь вырвала перамогу над Літвой у першым матчы адбору на чэмпіянат свету-2026, выйграўшы 1:0 дзякуючы голу Роберта Левандоўскага на 81-й хвіліне. Палякі сутыкнуліся з нечаканымі праблемамі — нягледзячы на тэрытарыяльную перавагу і значна больш высокі клас гульцоў, лік доўгі час заставаўся нулявым. У другой палове сустрэчы Літва нават стварыла некалькі небяспечных момантаў, і толькі выдатная гульня брамніка Лукаша Скарупскага ўратавала гаспадароў ад прапушчанага мяча. Усё вырашыў Левандоўскі — яго ўдар пасля рыкашэту стаў пераможным. Палякі атрымалі тры ачкі, але гульня пакінула пытанні. Наступны матч Польшча згуляе супраць Мальты ў панядзелак.
Моладзевая зборная Беларусі перамагла Паўночную Македонію
Беларуская “маладзёжка” паспяхова стартавала пад кіраўніцтвам Віталя Паўлава — у першым таварыскім матчы беларусы перамаглі Паўночную Македонію з лікам 3:1. У Анталіі першы гол на свой рахунак запісаў Ілля Дубінец у сярэдзіне першага тайма. Пасля перапынку з пенальці вызначыўся Аляксандр Французаў, а трэці мяч у браму супернікаў адправіў Кірыл Цэпянкоў. Македонцы змаглі адказаць толькі адным голам напрыканцы сустрэчы. Наступны матч беларусы правядуць 25 сакавіка ў Стамбуле супраць моладзевай зборнай Турцыі.
“Дынама” разнесла ЦСКА — дубль Борыкава і рэкорд ад Мароза
Менскае “Дынама” перапыніла серыю паразаў, упэўнена абыграўшы маскоўскае ЦСКА з лікам 4:1. Першы крок да перамогі зрабіў Раман Гарбуноў, які адкрыў лік ужо на 12-й хвіліне пасля дакладнай перадачы Вадзіма Шыпачова. У пачатку другога перыяду Вадзім Мароз падвоіў перавагу “Дынама” і паўтарыў клубны рэкорд па колькасці галоў у “рэгулярцы” — 26 шайбаў за сезон. Амаль адразу пасля гэтага Ягор Борыкаў зрабіў лік 3:0, а неўзабаве аформіў дубль, давёўшы перавагу да разгромнай. ЦСКА здолела адказаць толькі адным голам у канцы другога перыяду. У выніку “Дынама” паднялася на чацвёртае месца ў Заходняй канферэнцыі з 84 ачкамі, апярэдзіўшы менавіта ЦСКА. Апошні матч “рэгуляркі” менчукі правядуць 23 сакавіка супраць “Сочы”.
“Віцебск” выйшаў у паўфінал плэй-оф
Хакеісты “Віцебска” парадавалі сваіх заўзятараў, заваяваўшы месца ў паўфінале плэй-оф беларускай экстралігі. У вырашальным матчы серыі з “Брэстам” каманда з поўначы Беларусі паказала ўпэўненую гульню, разграміўшы суперніка з лікам 4:0. Вынік матчу быў фактычна вырашаны ўжо ў першым перыядзе — дакладнымі кідкамі адзначыліся Аляксандр Цімірэў і Ягор Сцяпанаў. У другім адрэзку Цімірэў аформіў дубль, а ў канцоўцы сустрэчы Ягор Мажуга закінуў шайбу ў пустую брамку, паставіўшы кропку ў матчы 4:0 і ў серыі — 4:3 на карысць “Віцебска”. Такім чынам, “Віцебск” упершыню за 17 гадоў выйшаў у паўфінал экстралігі. За пуцёўку ў фінал “мядзведзі” пазмагаюцца з “Гомелем”, які раней выбіў з барацьбы мінулагодняга чэмпіёна — “Металург”.
Шарамкоў выйшаў у фінал Кубка свету ў апорным скачку
Беларускі гімнаст Ягор Шарамкоў увайшоў у тройку наймацнейшых у кваліфікацыі апорнага скачка на этапе Кубка свету ў Анталіі і выйшаў у фінал. Шарамкоў заняў трэцяе месца сярод 20 удзельнікаў. Гэта дазволіла яму прабіцца ў вырашальны старт, які адбудзецца ў нядзелю. Раней у вольных практыкаваннях Ягор застаўся па-за фіналам. Таксама не змагла трапіць у фінал на рознаўзроўневых брусах Алена Цітавец (15-е месца), а Мікіта Парфяновіч заняў 11-е месца ў практыкаваннях на кані. У Анталіі выступаюць каля 120 спартоўцаў з 26 краін. На мінулым этапе ў Баку беларуская каманда заваявала тры медалі: Шарамкоў узяў золата ў вольных практыкаваннях і бронзу ў апорным скачку, а Цітавец перамагла на брусах.
Йоханэс Бё выйграў этап Кубка свету ў Хальменколене
Нарвежскі біятланіст Йоханэс Бё не пакінуў шанцаў супернікам на хатнім этапе Кубка свету ў Хальменколене, заняўшы першае месца ў спрынце на 10 км. Пяціразовы алімпійскі чэмпіён не дапусціў ніводнага промаху на агнявых рубяжах і паказаў найлепшы час на лыжні. Другім фінішаваў Стурла Лэгрейд, які саступіў пераможцу 25,7 секунды. Бронза дасталася яшчэ аднаму нарвежцу — Йоханэсу Дале-Шэўдалу.






