
Працягваюцца матчы групавога этапу адбору на чэмпіянат свету па футболе 2026 года.
Зборная Фінляндыі сенсацыйна саступіла ў Хельсінкі з лікам 0:1 камандзе Мальты.
Харватыя перамагла Фарэрскія выспы з лікам 3:1. Пры гэтым «шашачныя» прапусцілі мяч першымі на 16 хвіліне гульні. Дзякуючы валявой перамозе яны напрамую выйшлі на чэмпіянат свету.
Каманда самай маленькай з прадстаўленых у еўрапейскім адборы краінаў – Гібралтар таксама ледзь не зладзіў сенсацыю і першым забіў у браму Чарнагорыі. Але не ўтрымаў ініцыятыву і саступіў той з лікам 1:2. Пры гэтым пераможны гол чарнагорцы забілі з пенальці.
Люксембург на сваім полі саступіў з лікам 0:2 камандзе Германіі.
Славакія перамагла Паўночную Ірландыю з лікам 1:0, забіўшы на 91-й хвіліне. Што праўда перад тым два галы славянам адмянілі. Польшча на «Нарадовым» у Варшаве згуляла ўнічыю 1:1 з Нідэрландамі. Спачатку гол «у распранальню» на 43 хвіліне галандцам забіў Якуб Каміньскі. А пасля ўжо «з распранальні» на 47-й хвіліне гол у адказ забіў лепшы бамбардзір зборнай «цюльпанаў» Мэмфіс Дэпай.
Польшча і Славакія забяспечылі сабе выхад у стыкавыя матчы.
У матчы кваліфікацыі моладзевага чэмпіянату Еўропы па футболе 2027 года зборная Беларусі перамагла каманду Уэльса з буйным лікам 3:0. Галамі адзначыліся Мялкоўскі, Цэпянкоў і Пячура.
Паядынак прайшоў у грузінскім Горы. Пасля трох матчаў нашая моладзь з 4 ачкамі займае ў групе 4-ы радок. Наступная гульня з камандай Даніі.
Таксама з Даніяй сёння ўвечары згуляе ўжо нацыянальная беларуская зборная. Якая амаль суткі шматпакутліва дабіралася з Менску да Капенгагена. Спачатку аўтобус з футбалістамі праз закрытую мяжу з Літвою не змог паехаць на запланаваны раней авіярэйс у Вільню. А ўчора па дарозе да Варшавы захрас на мяжы больш чым на 12 гадзінаў. З-за гэтага прыйшлося мяняць квіткі на рэйс з Варшавы да сталіцы Даніі і па гэтай жа прычыне адмяняць перадматчавую прэс-канферэнцыю галоўнага трэнера зборнай Беларусі гішпанца Карласа Алоса.
Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць дамашнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
Завяршыўся групавы раўнд Выніковага турніра АТР.
Другая ракетка сусветнага рэйтынгу італьянец Янік Сінэр перамог пятую ракетку амерыканца Бэна Шэлтана з лікам 2:0 – 6:3, 7:6. А вось у другім матчы групы Б апошнюю пуцёўку ў паўфінал паміж сабою разыгралі 3 ракетка прадстаўнік Германіі Аляксандр Звераў ды 8 ракетка канадзец Фелікс Ажэ Альясім. Мацнейшым быў прадстаўнік краіны кляновага ліста з лікам 0:2 – 4:6, 6:7.
Нагадаю, што днём раней у паўфінал выйшлі – аўстраліец Алекс дэ Мінаўр і Карлас Алькарас. Гішпанец застанецца на чале рэйтынгу ATP незалежна ад далейшых вынікаў Выніковага турніру.
Гэта стала магчымым пасля выхаду тэнісіста ў паўфінал ATP Finals з трыма перамогамі на групавым этапе. Гішпанец другі раз у кар’еры стаў найлепшым тэнісістам свету па выніках года.
У паўфіналах сустрэнуцца Сінэр і дэ Мінаўр ды Алькарас і Альясім.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі «Вашынгтон» саступіў «Фларыдзе» – з лікам 3:6.
Беларускі форвард «сталічных» Аляксей Протас правёў на лёдзе 15 хвілін 22 секунды (у тым ліку 2:15 у меншасці), дапусціў 1 страту, зладзіў 1 перахоп, прайграў усе 3 укідванні і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0». Протас у сезоне правёў 17 матчаў, набраў 10 (5+5) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+6» і 2 хвілінах штрафу. У апошніх 9 гульнях на яго рахунку адно (1+0) ачко. Нараджэнец Віцебска не набірае ачкі ў апошніх 5 паядынках. Пасля 17 матчаў «Вашынгтон» мае 17 ачкоў і займае 15-е месца ва Усходняй канферэнцыі.
«Калгары» перамог «Сан-Хасэ» з лікам 2:0.
Беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч у заяўку не патрапіў.
Усяго на рахунку Шаранговіча ў гэтым сезоне 16 матчаў, 4 (2+2) дзейсных бала і паказчык карыснасці «-10». «Калгары» перапыніў серыю з трох параз. Пасля 19 сустрэч каманда замыкае табліцу Заходняй канферэнцыі. «Каларада» Іллі Салаўёва выйграла ў «Бафала» з лікам 6:3. Беларускі гулец таксама на гульню заяўлены не быў.
А тым часам беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў выйшаў у лідары НХЛ па галявых перадачах сярод навічкоў. У яго актыве 9 (0+9) асістаў у 16 матчах. Ён дзеліць першае месца з расейскім форвардам «Манрэаля» Іванам Дзямідавым. У спісе найлепшых бамбардзіраў сярод навічкоў 20-гадовы нараджэнец Жлобіна займае 7-е месца. Лідзіруе ж 18-гадовы канадскі абаронца «Айлендэрс» Мэцью Шэфер, у якога 14 (6+8) ачкоў у 17 паядынках.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






