BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Працягваецца трохдзёнка матчаў у футбольнай Лізе чэмпіёнаў

ліга чэмпіёнаў

Працягваецца трохдзёнка матчаў у футбольнай Лізе чэмпіёнаў. Учорашні дзень прынёс наступныя вынікі. Грэцкі «Алімпіякас» і кіпрыёцкі «Пафас» згулялі ўнічыю 0:0. Пры чым астравіцяне гулялі ў меншасці з 26 хвіліны. Для каманды з Кіпра гэта стала першым у гісторыі клуба ачком, завяваным у Лізе чэмпіёнаў.
Таксама, як і для нарвежскага клуба «Будзё/Глімт», які ўчора ў Празе згуляў унічыю 2:2 са «Спартай». Пры гэтым пражане яшчэ на 74 хвіліне вялі ў ліку 2:0. А вось «зубныя шчоткі» спачатку не забілі пенальці, пасля на 78 хвіліне скарацілі адставанне, а на 90 хвіліне лік на табло параўнялі – 2:2.
«Аякс» у Амстэрдаме саступіў міланскаму «Інтэру» з лікам 0:2. Пры чым абодва галы з розніцай у 5 хвілін, як кажуць, у распранальню і з распранальні – на 42 і 47 хвілінах гульні забіў Маркус Цюрам. І абодва разы з перадачы турка Хакана Чалханаглу.

Дзейны уладальнік кубка Лігі чэмпіёнаў – парыжскі ПСЖ на «Парк дэ Прэнс» больш, чым праканаўча пацвердзіў свой статус у матчы з італьянскай «Аталантай». «Гараджане» перамаглі з лікам 4:0. Галамі адзначыліся Маркіньёс, Кварцкхелія, Мэндэш і Рамас, а таксама з 11-метровай кропкі не забіў мяч Баркаля.

Мюнхенская «Баварыя» на «Альянц-Арэне» перамагла лонданскі «Чэлсі» з лікам 3:1.
Лік у гульні адкрыў аўтаголам абаронца «арыстакратаў» Калабах. З пенальці яго падвоіў Кейн. Пасля Палмер адзін гол адквітаў – 2:1. І пераможную кропку ў гульні 3:1 паставіў усё той жа баварскі англічанін Гары Кейн.
А вось у матчы ангельскага «Ліверпуля» ды гішпанскага «Атлетыка» з Мадырыда ў стартавым складзе на поле наогул выйшаў усяго адзін англічанін, і той у складзе гішпанскай каманды – паўабаронца Конар Галахер. Гэта ўпершыню з 2006 года, калі адзіным англічанінам у стартавым складзе на матч Лігі чэмпіёнаў з удзелам англійскага клуба стаў прадстаўнік каманды не з Англіі.
Папярэдні такі выпадак адбыўся ў сакавіку 2006 года, калі ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў у матчы паміж «Арсеналам» і «Рэалам» (0:0) адзіным англічанінам у стартавых складах каманд быў паўабаронца «сметанковых» Дэвід Бэкхэм. Дык вось, «пеліканы» спачатку адкрылі лік у гульні двума хуткімі галамі на 4 і 6 хвілінах Робертсана і Салаха. Пасля ў распранальню ім забіў гол на трэцяй дададзенай да першага тайма хвіліне паўабаронца «матраснікаў» Льярэнтэ. Потым ізноў жа ён на 81 хвіліне лік у матчы параўняў 2:2. Але на 92 хвіліне Вірджыл ван Дэйк усё ж прынёс шчасце на «Энфілд Роўд» і зрабіў лік 3:2 на карысць «Ліверпуля».
Таксама дадамо, што на 94 хвіліне вечна неўтаймаваны рулявы «Атлетыка» Дыега Сімеонэ быў выдалены за стычку з заўзятарамі «пеліканаў». А таксама гэты матч стаў юбілейным – 500-м для 32-гадовага славенца Яна Облака ў браме мадрыдскага «Атлетыка».

У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя першыя матчы пятага тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Брэст» на сваёй пляцоўцы саступіў «Дынама-Маладэчна» з лікам 1:2. «Юнацтва» з мінімальным лікам 1:0 перайграла «Гомель». Гарадзенскі «Нёман» здзейсніў супер камбэк і перайграў «Віцебск» па булітах 2:1. Пры гэтым гарадзенцы за 49 секундаў да фінальнага свістка асноўнага часу саступалі ў ліку 0:1.

Завяршаецца групавая стадыя чэмпіяната свету па валейболе, які праходзіць на Філіпінах.

Зборная Польшчы ўчора перамагла ў трэцяй гульні з трох. Гэтым разам – зборную Нідэрландаў з лікам 3:1 – 22:25, 25:23, 25:19, 25:22. І з першым месцам выходзіць з групы ў 1/8 фінала.
Сёння ж вырашыцца лёс зборнай Украіны ў матчы з Італіяй.

Учора свой другі матч на групавым этапе гандбольнай Лігі чэмпіёнаў правяла «Орлен Вісла» з Плоцка і перамагла «РК Заграб» з лікам 30:27. Польская каманда займае першае месца ў сваёй групе В.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя