BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прайшлі першыя чвэрцьфінальныя матчы ў Лізе Еўропы і Лізе канферэнцый

Учора, 10 красавіка, на еўрапейскіх футбольных палях прайшлі першыя чвэрцьфінальныя матчы ў Лізе Еўропы і Лізе канферэнцый. У другім па значнасці футбольным еўракубку Старога свету нарвежскі «Бодзё Глімт» у заснежаным Бодзё даволі сенсацыйна перамог «Лацыё» з цёплага Рыму з лікам 2:0. Лонданскі «Тотэнхэм» на сваім полі згуляў у нічыю 1:1 з франкфуртскім «Айнтрахтам». Французскі «Ліён» дома таксама ўнічыю згуляў з англійскім «Манчэстэр Юнайтэд» 2:2, абмяняўшыся галамі на апошніх хвілінах гульні. А шатландскі «Рэйнджэрс» цудам выратаваў у матчы з гішпанскім «Атлетыка» з Більбаа нічыю 0:0, бо з 13 хвіліны граў у меншасці, а ў другім тайме гішпанцы не рэалізавалі пенальці.

А вось у трэцім па значнасці еўракубку – Лізе канферэнцый на стадыі 1/4 фіналу ўпершыню граюць два прадстаўнікі польскага футболу – беластоцкая «Ягелонія» ды варшаўская «Легія». Але што праўда каманды прайгралі свае першыя гульні. «Легія» без Іллі Шкурына разгромна саступіла лонданскаму «Чэлсі» з лікам 0:3. «Ягелонія» ж у гішпанскай Севільі саступіла «Бетысу» на гол менш з лікам 0:2. Славенскі «Цэле», у трэнерскім штабе якога працуе беларускі спецыяліст Іван Маеўскі, саступіў на сваім полі мінулагодняму фіналісту Кубка – італьянскай «Фіярэнтыне» з лікам 1:2. А шведскі «Дуйгардэн» з мінімальным лікам 0:1 саступіў венскаму «Рапіду».

Да навінаў хакея. Нападнік канадскага «Калгары Флэймз» Ягор Шаранговіч аформіў 14-ю шайбу ў гэтым сезоне. Яго каманда ў авертайме саступіла «Анахайму» з лікам 3:4 у рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі. 26-гадовы беларускі хакеіст аформіў сваю 14-ю шайбу ў сезоне на 56-й хвіліне гульні. У выніку ён правёў на лёдзе 13:38 хвіліны, за якія нанёс 4 кідкі і зарабіў адно ачко.
У сезоне ў Ягора ў 69 матчах набрана 28 ачкоў – 14 забітых шайбаў ды 14 трапных перадачаў. Яго «Калгары» займаюць 9-е месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі і вядуць барацьбу за пуцёўку ў плэй-оф. Адставанне да 8-га месца складае пяць балаў, пры адной гульні ў запасе.

Сайт Федэрацыі хакея Беларусі не адкрываецца з-за межаў краіны. За мяжой можна зайсці на сайт толькі выкарыстоўваючы VPN з беларускім рэгіёнам. На сайце знаходзяцца вынікі гульняў, інтэрв’ю, прэс-рэлізы ды іншая цікавая аматарам беларускага хакея інфармацыя.

А тым часам стаў вядомы расклад травеньскіх матчаў з удзелам зборнай Беларусі па хакеі. У той час, калі мацнейшыя зборныя свету разыграюць між сабою чарговы кубак чэмпіёна, нашыя хакеісты згуляюць 4 гульні з такой жа дыскваліфікаванай зборнай за ўдзел краіны ў вайне ва Украіне Расеяй, ды адну сустрэчу правядуць са зборнай Казахстана.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя