BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Протас дадаў выніковы бал, а “Вашынгтон” перамог “Атаву” ў серыі булітаў

Хакеісты “Вашынгтона” здабылі перамогу ў хатнім матчы супраць “Атавы”, выйграўшы ў серыі булітаў з лікам 5:4. Беларус Аляксей Протас, які гуляў на левым флангу першага звяна побач з Дыланам Стромам і Аляксандрам Авечкіным, адзначыўся галявой перадачай. На 53-й хвіліне “Кэпіталз” скарысталіся хуткай контратакай, а Протас аддаў дакладны пас, які прывёў да гола. У гэтым матчы ён правёў на лёдзе 16 хвілін 28 секунд, зрабіў тры кідкі, атрымаў дзве хвіліны штрафу і неаднаразова дапамагаў атацы. Агулам у гэтым сезоне Протас згуляў 61 матч і набраў 51 (23+28) бал, а яго паказчык карыснасці складае +30. Авечкін у сустрэчы з “Атавай” накіраваў пяць кідкоў у бок брамкі, але не адзначыўся выніковымі дзеяннямі.

Хто прадстаўляе “Нёман” і “Дынама Брэст” у нацыянальнай зборнай?

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос абвясціў склад каманды на кантрольныя матчы супраць Таджыкістана і Азербайджана. Сярод 31 выкліканага футбаліста ёсць прадстаўнікі як гарадзенскага “Нёмана”, так і берасцейскага “Дынама”. З “Нёмана” ў спіс трапіў галкіпер Максім Бялоў, які з мінулага сезону стаў надзейным варыянтам у браме гарадзенскай каманды. Ад “Дынама” Берасце ў зборную запрошаны брамнік Міхаіл Казакевіч, а таксама абаронца Нікіта Сцяпанаў. Зборная Беларусі працягвае актыўна выкарыстоўваць легіянераў: больш за палову футбалістаў гуляюць за мяжой, у тым ліку ў Расеі, Казахстане, Партугаліі, Польшчы, Бельгіі і Грэцыі. Сярод польскіх легіянераў, выкліканых на матчы нападнікі Яўген Шыкаўка з «Кароны» Кельцэ і Герман Баркоўскі з «Пушчы» Непаломіцэ. Першы матч нацыянальная каманда згуляе 20 сакавіка ў Душанбэ супраць Таджыкістана, а 25 сакавіка сустрэнецца з Азербайджанам у Баку.

Беларуская зборная па пляжным футболе правядзе спарынгі з Оманам перад ЧС

Нацыянальная каманда Беларусі працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату свету па пляжным футболе, які стартуе ў траўні. Цяпер зборная знаходзіцца на трэніровачным зборы ў Амане пад кіраўніцтвам іспанскага спецыяліста Карласа Альварада. Падчас гэтага этапу падрыхтоўкі беларускія футбалісты правядуць два кантрольныя матчы супраць зборнай Амана – сустрэчы запланаваны на 8 і 10 сакавіка. У сусветным рэйтынгу Беларусь займае пятае месца, а Аман знаходзіцца на 17-й пазіцыі. Чэмпіянат свету па пляжным футболе адбудзецца на Сейшэльскіх выспах з 1 па 11 траўня. У мінулым годзе беларусы паказалі свой найлепшы вынік на сусветных форумах – чацвёртае месца.

Мадрыдскае дэрбі адкрые стадыю плэй-оф Лігі чэмпіёнаў

Сёння ў Еўропе стартуюць матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў, і галоўная ўвага прыхільнікаў футболу скіраваная на Іспанію. На стадыёне «Санцьяга Бернабэу» «Рэал» прыме «Атлетыка» ў рамках гарачага мадрыдскага дэрбі. Каманды падыходзяць да сустрэчы ў розным настроі: «Атлетыка» на выходных перамог «Атлетык» з Більбао 1:0, а «Рэал» нечакана саступіў «Бетысу» 1:2. Зараз «матраснікі» займаюць другое месца ў Прымеры, апярэджваючы «Рэал», які ідзе трэцім. Таксама сёння «Барусія» Дортмунд сустрэнецца з «Лілем», ПСВ прыме «Арсенал», а «Астан Віла» згуляе з «Бруге». Яшчэ чатыры матчы адбудуцца заўтра, сярод іх супрацьстаянне «Баварыі» і «Баера», «Барселоны» і «Бенфікі» ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя