
12 сакавіка былі згуляныя першыя матчы стадыі 1/8 фінала футбольнай Лігі Еўропы.
Італьянскія «Балонья» і «Рома» разышліся мірам 1:1.
Французскі «Ліль» з лікам 0:1 саступіў ангельскай «Астан Віле».
Грэцкі «Панацінайкас» з лікам 1:0 перайграў гішпанскі «Бетыс». Прычым грэкі вырвалі перамогу на 88-й хвіліне гульні, калі каманды гулялі ў складзе 10 на 10.
Нямецкі «Штутгарт» саступіў партугальскаму «Порту» з лікам 1:2.
Гішпанская «Сельта» згуляла ўнічыю 1:1 з французскім «Ліёнам».
З лікам 2:0 венгерскі «Ферэнцвараш» абыграў партугальскую «Брагу».
Бельгійскі «Генк» мінімальна 1:0 перамог нямецкі «Фрайбург».
Ангельскі «Нотынгем форэст» з лікам 0:1 саступіў дацкаму «Міцьюланду».
Учора таксама былі згуляныя першыя матчы 1/8 фінала і ў Лізе канферэнцый.
Нідэрландскі «АЗ» з лікам 2:1 перамог чэшскую «Спарту» з Прагі.
Познаньскі «Лех» саступіў данецкаму «Шахтару» з лікам 1:3.
З такім самым лікам 1:3 турэцкі «Самсунспор» прайграў гішпанскаму «Рая Вальекана».
Харвацкая «Рыека» з лікам 1:2 прайграла французскаму «Страсбургу».
Славенскі «Цэле» беларускага галоўнага трэнера Івана Маеўскага на жаль буйна саступіў грэцкаму «АЕКу» з лікам 0:4. Цікава, што гэтыя каманды ўжо гулялі між сабою ў асноўнай стадыі і тады быў мацнейшым «Цэле» з лікам 3:1.
Ангельскі «Крыстал Пэлас» згуляў унічыю 0:0 з іншым «АЕКам» – з Кіпра.
Італьянская «Фіярэнтына», якая ў папярэднім раўндзе ледва прайшла беластоцкую «Ягелонію», гэтым разам з лікам 2:1 перамагла іншы польскі клуб – «Ракуў» з Чэнстаховы. Пры тым, што «фіялкі» саступалі ў ліку, а пераможны гол забілі толькі на 93 хвіліне з пенальці.
А таксама чэшская «Сігма» згуляла ўнічыю 0:0 з нямецкім «Майнцам».
Гульні ў адказ у Лізе Еўропы і Лізе канферэнцый адбудуцца праз тыдзень 19 сакавіка.
Мужчынская зборная Ірана адмовілася ад удзелу ў чэмпіянаце свету па футболе.
Пра гэта заявіў міністр спорту краіны Ахмад Даньямалі.
Пасля таго, як ЗША і Ізраіль пачалі 28 лютага ваенную кампанію супраць Ірана, у Тэгеране ўжо казалі пра магчымасць зняцця з чэмпіянату свету.
Зборная Ірана ўсе матчы групавога этапу ў чэрвені павінна была правесці ў ЗША: два — у Інглвудзе (супраць Новай Зеландыі і Бельгіі), адзін — у Сіэтле (з Егіптам).
Суперкубак Беларусі па футболе сярод жанчын пройдзе 14 сакавіка на стадыёне ФК «Мінск».
Матч будзе судзіць Вольга Блоцкая. Асіставаць 36-гадовай рэферы будуць Алеся Гутнік і Аліна Слуцкая. Чацвёрты суддзя – Валянціна Сакаловіч.
Матч за Суперкубак-2026 паміж «Мінскам» і «Дынама-БДУФК» адбудзецца ў суботу, 14 сакавіка і пачнецца ў 13:00 па беларускім часе.
Уваход на гэтую сустрэчу вольны.
Беларускі паўабаронца «Жальгірыса» Юры Кендыш патрапіў у сімвалічную зборную 4 тура чэмпіянату Літвы па футболе.
Нагадаем, што 35-гадовага гульца прызналі лепшым у матчы супраць «Судувы» (1:0). Ён правёў на полі ўсю сустрэчу.
У бягучым сезоне Д1 Літвы на рахунку беларуса чатыры матчы, у якіх ён аформіў адзін забіты мяч і атрымаў дзве жоўтыя карткі.
Пасля чатырох тураў яго «Жальгірыс» ідзе на другім месцы ў турнірнай табліцы, набраўшы 9 ачкоў.
У матчы рэгулярнагачэмпіяната НХЛ «Філадэльфія» Аляксея Коласава выйграла ў «Вашынгтона» Аляксея Протаса з лікам 4:1. Коласаў не патрапіў у заяўку на матч, Протас правёў на лёдзе 18:03 хв, з якіх 1:34 хв згуляў у большасці і 1:35 хв – у меншасці. На рахунку Протаса няма дзейсных балаў. Ён выканаў 3 кідкі міма брамкі, 1 перахоп і зарабіў паказчык карыснасці «-2».
А вось у АХЛ «Абатсфорд» дома абыграў «Манітобу» таксама з лікам 4:1.
23-гадовы беларускі форвард пераможцаў Даніла Клімовіч выступаў на правым фланзе другога звяна і быў прызнаны першай зоркай матчу.
На 17-й хвіліне сустрэчы Клімовіч закінуў шайбу ў большасці. А на 53-й хвіліне вызначыўся голам ужо ў роўных складах.
Па выніку ён набраў 2 (2+0) выніковыя балы, нанёс 5 кідкоў і скончыў гульню з паказчыкам карыснасці «+1».
У бягучым сезоне Клімовіч правёў 50 матчаў, набраў 24 (12+12) ачкі, зарабіў 56 хвілін штрафу і мае паказчык карыснасці «-17».
Учора быў згуляны матч гандбольнай Лігі чэмпіёнаў сярод мужчын з удзелам беларускага гульца.
Польскі «Кельцэ» Арцёма Каралька абыграў нарвежскі «Кальстад» з лікам 27:26. Беларус вызначыўся 7 закінутымі мячамі.
Учора першая ракетка свету з Беларусі Арына Сабаленка абыграла 10-ю ракетку канадку Вікторыю Мбака з лікам 2:0 – 7:6, 6:4 у 1/4 фіналу турніру WTA у Індыян-Уэлсе.
Гэты матч стаў для 27-гадовай беларускі 100-м у кар’еры супраць тэнісістак з топ-10 сусветнага рэйтынгу. У гэтых сустрэчах на яе рахунку 57 перамог пры 43 паразах.
З моманту свайго дэбюту ў WTA-туры ў 2017 годзе Сабаленка першай дасягнула гэтай меткі.
Такім чынам у паўфінале турніру беларуска згуляе з 14 ракеткай чэшкай Ліндай Наскавай. Для яе гэта ўжо восьмы паўфінал у Індыян-Уэлсе ў кар’еры.
Арына Сабаленка даходзіць як мінімум да паўфіналу турніраў катэгорыі WTA-1000 дзевяць сезонаў запар – з 2018 па 2026 год.
З моманту ўвядзення фармату ў 2009 годзе даўжэйшая серыя была толькі ў Петры Квітавай – дзесяць сезонаў (2011-2020).
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






