
Учора на Алімпійскіх гульнях у Італіі былі разыграныя чарговыя камплекты ўзнагарод.
У жаночым фрыстайле золата ў скі-кросе здабыла прадстаўніца Германіі Даніэла Маер, срэбра дасталася швайцарцы Фані Сміт, бронза – у шведкі Сандры Неслунд.
29-гадовая Маер з’яўляецца бронзавай прызёркай АГ-2022.
1. Даніэла Маер (Германія)
2. Фані Сміт (Швайцарыя)
3. Сандра Неслунд (Швецыя)
У суперфінале па лыжнай акрабатыцы сярод мужчын перамогу святкаваў кітаец Ван Сіньдзі.
1. Ван Сіньдзі (Кітай) – 132.60
2. Ноа Рот (Швайцарыя) – 131.58
3. Лі Цяньма (Кітай) – 123.93
У мужчынскім мас-старце па біятлоне перамогу здабыў нарвежац Ёханэс Дале-Шаўдаль.
1. Ёханэс Дале-Шаўдаль (Нарвегія) – 39.17,1 (0+0+0+0)
2. Стурла Гольм Легрэйд (Нарвегія) – 10,5 (0+0+1+0)
3. Кантэн Фіён-Майе (Францыя) – 25,6 (1+0+2+1)
У канькабежным спорце на дыстанцыі 1500 метраў сярод жанчын перамагла Антуанэта Рэйпма-дэ Йонг з Нідэрландаў. Яна ўпершыню атрымала перамогу на Алімпіядзе. Да гэтага ў яе былі два срэбныя медалі і тры бронзавыя.
1. Антуанэта Рэйпма дэ Ёнг (Нідэрланды) – 1.54,09
2. Райне Віклунд (Нарвегія) – 0,06
3. Валеры Мальце (Канада) – 0,31
У суперфінале па хафпайпе сярод мужчын перамогу здабыў амерыканец Алекс Ферэйра.
Да гэтага ён выйграваў бронзу на Гульнях у 2022 годзе і срэбра ў 2018 годзе.
1. Алекс Ферэйра (ЗША) – 93,75
2. Генры Сільдару (Эстонія) – 93,00
3. Брэндан Маккай (Канада) – 91,00
Стурла Хольм Лагрэйд стаў першым мужчынам-біятланістам у гісторыі, які ўзяў медалі ва ўсіх чатырох асабістых гонках Алімпійскіх гульняў. На Гульнях-2026 нарвежац заваяваў срэбра ў гонцы пераследавання і мас-старце, а ў індывідуальнай гонцы і спрынце стаў бронзавым прызёрам.
Чатыры асабістыя гонкі ў біятлоне на Алімпіядах праводзяцца з 2006 года. У жанчын медалі ва ўсіх гонках брала нарвежка Марце Ульсбю-Ройселан у Пекіне-2022.
Зборная Нарвегіі ўсталявала новы рэкорд па колькасці перамог на адной зімовай Алімпіядзе.
На бягучы момант каманда заваявала 17 залатых медалёў на гэтых Гульнях. Такім чынам, нарвежцы перасягнулі сваё ж дасягненне (16 узнагарод у Пекіне-2022). Больш за ўсё залатых медалёў прынёс лыжнік Ёханэс Клэба – на гэтых Гульнях ён выйграў пяць гонак з пяці. На дадзены момант Нарвегія лідзіруе ў агульным медальным заліку гэтай Алімпіяды.
Фігурысты з Расеі засталіся без медалёў на Алімпійскіх гульнях упершыню за час існавання гэтай дзяржавы. На гэтай Алімпіядзе ў статусе індывідуальных нейтральных спартоўцаў выступалі расейскія адзіночнікі Пётр Гуменнік і Адэлія Петрасян. Абодва ў сваіх спаборніцтвах занялі шостае месца.
Адзначым, што і фігурысты з СССР, правапераемніцай якога стала Расея, бесперапынна бралі медалі на Алімпіядах з 1964 года. У 1960-м іх найлепшым вынікам стала шостае месца пары Ніна Жук – Станіслаў Жук.
Расейскія спартоўцы на Алімпіядзе не атрымалі смартфоны ад фундатара МАК Samsung.
Кампанія падарыла кожнаму алімпійцу па тэлефоне, але ў МАК паведамілі, што расейцы іх не атрымалі, бо з мэтай захавання дзейнага заканадаўства забаронена распаўсюджваць прылады сярод спартоўцаў з пэўных краін. Нягледзячы на гэта, расейскі скі-альпініст з нейтральным пашпартам Мікіта Філіпаў расказаў, што расейскія спартоўцы атрымалі каробку з падарункамі ў алімпійскай вёсцы, але там былі толькі шампунь і зубная паста.
