У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ “Вашынгтон” у гасцях саступіў “Вініпегу” — 0:3. Беларускі нападнік Аляксей Протас выходзіў на пляцоўку ў першым звяне з Аляксандрам Авечкіным і Хендрыксам Лап’ерам, правёў на лёдзе 14 хвілін 34 секунды, заблакаваў два кідкі супернікаў і зарабіў паказчык карыснасці -2. Усяго ў чэмпіянаце Пратас правёў 62 матчы, набраў 28 (5+23) ачкоў і мае паказчык карыснасці -3.
На “Мінск-Арэне” адбудзецца шосты матч серыі менскага і маскоўскага “Дынама” ў плэй-оф КХЛ
Хакеісты менскага “Дынама” сёння правядуць шосты паядынак супраць маскоўскіх аднаклубнікаў у серыі першага раунда плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Пасля пяці вочных матчаў у супрацьстаянні наперадзе хакеісты з Масквы – 3:2. За 16-гадовую гісторыю выступаў у лізе “зубры” двойчы даходзілі да шостага паядынку ў серыі плей-оф, тыя гульні таксама прымала “Мінск-Арэна”. У 2011 годзе сталічны калектыў перамог “Лакаматыў” 5:3 і перавёў супрацьстаянне ў сёмы матч. А роўна 12 месяцаў таму менскія дынамаўцы сустракаліся з піцерскім СКА, але пацярпелі няўдачу і ў гульні, і ў серыі 2:4. Праз год “зубры” зноў знаходзяцца ў адной паразе ад вылету з сезона, перамога сёння перавязе каманды назад у Маскву на вырашальную бітву.
Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Чарльстане
Беларуская тэнісістка, 97-ы нумар сусветнага рэйтынгу, Аляксандра Сасновіч перапыніла серыю паразаў і прабілася ў 1/8 фіналу турніру WTA-125 у амерыканскім Чарльстане з прызавым фондам 115 тысяч даляраў. У першым раундзе беларуска з вялікай цяжкасцю перайграла ў трохсэтавым паядынку амерыканку Кайлу Дэй – 5:7, 7:5, 6:4. Матч доўжыўся 2 гадзіны 45 хвілін. У гульні 1/8 фіналу суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе бельгійская тэнісістка 81-я ракетка планеты Грэт Мінэн. Першая ракетка свету серб Новак Джокавіч сенсацыйна прайграў 123-й ракетцы свету італьянцу Луку Нардзі — 4:6, 6:3, 3:6 — у 1/16 фіналу прадстаўнічага тэніснага турніру ў Індыян-Уэлсе.
“Чэлсі”, дзякуючы голу Мудрыка, нанёс паразу “Ньюкаслу”
У матчы 28-га тура чэмпіянату Англіі па футболе “Чэлсі” абыграў “Ньюкасл” з лікам 3:2. Пераможны гол запісаў у свой актыў украінскі легіянер гаспадароў Міхаіл Мудрык. “Ньюкасл” з 40 ачкамі займае 10-ы радок у турнірнай табліцы, “Чэлсі” з 39 баламі ідзе 11-м.
У Барселоне і Лондане стануць вядомы чарговыя чвэрцьфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў
Чарговыя ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі вызначацца сёння ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў. У брытанскай сталіцы лонданскі “Арсенал” мае намер узяць рэванш за гасцявую паразу ад партугальскага “Порту” 0:1. Таксама сёння іспанская “Барселона” прыме на алімпійскім стадыёне італьянскі “Напалі”. У першым матчы 1/8 фіналу на полі неапалітанскага клуба супернікі не выявілі пераможцу, згуляўшы ўнічыю – 1:1. На мінулым тыдні ў чвэрцьфінал прабіліся дзейны пераможца галоўнага кантынентальнага турніру англійскі “Манчэстэр Сіці”, самы тытулаваны клуб Старога Свету мадрыдскі “Рэал”, мюнхенская “Баварыя” і французскі “Пары Сэн-Жэрмэн”.
У НАК Беларусі ўшаноўвалі нацыянальную каманду па пляжным футболе
У Нацыянальным алімпійскім камітэце Рэспублікі Беларусь адбылося ўшанаванне нацыянальнай каманды па пляжным футболе, якая заняла чацвёртае месца на чэмпіянаце свету. Планетарнае першынства праходзіла ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах з 15 па 25 лютага. Беларусы ўпершыню ў гісторыі выйшлі ў паўфінал, дзе ў матчы са зборнай Італіі прайгралі ў серыі пасляматчавых пенальці. У матчы за бронзу беларусы саступілі прадстаўнікам Ірана 1:6.
Беларускае Радыё Рацыя