Увечары 26 ліпеня пад моцным дажджом адбылося ўрачыстае адкрыццё Алімпіяды ў Парыжы. Грандыёзнае шоў доўжылася больш чым чатыры гадзіны. Каманды розных краінаў праплывалі на малых кацерах і вялікіх караблях па Сене. Сама канцэпцыя такога адкрыцця была цікавай, хоць суправаджальныя канцэртныя нумары былі нібыта з конкурсу Еўрабачання. Усяго 116 лодак з дэлегацыямі краін праплылі каля 6 кіламетраў па рацэ з усходу на захад уздоўж сабора Парыжскай Богамаці, Луўра, Эйфелевай вежы і некаторых алімпійскіх аб’ектаў, улучна з Гран-Пале. Цырымонія адкрыцця прайшла ўпершыню не на стадыёне ў гісторыі летніх алімпіядаў.
Алімпійскія гульні ў Парыжы будуць доўжыцца да 11 жніўня.
Знакамітага Зіка абрабавалі на 500 тысяч еўра
Пярэдадзень і першы дзень Парыжскай алімпіяды паказваюць, што злачыннасць у сталіцы Францыі на вельмі высокім роўні. Прыпомнім, што пару дзён таму невядомыя выбілі шыбы ў машыне аўстралійцаў-велагоншчыкаў і абрабавалі салон. А ў пятніцу ахвярай зламыснікаў стаў знакаміты бразілец Зіка, які прыехаў у складзе дэлегацыі сваёй краіны. У той момант, калі ён паставіў партфель на задняе сядзенне таксоўкі, невядомыя адцягнулі ўвагу кіроўцы і знакамітага футбаліста і злаўчыліся скрасці сакваяж, у якім было каштоўнасцяў на 500 тысяч еўра – гадзіннік Rolex, дыяменты, наяўныя грошы, упрыгожванні. Акрамя гэтага 26 ліпеня быў зафіксаваны вандалізм на чыгуначным транспарце.
«Белшына» і «Віцебск» выйшлі ў чвэрцьфінал Кубка Беларусі
Першым чвэрцьфіналістам Кубка Беларусі па футболе стала бабруйская «Белшына». У Смаргоні на полі аднайменага клуба яна перамагла 2:1. Шыннікі адкрылі лік на 18-й хвіліне – гэта зрабіў Юрый Гаўрылаў. На 31-й у складзе гаспадароў здарылася выдаленне з-за дзвюх жоўтых картак аднаго з лідараў смаргонцаў Кірыла Леановіча. «Белшына» гэтым скарысталася і на 38-й забіла другі мяч – вызначыўся абаронец Уладзіслаў Давыдаў. У другой палове камандзе Смаргоні ўдалося скараціць розніцу ў ліку – мяч на рахунку івуарыйца Махамеда Бамбы. Але выніковыя 1:2 і далей ідзе «Белшына».
У іншым матчы «Гомель», які быў фаварытам, прымаў «Віцебск» і досыць нечакана на 20-й хвіліне саступаў ужо 0:2. Перад перапынкам гомельцы скарацілі розніцу ў ліку, але на большае ім забракла ўдачы. У выніку і тут перамаглі госці 2:1 і «Віцебск» выйшаў у чвэрцьфінал.
Сёння пройдуць яшчэ два матчы 1/8-й фіналу Кубку Беларусі. Пінская «Хваля» прыме «Слуцк», а мазырская «Славія» – «Макслайн» з Рагачова.
Люблінскі «Матор» дамогся першай вікторыі ў польскай экстракласе
У польскай экстракласе ў матчы другога тура сустрэліся няўдачнікі старту «Пушча» (Непаломіцэ) і «Гурнік» (Забжэ). Сустрэча выдалася вельмі баявой і завяршылася выніковым парытэтам 2:2. Мячы ў «Пушчы» забілі грэк Міхаліс Касідзіс і Якуб Серафін, а ў гасцей – іспанец Мануэль Гарсія і Даміян Расяк. У іншым матчы дня гданьская «Лехія» на сваім полі саступіла люблінскаму «Матору» – 0:2. Галы на рахунку славака Самуэля Мраза і Пётра Цэгляжа.
Сёння пройдуць яшчэ тры матчы польскага чэмпіянату: «Сталь» (Медец) – «Катавіцы», «Радомяк» – «Ягелонія» (Беласток), пачатак сустрэчы ў 17.30, і «Відзэў» (Лодзь) – «Лех» (Познань).
Беларускае Радыё Рацыя