У сакавіку 2022 года Еўразвяз у рамках чацвёртага пакета санкцый супраць Расеі забараніў пастаўкі ў краіну прадметаў раскошы, у тым ліку смартфонаў і гульнявых прыставак даражэй за 750 еўра. У 2024-м аналагічныя санкцыі ЕЗ увёў і супраць Беларусі.
Зборная Украіны будзе байкатаваць цырымонію адкрыцця Паралімпійскіх гульняў-2026 з-за допуску беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў. Пра гэта паведаміў Нацыянальны паралімпійскі камітэт Украіны.
«Супольнасць украінскіх паралімпійцаў і Нацыянальны паралімпійскі камітэт Украіны абураныя цынічным рашэннем Міжнароднага паралімпійскага камітэта падаць для Расеі і Беларусі двухбаковыя слоты, якія даюць магчымасць 6 расейскім суб’ектам паралімпійскага спорту і 4 прадстаўнікам беларускага паралімпійскага спорту ўдзельнічаць у XIV зімовых Паралімпійскіх гульнях. Нацыянальны паралімпійскі камітэт Украіны заяўляе, што ўкраінская паралімпійская каманда і Нацыянальны паралімпійскі камітэт Украіны байкатуюць цырымонію адкрыцця XIV зімовых Паралімпійскіх гульняў і патрабуюць не выкарыстоўваць украінскі сцяг на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды-2026», – паведаміла арганізацыя.
Міністэрства спорту і турызму Польшчы таксама аб’явіла, што яго прадстаўнікі будуць байкатаваць цырымонію адкрыцця Паралімпійскіх гульняў.
«У сувязі з дазволам Міжнароднага паралімпійскага камітэта расейскім і беларускім спартоўцам спаборнічаць на XIV зімовых Паралімпійскіх гульнях у Мілане і Корціна-д’Ампецо з выкарыстаннем іх дзяржаўнай сімволікі, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму не будуць удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця Гульняў. Ва ўмовах расейскай агрэсіі, якая працягваецца супраць Украіны, удзел спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў спартовых спаборніцтвах з выкарыстаннем іх сцягоў і гімнаў з’яўляецца абсалютна непрымальным», – гаворыцца ў заяве.
Эстонскае грамадскае вяшчанне (ERR) аб’явіла, што не будзе трансляваць спаборніцтвы на Паралімпійскіх гульнях у Мілане і Корціне-д’Ампеца з удзелам беларускіх і расейскіх спартоўцаў пад дзяржаўнымі сцягамі. Пра гэта паведаміў кіраўнік спартовай рэдакцыі ERR Рыва Саарна ў сваім каментары.
«Эстонскае грамадскае вяшчанне (ERR) адназначна асуджае нармалізацыю дзеянняў дзяржаў-агрэсараў праз спорт і алімпійскі рух і рашуча асуджае рашэнне дапусціць расейскіх і беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў Паралімпійскіх гульнях у Мілане і Корціне-д’Ампецо пад сцягамі дзяржаў-агрэсараў. У сувязі з гэтым тэлевізійныя каналы ERR не будуць трансляваць спаборніцтвы Паралімпіяды, у якіх будуць удзельнічаць расейскія і беларускія спартоўцы», – сказаў Саарна.
Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Тсахкн адрэагаваў на гэтае рашэнне МПК, назваўшы яго «ганьбай». У той жа час прэзідэнт Эстонскага паралімпійскага камітэта і віцэ-мэр Таліна Моніка Хаўканім асудзіла ўдзел паралімпійцаў з Расеі і Беларусі ў будучых Гульнях, пакуль працягваецца ўварванне ва Украіну.
Раней Міжнародны паралімпійскі камітэт паведаміў, што чатыры беларускія і шэсць расейскіх спартоўцаў змогуць узяць удзел у Паралімпійскіх гульнях-2026 пад сваімі дзяржаўнымі сцягамі.
Паралімпійскія гульні пройдуць у Мілане і Корціне-д’Ампеца з 6 па 15 сакавіка.
У новым сезоне ў матчах чэмпіянату Беларусі будзе ўкаранёная сістэма VAR. Пра гэта заявіла Беларуская федэрацыя футбола. На гэты момант невядома, ці на ўсіх матчах будзе даступная сістэма. Паведамляецца, што сродкі на набыццё патрэбнай тэхнікі закладзеныя ў бюджэт АБФФ на 2026 год.
ФК «Салігорск» з Д3 прынялі ў сябры АБФФ. Пра гэта стала вядома падчас канфэрэнцыі арганізацыі.
У 2025 годзе каманда ў дэбютным сезоне другой лігі заняла 8-е месца.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






