У чэмпіянаце Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе двума пятніцавымі матчамі пачалася праграма 18-га тура. «Смаргонь» на сваім полі падзяліла ачкі з дзяржынскім «Арсеналам» 1:1. Прычым, што цікава, каманды фактычна абмяняліся галамі на самым пачатку гульні – на 3 і 4 хвілінах. Спачатку гэта зрабілі з пенальці гаспадары і праз хвіліну адыграліся госці.
А таксама ва ўсходне-палескім дэрбі мазырская «Славія» перайграла ў сябе «Гомель» з лікам 2:1. І зноў скараціла адставанне ад лідара чэмпіяната віцебскага «МЛ» да 7 ачкоў. Ці застанецца гэты гандыкап такім жа, даведаемся пасля матча тура вышэйзгаданага «МЛ» і берасцейскага «Дынама», які адбудзецца ў нядзелю.
У розыгрышы Першай лігі чемпіяната Беларусі па футболе таксама ўчора былі згуляныя два матчы 20 тура. «Ліда» на сваім полі перамагла дублёраў «Мінска» з лікам 3:1. А гомельскі «Лакаматыў» перамог «Астравец» з лікам 2:1. І такім чынам «чыгуначнікі» ўзняліся ў турнірнай табліцы на другі радок.
На аднаго беларуса ў вышэйшых дэвізіёнах еўрапейскіх чемпіянатаў стала болей. Беларускі абаронца Павел Забелін падпісаў кантракт з кіпрыёцкім «Акрытасам». Апошнім клубам беларуса быў расейскі «Сокал». За саратаўцаў у мінулым сезоне гулец правёў 28 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх адзначыўся забітым мячом і чатыры разы атрымаў папярэджанне. Новая яго каманда «Акрытас Хларака» з 54 ачкамі завяршыла сезон-2024/25 на трэцім радку ў турнірнай табліцы другога дывізіёна Кіпра і выйшла у Д1.
У вышэйшых дывізіёнах у Еўропе беларусы гуляюць у Польшчы і Балгарыі па 2 футбалісты, у Босніі і Герцагавіне, Грэцыі, Партугаліі, Сербіі, Славеніі і на Кіпры – па адным. Што да краін былой постсавецкай прасторы, то найбольшая дыяспара ў вышэйшым дывізіёне Казахстана – 15 гульцоў, у Расeі і Кыргызстане – па 8, у Малдове – 3, у Літве – 2, у Грузіі ды Арменіі па 1.
Гарадзенскі «Нёман» павінен атрымаць мінімум 1 мільён 450 тысяч еўра прызавых ад УЕФА за выступ у Лізе канферэнцыяў. 700 тысяч за выступленне ў 4 раўндах кваліфікацыі і яшчэ 750 тысяч у выпадку вылету ад «Рая Вальекана» ў плэй-оф кваліфікацыі. Каманда стала чацвёртым клубам з Беларусі, які прайшоў тры раўнды адбору ў адным розыгрышы еўракубкаў. Раней гэта ўдавалася БАТЭ (па тры раўнды адбору Лігі чэмпіёнаў у 2008, 2011, 2012, 2014 і 2015 гадах), магілёўскаму «Дняпру» (тры раўнды адбору ў Лізе Еўропы ў 2010-м) і менскаму «Дынама» (па тры раўнды адбору ў Лізе Еўропы ў 2014-м і 2015-м).
Сталі вядомыя судзейскія брыгады на матчы «Нёмана» з іспанскім «Рая Вальекана» ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцыяў. Першы матч пройдзе 21 жніўня на стадыёне «Сегед Грошыч Акадэмія» ў венгерскім Сегедзе і пачнецца ў 20.00. Яго абслужыць турэцкая брыгада суддзяў. Сустрэча ў адказ адбудзецца на хатнім стадыёне «Рая» «Вальекас» у Мадрыдзе, старт – у 20.00. І там будзе працаваць французская брыгада суддзяў. Час пачатку матчаў польскі. У Беларусі на гадзіну больш. Што цікава, у акадэміі мадрыдскага клуба трэніруецца 15-гадовы беларускі паўабаронца Данііл Крылоў. Выхаванец «Мінска» папоўніў структуру гішпанскай каманды ў 2022 годзе. Цяпер юны футбаліст выступае за склад «Рая Вальекана» Cadete (14-15 гадоў) і перыядычна прыцягваецца да матчаў Juveníl (16-18 гадоў).
Пасля трэцяга раўнда кваліфікацыі Лігі канферэнцыяў і матча паміж «Нёманам» і «Клаксвікам» Беларусь узнялася на 48-е месца ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА. У актыве беларускіх клубаў – 6,625 бала, столькі ж мае і Люксембург. У першых раўндах усіх турніраў каманды з Беларусі зарабілі 2,125 бала. Гэта найлепшы вынік за апошнія 6 гадоў. «Нёман» у клубным рэйтынгу займае 339 радок, а яго супернік «Рая Вальекана» – 102.
Учора былі згуляныя тры матчы Кубка Салея – Кубка Беларусі па хакеі. «Ліда» ў овертайме перамагла «Брэст» на іх пляцоўцы з лікам 3:2. Гарадзенскі «Нёман» таксама на выездзе перайграў «Дынама-Маладэчна» з лікам 2:1. І таксама на выездзе менскае «Юнацтва» перайграла салігорскі «Шахцёр» з лікам 5:1.
Першая ракетка сусветнага рэйтынгу WTA беларуска Арына Сабаленка вылецела на стадыі чвэрцьфінала з турніра серыі 1000 ў амерыканскім Цынцынаці. Учора яна саступіла 10-й ракетцы з Казахстана Алене Рыбакінай з лікам 0:2 – 1:6 і 4:6 па сэтах. Нагадаем, што Сабаленка была дзеючай пераможцай мінулагодняга турніра ў Цынцынаці.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






