BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Протас аддаў 30-ю галявую перадачу ў сезоне НХЛ

Алексей Протас працягвае ўражваць у НХЛ. У апошнім матчы «Вашынгтон» абыграў «Сіэтл» з лікам 4:2, а Протас вызначыўся выніковай перадачай на Марціна Фехервары.

Фота: nhl.com

Гэта стала для беларуса ўжо 30-й галявой перадачай у гэтым сезоне (усяго на рахунку Протаса 55 ачкоў: 25 галоў + 30 перадач). Апошнюю шайбу ў пустую брамку закінуў Аляксандр Авечкін, скараціўшы адставанне ад рэкорду Уэйна Грэцкі да васьмі галоў.

Вадзім Мароз прызнаны найлепшым нападнікам тыдня ў КХЛ

Нападнік менскага «Дынама» Вадзім Мароз стаў найлепшым форвардам 26-га тыдня ў КХЛ. У трох матчах ён набраў пяць балаў (тры галы і дзве перадачы), а яго шайба ў матчы супраць «Лады» стала пераможнай. Мароз таксама здзейсніў два сілавыя прыёмы, заблакаваў чатыры кідкі і зрабіў адзін перахоп. Гэта першае падобнае прызнанне ў кар’еры гульца. Наступны матч «Дынама» правядзе супраць СКА ў Санкт-Пецярбургу.

«Нёман» згуляе з «Віцебскам» у паўфінале Кубка Беларусі

У Менску адбылося лёсаванне паўфінальных пар Кубка Беларусі па футболе. Дзейны ўладальнік трафея — «Нёман» — пазмагаецца за выхад у фінал з «Віцебскам». У другім паўфінале сышліся «Тарпеда-БелАЗ» і «МЛ Віцебск». Дакладныя даты і час правядзення матчаў будуць абвешчаныя пазней. У фінале мінулага сезону «Нёман» перамог «Іслач» з лікам 2:0.

«Рэал» адолеў «Райо Вальекана» дзякуючы галам Мбапэ і Вінісіуса

Мадрыдскі «Рэал» заваяваў важныя тры ачкі ў матчы супраць «Райо Вальекана», перамогшы з лікам 2:1. Галы ў складзе “мадрыдцаў” на рахунку Кіліяна Мбапэ  і Вінісіуса Жуніёра. «Рэал» цяпер займае другое месца ў турнірнай табліцы з 57 ачкамі, саступаючы «Барселоне» толькі па дадатковых паказчыках. «Атлетыка» адстае на адзін бал.

«Арсенал» выратаваўся ў матчы супраць «МЮ», але адставанне ад «Ліверпуля» расце

«Арсенал» пазбег паразы на «Олд Трафард», згуляўшы ўнічыю з «Манчэсцер Юнайтэд» 1:1. Гаспадары выйшлі наперад дзякуючы голу Бруна Фернандэша на 45-й хвіліне, але на 74-й Дэклан Райс аднавіў раўнавагу. У выніку «Арсенал» застаецца на другой пазіцыі з 55 ачкамі, адстаючы ад «Ліверпуля» ўжо на 15 балаў. «МЮ» з 34 ачкамі трымаецца на 14-м месцы. У іншых матчах дня «Тотэнхэм» згуляў унічыю з «Борнмутам» 2:2, а «Чэлсі» абыграў «Лестер» 1:0.

«Мяшкоў Брэст» зноў у гульні за трафей SEHA-лігі

Гандбалісты «Мяшкоў Брэст» зноў працягваюць барацьбу за галоўны трафей SEHA-лігі. У чэрвені берасцейская каманда згуляе ў паўфінале супраць «Зеніта» з Санкт-Пецярбурга, у складзе якога выступаюць восем беларускіх гандбалістаў. Іншы паўфінальны матч адбудзецца паміж «Чэхаўскімі мядзведзямі» і маскоўскім ЦСКА. Пераможцы сустрэнуцца ў фінале, які пройдзе 8 чэрвеня ў Чэхаве.

Рэчкіна заваявала срэбра на міжнародным турніры ў Стамбуле

Беларуская гімнастка Аліна Рэчкіна бліскуча выступіла на міжнародным турніры «Кубак Басфора» ў Турцыі, заняўшы другое месца ў практыкаванні з абручом. Яна саступіла толькі турчанцы Горке Эмір. Рэчкіна таксама атрымала спецыяльны прыз за найлепшае выкананне ад арганізатараў турніру.

Беларускае Радыё Рацыя