Правядзенне фіналу Кубка Беларусі па футболе перанеслі ў Гародню, хоць пачаткова матч павінен быў прайсці на Нацыянальным стадыёне ў Менску, які будзе змяшчаць 33 000 гледачоў. Адкрыццё якога ўвесь час адкладаецца. Пра гэта стала вядома пасля пасяджэння выканкама АБФФ, якое прайшло ў Доме футбола ў Менску. Сустрэча адбудзецца 24 траўня, час правядзення паядынку стане вядомы пазней. Стадыён планавалі адкрыць да канца 2024 года, але ў сакавіку тэрмін здачы арэны зноў перанеслі — на гэты раз з адкрытай датай. Пры гэтым усе аб’екты вакол стадыёна павінны дабудаваць да 1 кастрычніка 2025 года.
Нагадаем, што за пуцёўку ў фінал працягваюць змаганне чатыры каманды. «Нёман» у першым паўфінальным матчы разграміў «Віцебск» (3:0), а «Тарпеда-БелАЗ» і «МЛ Віцебск» не выявілі пераможцу (0:0). Гульні ў адказ пройдуць 7 і 8 траўня адпаведна.
Беларускі брамнік у складзе сафійскага ЦСКА Фёдар Лапавухаў выйшаў у фінал Кубка Балгарыі па футболе. Учора ён перамог у гульні ў адказ «Чорна Мора» з лікам 2:1. Першая гульня, якую Фёдар згуляў таксама, завяршылася з лікам 0:0. Адзначым, што ва ўчорашнім паядынку Лапавухаў атрымаў папярэджанне і ўводзячы мяч у гульню аддаў перадгалявы пас. Супернік ЦСКА ў фінале вызначыцца сёння ў матчы «Лудагорца» і «Боцева».
Яшчэ адзін беларускі гулец адзначыўся ўчора ў матчы Першай футбольнай лігі Польшчы. Форвард «Котвіцы» з Калобжэга Усевалад Садоўскі стаў аўтарам гола ў браму «Руха» з Хожува. Ён адкрыў лік галам сваёй каманды ў гэтым матчы, а таксама агулам галам за «Котвіцу». Што праўда яна саступіла ўчора 3:4. Нагадаем, што Садоўскі перайшоў месяц таму ў гэтую каманду з казахскага «Ардабасы».
І ў працяг беларускіх навінаў з польскага футбола. Аляксей Шпілеўскі, які апошнія гады працуе на Кіпры і дабіўся з мясцовай камандай добрых поспехаў — адзін з галоўных кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера варшаўскай «Легіі», аднаго з самых тытулаваных футбольных клубаў Польшчы. За які ўжо выступае беларус Ілля Шкурын. Імя беларуса добра вядомае ў Польшчы. Раней «Легія» ўжо выяўляла цікавасць да 37-гадовага спецыяліста, прычым варшаўскі клуб быў не адзіным польскім клубам, які разглядаў Шпілеўскага, — цікавасць выяўлялі таксама «Лех» (Познань) і «Ракаў» (Чэнстахова). Шпілеўскі цяпер трэніруе «Арыс» з кіпрскага Лімасола, з якім ён выйграў чэмпіянат краіны і выступаў у еўракубках. Ягоны кантракт з клубам дзейнічае да 2026 года, аднак бакі ўжо дамовіліся пра тое, што трэнер яго пакіне пасля завяршэння бягучага сезона. Беларускі спецыяліст большую частку жыцця правёў у Германіі, дзе працаваў у сістэме «Штутгарта» і «Рэд Бул» (Ляйпцыг), а таксама трэніраваў каманды ў Беларусі, Казахстане ды Германіі.
Учора прайшлі першыя матчы 1/4 фінала Чэмпіяната Беларусі па баскетболе. І яны прынеслі наступныя вынікі:
Мінск – РЦАП-СДЮШАР – 92:61
Гродна-93 – Гомельскія Рысі – 108:52
Рубон – Імпульс-БДУІР – 104:96 у авертайме.
Барысфен – Гродна-93 ГрДУ – 86:64
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя