BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гарадзенскі “Нёман” працягвае “буксаваць”

У суботу ды нядзелю прайшлі гульні 7-га тура ў Вышэйшай лізе. Дзеючы чэмпіён менскае «Дынама» на сваім полі, саступаючы па ходу сустрэчы, здолела такі перамагчы «Віцебск» з лікам 2:1. «Смаргонь» у сябе мінімальна саступіла жодзінскаму «Тарпеда» 0:1. Гарадзенскі «Нёман» працягвае «буксаваць» і саступіў у Віцебску дэбютантам лігі – мясцоваму «МЛ» таксама з мінімальным лікам 0:1. А вось берасцейскае «Дынама» перамагло лідара чэмпіяната – мазырскую «Славію» з лікам 3:1. Адзначу, што адбылося гэта ў суботні вечар пры поўным аншлагу на стадыёне «Берасцейскі», на трыбунах якога прысутнічалі больш 10 000 заўзятараў. Што стала абсалютным рэкордам у гэтым сезоне. У нядзелю «Гомель» згуляў у сухую нічыю 0:0 з «Іслаччу». А «Слуцак» на сваім полі саступіў «Мінску» 1:2. І такім чынам на вяршыні турнірнай табліцы адзінаасобна замацаваўся дэбютант Вышэйшай лігі – віцебскі «МЛ» з 17 ачкамі. Другой ідзе «Славія» з 14 ачкамі. А на трэцім радку менскае «Дынама», у якога на пункт меней, што праўда і на адну гульню таксама меней. «Нёман» пасля дзвюх паразаў скаціўся на 11-ю пазіцыю.

У беларускай Першай лізе таксама прайшоў шэраг сустрэч 6 тура. З цікавых адзначым гарадзенскае дэрбі «Слоніма» і «Ліды», якое закончылася добрасуседскай нічыёй 0:0. «Ніва» з Камянеччыны таксама згуляла ўнічыю 2:2 са зборнай Беларусі да 19 гадоў. А «Астравец» перамог дубль менскага «Дынама» 1:0 і тым самым замацаваўся на вяршыні турнірнай табліцы першынства.

Пяройдзем да апошніх навінаў у польскім футболе. Ілля Шкурын у складзе варшаўскай «Легіі» здабыў першы сур’ёзны для сябе трафей – Кубак Польшчы. Яго каманда перамагла «Пагоню» са Шчэціна з лікам 4:3. Беларускі легіянер выйшаў на поле на 60 хвіліне сустрэчы і праз 4 хвіліны забіў гол, зрабіўшы лік 3:1.

У Экстракласе прайшлі матчы 31 тура. Пазнаньскі «Лех» з хакейным лікам 8:1 разграміў «Пушчу» з Непаломіц. Напэўна яшчэ і таму, што гэтую гульню з-за перабору жоўтых картак прапускаў беларускі форвард «пушчанцаў» Герман Баркоўскі. А вось беластоцкая «Ягелонія» працягвае «буксаваць» і гэтым разам на сваім полі ў чарговы раз не здолела здабыць перамогу і згуляла ў нічыю 1:1 з «Гурнікам» Забжэ. І тым самым, з погляду календарных перспектываў, паставіла пад вялікую пагрозу нават бронзавыя медалі чэмпіянату.

На Сэйшэльскіх выспах працягвае свае паспяховае выступленне зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па пляжным футболе. Яна здабыла другую перамогу над зборнай Японіі з такім сама лікам як і над гаспадарамі – 6:3. Сёння а 13-й гадзіне па польскім часе і на гадзіну пазней па беларускім яна згуляе свой апошні матч у групе супраць Гватэмалы. Зараз нашая зборная ідзе на першым месцы, што дае ёй права выхаду ў 1/4 фінала чэмпіяната. Нагадаем, што на мінулагоднім чэмпіянаце свету ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах Беларусь заняла 4-е месца.

Да навінаў хакея. У канадскай Атаве завяршыўся 49-ы чэмпіянат свету па хакеі сярод моладзевых камандаў. У матчы за трэцяе месца зборная ЗША перамагла Славакію ў авертайме 4:3. А чэмпіёнамі стала каманда гаспадароў, якая разграміла ў фінале Швецыю з лікам 7:0.

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка трэці раз заваявала тытул на прэстыжным турніры WTA-1000 у Мадрыдзе, перамогшы ў фінале амерыканку Коры Гаўф з лікам 6:3, 7:6 (7:3). За перамогу яна атрымала амаль мільён еўра прызавых і 1000 рэйтынгавых ачкоў, што ўмацавала яе пазіцыю як першай ракеткі свету. Сезон 2025 года становіцца асабліва ўдалым для Сабаленкі: яна ўжо заваявала тытулы ў Брысбене, Маямі і цяпер у Мадрыдзе, а таксама была фіналісткай на аўстралійскім адкрытым чэмпіянаце і ў Індыян-Уэлсе.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя