Трыма матчамі 19 жніўня, распачнецца праграма раўнда плэй-оф у Лізе чэмпіёнаў, а за ёй і ў Лізе Еўропы ды Лізе канферэнцыяў. Сербская «Црвена Звезда» прыме ў сябе кіпрыёцкі «Пафас». Венгерскі «Ферэнцвараш» прыме азербайджанскі «Карабах». Шатландскі «Рэйнджэрс» згуляе з бельгійскім «Бруге».
Сёння ж адбудзецца матч 1/16 Кубка Беларусі па футболе, у якім прадстаўнік другога дывізіёна – гомельскі «Лакаматыў» прыме ў сябе менскае «Дынама». Пераможца гэтай пары ў 1/8 фінала патрапляе на «Віцебск». Гэтая сустрэча была адкладзеная з-за ўдзелу «Дынама» ў еўракубках.
Па той жа прычыне па-ранейшаму застаецца перанесеным на неакрэслены тэрмін матч 1/16 фінала паміж гарадзенскім «Нёманам» і першалігавым «Слонімам». Пераможца гэтага двубою атрымае сабе ў 1/8 у супернікі найбольш нязручны варыянт – віцебскі «МЛ».
Усім трэнерам і гульцам менскага «Дынама» зрэзалі зарплату ўдвая – кіраўніцтва клуба скарачэнне не закранула – паведамляе партал «Трыбуна.бай». Праблемы з заробкам узніклі пасля матчу з «Тарпеда-БелАЗ», у якім была здабытая пераканаўчая перамога 4:0. Каманда чакала выплат 12 жніўня. Аднак у гэты дзень на карткі нічога не прыйшло. Ніякіх папярэджанняў пра затрымкі не было. Па звестках «Трыбуны», прадстаўнікі каманды 13 жніўня звязаліся з кіраўніцтвам. У офісе адказалі, што грошы паступяць у гэты ж дзень, але што нікому не трэба разлічваць на поўныя выплаты. Па распараджэнні так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука ўсім – і беларускім гульцам, і легіянерам, і трэнерска-адміністрацыйнаму штабу – заробкі зрэзалі на 50 адсоткаў.
Так чыноўнік абазначыў сваю незадаволенасць першым кругам у выкананні «Дынама» і раннім вылетам з еўракубкаў. Пры гэтым працаўнікі офіса і кіраўнікі клуба пад санкцыі не патрапілі.
Кавальчук не абазначаў ні тэрмінаў, ні ўмоў, пры якіх памеры зарплаты вернуцца на ранейшы ровень. Так што не выключана, што і ў верасні праца гульцоў і трэнераў будзе аплачана хутчэй за ўсё напалову.
Сёння пройдзе заключны матч групавога этапу Кубка Салея – Кубка Беларусі па хакеі. У групе А салігорскі «Шахцёр» прыме «Ліду». У выпадку чыстай перамогі ў асноўны час любая з камандаў гарантуе сабе выхад у чвэрцьфінал. А ў выпадку «Ліды» дастаткова будзе нават перамогі ў овертайме альбо па булітах. Нагадаем, што ў групе Б у плэй-оф ужо выйшлі «Віцебск», жлобінскі «Металург», «Гомель» ды «Магілёў». А з групы А дакладна выйшлі менскае «Юнацтва» і «Брэст». Фінал Кубка запланаваны на 31 жніўня.
23-гадовы левы крайні менскага СКА і зборнай Беларусі па гандболе Станіслаў Садоўскі перайшоў у «Заграб» – каманду вышэйшага дывізіёна Харватыі. Мінулы сезон гулец правёў у маскоўскім ЦСКА.
Нагадаем, што ў «Заграбе» выступае яшчэ адзін беларус – Ігар Бяляўскі..
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






