BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чарговыя адборавыя гульні на чэмпіянат свету па футболе 2026 года

Адбыўся шэраг матчаў у кваліфікацыйным раўндзе адбору на Чэмпіянат свету па футболе 2026 года. Зборная Чэхіі перамагла зборную Чарнагорыі з лікам 2:0. Эстонія саступіла Ізраілю 1:3. Харватыя разграміла Гібралтар 7:0. Паўночная Македонія згуляла ўнічыю 1:1 з Бельгіяй. Нарвегія даволі нечакана разграміла Італію з лікам 3:0 і адзінаасобна ўзначаліла сваю групу са 100% вынікам. А зборная Уэльса чакана разграміла зборную княства Ліхтэнштайн з такім сама лікам 3:0.


22-гадовы беларускі форвард «Пушчы» з Непаломіц Герман Баркоўскі можа перайсці ў «Ракаў» з Чэнстахова. Пра гэта паведамляе польскі рэсурс meczyki.pl. Па выніках сезона «Ракаў» заваяваў у Экстракласе срэбныя медалі. «Пушча» ж пакінула элітны дывізіён. Кантракт з гэтым клубам у беларуса да 30 чэрвеня. Баркоўскі ў 17 матчах за гэту клуб забіў 4 мячы і аддаў 3 выніковыя перадачы. Стала вядома, што і беларускі экс-форвард «Кароны» з Кельцаў Яўген Шыкаўка таксама зараз знаходзіцца ў пошуках новай каманды.

У ЗША распачаліся фінальныя матчы ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Гэта быў першы фінал для «Індыяны» з 2000 года, а таксама першы для «Аклахомы» з 2012 года. Лідар «Індыяны» Тайрыз Халібертан закінуў у гэтым матчы гейм–вінэр. За 0,3 секунды да канца матчу Тайрызу атрымаўся дакладны кідок з сярэдняй дыстанцыі, які вывеў «Пэйсерс» наперад – 111:110. У пачатку чацвёртай чвэрці «Аклахома» мела перавагу ў 15 ачкоў. Халібертан набраў у гэтым матчы 14 ачкоў, 10 падбораў і 6 перадач. На працягу гэтага плэй–оф Тайрыз забіваў гейм–вінэры ў канцы матчаў супраць «Мілуокі» 29 красавіка і «Кліўленда» 6 траўня, а супраць «Нью–Ёрка» 21 траўня ён перавёў гульню ў авертайм.

Таксама ўчора прайшла другая сустрэча паўфінала чэмпіяната Францыі па баскетболе. «Бур» беларуса Максіма Салаша ізноў саступіў «Парыжу». На гэты раз з лікам 103:117. У гэтай сустрэчы наш гулец набраў 11 ачкоў.

Беларуска Арына Сабаленка напярэдадні прабілася ў першы ў кар’еры фінал на «Ралан Гарос». Для Сабаленкі гэта фінал на трэцім запар турніры «Вялікага шлема». У фінале US Open-2024 Сабаленка перайграла Чжэн Цыньвэнь – 6:3, 6:2, а на Australian Open-2025 саступіла Мэдысан Кіз – 3:6, 6:2, 5:7.
Апошні раз гуляць у трох запар фіналах турніраў «Вялікага шлема» ўдавалася Серэне Уільямс. Гэта было ў сезоне-2016. Сёння ж Арына згуляе ў фінале парыжскага турніра з амерыканкай Коры Гаўф. Пачатак гульні ў 15 гадзін па польскім часе. Па беларускім на гадзіну пазней. А ўчора вызначыліся фіналісты мужчынскага фіналу. Імі сталі – італьянец Янік Сінэр ды гішпанец Карлас Алькарас. 1 і 2 ракеткі рэйтынгу АТР адпаведна. Яны разыграюць трафей у нядзелю.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя