У панядзелак, 21 ліпеня, у штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне трэцяга раўнда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. У прыватнасці, свайго патэнцыйнага суперніка даведалася пара “Лудагорац” — “Дынама” Менск.
Пераможца двухмачтавага супрацьстаяння ў наступным раўндзе турніру сустрэнецца з пераможцам пары “Лінкольн” (Гібралтар) — “Карабах” (Азербайджан). Матчы трэцяга раўнда Лігі чэміпіёнаў запланаваныя на 6 альбо 7 і 13 жніўня. Адпаведна, так склалася ў выніку жараб’ёўкі, што прайграўшы ў пары «Лудагорац» – «Дынама» Менск у Трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы трапляе на прайграўшага ва ўсё той жа пары «Лінкольн» – «Карабах». Матчы гэтага раўнду пройдуць 8 і 15 жніўня. «Лудагорац» і «Дынама» Менск свой першы матч правядуць у Балгарыі ў сераду 24 ліпеня. Пачатак а 20-й гадзіне. Гульня ў адказ 31 ліпеня.
Сваіх патэнцыйных супернікаў у Трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі канферэнцый даведаўся і гарадзенскі «Нёман». У выпадку перамогі ў румынскага ЧФР «Клюж», жоўта-зялёныя патрапяць на прайграўшага ў Другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы ў пары з партугальскай «Брагі» і ізраільскага «Маккабі» з Петах-Ціква. Матчы Трэцяга раўнда лігі канферэнцый пройдуць 8 і 15 жніўня.
Тым часам стала вядома, што «Нёман» па старой завядзёнцы ўжо адправіўся з Гародні ў румынскі Клюж на матч з мясцовым «ЧФР» – на аўтобусе. Нагадаем, што ладзіць дальнія еўравыезды на аўтобусе для гарадзенцаў стала ўжо традыцыяй. Гульня адбудзецца ў чацвер 25 ліпеня на стадыёне «Канстанцін Радулэску». Пачатак гульні а 20.30 па беларускім часе. Па агульнаеўрапейскім на гадзіну раней.
Учора прайшлі апошнія гульні групавога этапу ў групе А Чэмпіянату Еўропы па футболе сярод гульцоў 19-гадовага ўзросту і маладзей, які праходзіць у Паўночнай Ірландыі. Так юнакі зборнай Украіны здабылі перамогу над лідарамі групы італьянцамі з лікам 3:2 і выйшлі ў паўфінал турніру. Іх супернік у гэтым двубоі вызначыцца сёння ў апошнім матчы ў групе В Гішпанія – Францыя. Гэты матч адбудзецца ў 20 гадзін па агульнаеўрапейскім часе. Папа Рымскі Францішак заклікаў да перамір’я падчас Алімпіяды-2024 у Парыжы. “Згодна са старажытнай традыцыяй, няхай Алімпійскія гульні стануць магчымасцю ўстанавіць перамір’е ў войнах, дэманструючы шчырую волю да міру”, – сказаў Францішак. Папа падкрэсліў, што спорт валодае “вялікай сацыяльнай сілай, здольнай мірна аб’ядноўваць людзей з розных культур”.
“Спадзяюся, што гэтая падзея можа стаць прыкметай інклюзіўнага свету, які мы хочам пабудаваць, і што спартсмены дзякуючы сваім спартыўным дасягненням могуць стаць пасланнікамі свету і добрым прыкладам для моладзі”, – дадаў Францішак. Папа папрасіў маліцца аб міры. «Не будзем забываць аб пакутніцкай Украіне, Палестыне, Ізраілі, М’янме і многіх іншых краінах, якія знаходзяцца ў стане вайны. Не забывайце, што вайна – гэта параза», – падсумаваў Францішак. Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. А гэта былі ўсе спартовыя навіны на гэты час. Аб развіцці падзей у свеце спорту ў наступных выпусках.
Беларускае Радыё Рацыя