
Галоўнай падзеяй ўчорашняга дня стала лёсаванне фінальнай часткі чэмпіянату свету па футболе, які пройдзе ў 2026 годзе на палях Канады, ЗША і Мексікі. 48 зборных, а дакладней 42 і 6 умоўных, паколькі яшчэ не ўсе фіналісты вызначыліся, былі размеркаваныя на 12 квартэтаў. Поўныя вынікі жараб’ёўкі:
Група A: Мексіка, Паўднёвая Афрыка, Паўднёвая Карэя, (пераможца стыкавых матчаў: Данія, Паўночная Македонія, Чэхія, Ірляндыя).
Група B: Канада, Катар, Швайцарыя, (пераможца стыкаў Італія, Паўночная Ірляндыя, Уэльс, Боснія і Герцагавіна).
Група C: Бразілія, Марока, Шатляндыя, Гаіці.
Група D: ЗША, Парагвай, Аўстралія, (пераможца стыкаў Турцыя, Румынія, Славакія, Косава).
Група E: Германія, Кот д’Івуар, Эквадор, Кюрасаа.
Група F: Нідэрлянды, Японія, Туніс, (пераможца стыкаў Украіна, Швецыя, Польшча, Албанія).
Група G: Бельгія, Іран, Егіпет, Новая Зеляндыя.
Група H: Іспанія, Уругвай, Савудаўская Арабія, Каба-Вердэ.
Група I: Францыя, Сенегал, Нарвегія, (пераможца стыкаў Ірак, Балівія, Сурынам).
Група J: Аргенціна, Алжыр, Аўстрыя, Іярданія.
Група К: Партугалія, Калумбія, Узбекістан, (пераможца стыкаў ДР Конга, Ямайка, Новая Каледонія)
Група L: Англія, Харватыя, Панама, Гана.
У матчы адкрыцця згуляюць 11 чэрвеня Мексіка і Паўднёвая Афрыка.
У плэй-оф выйдуць дзве лепшыя каманды з кожнай групы, а таксама восем лепшых каманд з трэціх месцаў.
Калі зборная Польшчы ці Украіны трапіць на мундыяль, то яна згуляе у кампаніі F з камандамі Нідэрляндаў, Японіі і Тунісу. Напомнім, што ў сакавіку ў Еўропе пройдзе яшчэ шэраг стыкавых матчаў і вызначацца 4 фіналісты – на гэтыя месцы прэтэндуюць 16 зборных. У пуле B сустрэнуцца Польшча-Албанія і Украіна-Швецыя. Пераможцы гэтых матчаў аспрэчаць пуцёўку на чэмпіянат.
На этапе Кубку свету па біятлоне ў шведскім Эстэрсундзе ўчора прайшоў жаночы спрынт на дыстанцыі 7 з паловай кіламетраў. Усяго стартавалі 106 біятланістак. У выніку першынствавала фінка Суві Мінккінен, якая паказала час 20 хвілін 11,9 секунды. Сярэбранай прызёркай стала шведка Анна Магнусан, якая саступіла пераможцы 16,6 секунды. Трэцюю пазіцыю ў выніку заняла Асеан Мішлон з Францыі. Усе прызёркі былі бездакорнымі пры стральбе. Полька Ёанна Якеля заняла высокае 6-е месца. Сёння, у суботу ў Эстэрсундзе на спрынтарскай дыстанцыі пазмагаюцца мужчыны. А ў нядзелю адбудуцца дзве гонкі пераследу, на чым першы этап Кубку завершыцца.
У кітайскім горадзе Чэнду блізкі да завяршэння Кубак свету па настольным тэнісе сярод змешаных каманд. У фінальнай стадыі бяруць удзел 8 мацнейшых зборных свету – па 4 азіяцкія і еўрапейскія каманды. 5 тур прынёс наступныя вынікі: Ганконг – Францыя – 8:7, Кітай – Германія – 8:4, Харватыя – Швецыя – 8:1, Японія – Паўднёвая Карэя – 8:2.
Турнірная табліца зараз выглядае так: Кітай і Японія – па 10 ачкоў, Германія і Паўднёвая Карэя – па 8, Ганконг – 7, Францыя і Харватыя – па 6, Швецыя – 5 пунктаў.
У выніку чатыры лепшыя дружыны пасля другога этапу выйдуць у плэй-оф, дзе ў заключны дзень 7 снежня іх чакаюць паўфіналы, матч за трэцяе месца і змаганне за Кубак.
Адзін матч учора прайшоў у польскай футбольнай экстракласе. Гданьская «Лехія» прымала на сваім стадыёне лідара – «Гурнік» з Забжэ. Сустрэча выдалася баявой і выніковай. Гаспадары перамаглі 5:2. Па два забітыя мячы ў «Лехіі» на рахунку Кацпера Сезоненкі і лепшага бамбардзіра лігі славака Томаша Бобчэка.
На раніцу суботы ў турнірнай табліцы па-ранейшаму наперадзе «Гурнік» – 30 ачкоў. Яго пераследуюць плоцкая «Вісла» – 29, «Ягелонія» – 28, «Краковія» і чэнстахоўскі «Ракуў» – па 26. Але ў клубаў розная колькасць згуляных матчаў.
Сёння ў чэмпіянаце пройдуць яшчэ 4 сустрэчы. Беластоцкая «Ягелонія» выступіць у нядзелю, 7 снежня, на выездзе ў Няцечы, дзе сустрэнецца з тамтэйшай «Тэрмалікай».
У баскетбольнай Еўралізе прайшлі чарговыя паядынкі. Адзін з лідараў – бялградская «Црвена звезда» на сваім паркеце прымала «Барселону» і на гэты раз саступіла каталонцам – 79:89.
Афінскі «Панацінаікас» спабараваў з іспанскай «Валенсіяй» і грэцкі клуб прайграў пірэнейцам – 79:89. Рэдка бывае, каб дзве паралельныя баскетбольныя сустрэчы скончыліся з аднолькавым лікам.
Пасля 14 тураў наперадзе ў розыгрышы тэль-авіўскі «Хапаэль» – 10 вікторый, па 9 маюць ажно пяць клубаў – «Манака», «Црвена звезда», «Валенсія», «Панацінаікас» і «Барселона».
У Нідэрляндах і Германіі працягваецца жаночы чэмпіянат свету па гандболе. На другім этапе фінальнай часткі каманды працягваюць змаганне ў чатырох шасцёрках. У сэкстэце 1 наперадзе Данія – 8 ачкоў і Венгрыя – 7, у 2-й пульцы лідары Германія – 8 і Сербія – 5, у кампаніі тры рэй вядуць Францыя і Нідэрлянды – па 6 ачкоў. Нарэшце ў 4-й групе максімальную колькасць пунктаў – па 8 – маюць Нарвегія і Бразілія. У плэй-оф з кожнай групы выходзяць якраз па дзве мацнейшыя зборныя.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






